Гарт
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
«Гарт» — гомельская рэгіянальная грамадзкая арганізацыя, якая з самага пачатку дзейнічае як незалежная няўрадавая арганізацыя, заснаваная моладзьдзю і для моладзі. «Гарт» быў заснаваны напрыканцы 1997 году.
Місія
рэдагавацьГрунтуючыся на прынцыпах дэмакратыі і нацыянальных каштоўнасьцях, «Гарт» ставіць на мэце павышэньне грамадзянскай актыўнасьці моладзі Гомельскай вобласьці шляхам падтрымкі моладзевых ініцыятываў і рэалізацыі культурніцкіх і адукацыйных праграмаў.
Партнэры
рэдагаваць«Гарт» мае партнэрскія стасункі зь беларускімі, украінскімі, расейскімі і польскімі арганізацыямі (Моладзевая ініцыятыва «ВОКА», «Трэці шлях», Фундацыя Рэгіянальных Ініцыятываў, Maidan int., Спілка Украінскай Моладзі, Абарона, Цэнтар Стасункаў Міжнародных).
Дзейнасьць
рэдагавацьЗаснавальнік і першы старшыня «Гарта» Алесь Карніенка здабыў вядомасьць для арганізацыі, дзякуючы вясёлым і запамінальным акцыям. Да прыкладу, 1 сьнежня 1998 году сябры «Гарта» зрабілі падарунак для «калегаў» з БПСМу, прэзэнтаваўшы скрыню з прэзэрватывамі і надпісам «Каб не памнажаліся!».
Ад пачатку свайго існаваньня і да гэтага часу «Гарт» ладзіць культурніцкія вечарыны з удзелам славутых дзеячоў нацыянальнае культуры. Свае аўтографы сябрам «Гарта» і іншым гамельчукам пакінулі пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, барды Алесь Камоцкі, Вальжына Цярэшчанка, Віктар Шалкевіч, Андрэй Мельнікаў, Зьміцер Бартосік, гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» і іншыя.
Моладзевы цэнтар «Гарт» рэалізуе як асобныя акцыі, так і маштабныя праекты.
У 1999 годзе супольна з партнэрскай арганізацыяй з Чарнігава быў зьдзейсьнены праект «Моладзь і выбары». Каля 300 актывістаў моладзевых грамадзкіх арганізацыяў Гомельскай вобласьці і Беларусі мелі магчымасьць даведацца пра ўкраінскі досьвед удзелу ў палітычных выбарах.
У 2000 годзе «Гарт» зарганізаваў «Школу маладых лідэраў», дзе 15 маладых людзей вучыліся эфэктыўнай працы ў грамадзкіх арганізацыях. Большасьць выпускнікоў зараз працуюць у няўрадавых арганізацыях Беларусі і бяруць актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці.
У гэтым жа годзе быў рэалізаваны праект «Рэгіён-2000», пад час якога сябры «Гарта» наведвалі навучальныя ўстановы раённых цэнтраў Гомельскай вобласьці і праводзілі для моладзі трэнінгі па грамадзянскай адукацыі. Відавочным паказчыкам эфэктыўнасьці дзейнасьці «Гарта» стаўся круглы стол моладзевых арганізацыяў Гомельшчыны ў сакавіку 2001 году, калі «Гарт» здолеў сабраць 47 лідэраў розных моладзевых арганізацыяў з Гомеля, Рэчыцы, Шацілавічаў, Мазыра і іншых мястэчак вобласьці. Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да ідэі стварэньня Сеткі моладзевых арганізацыяў Гомельскай вобласьці для абмену інфармацыяй, досьведам і іншымі рэсурсамі, рэалізацыі супольных праграмаў.
2001 год стаўся адным з найбольш пасьпяховых у дзейнасьці «Гарта». Новы кіраўнік арганізацыі Сяргей Адзінец здолеў сабраць вакол сябе каманду з маладых актывістаў, якія зрабілі брэнд «Гарта» прыцягальным ня толькі для моладзі Гомеля, але і для партнэраў у Беларусі і за мяжой.
Гучна і яскрава быў рэалізаваны праект 2001 году — «Выбіраеш Ты!». Тут «Гарт» каардынаваў моладзевую мабілізацыйную кампанію па Гомельскай вобласьці і ў партнэрстве зь іншымі аб’яднаньнямі зладзіў шэраг акцый, скіраваных на прыцягненьне моладзі Гомельскай вобласьці да асэнсаванага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Сярод іх: высадка кветак на клюмбах гарадзкога парку ў форме мабілізацыйных лёзунгаў, канцэрты ў стылі хіп-хоп, панк, блюз, рок і іншых, дыскатэкі, першы на Гомельшчыне фэст графіці, інтэлектуальны турнір «Што? Дзе? Калі?», конкурс КВЗ, спартовыя турніры. Дызайнэры «Гарта» распрацавалі, а валянтэры распаўсюдзілі больш 400 000 асобнікаў друкаванай прадукцыі.
Дзейнасьць арганізацыі не засталася незаўважанай і для мясцовых уладаў, якія вырашылі суцішыць актыўную арганізацыю, канфіскаваўшы большую частку аргтэхнікі і прыцягнуўшы да адміністратыўнай адказнасьці старшыню «Гарта».
Але гэта ня здолела спыніць дзейнасьць арганізацыі.
Да сярэдзіны 2002 году супольна з моладзевай ініцыятывай «Агмень» (Гомель) быў рэалізаваны праект «Разьвіцьцё моладзевага руху ў Гомельскім рэгіёне». На працягу году дзейнасьць ажыцьцяўлялася ў 4-х кірунках: грамадзянская адукацыя моладзі; культурніцкая адукацыя моладзі; адукацыйныя сэмінары для настаўнікаў; падрыхтоўка і выданьне моладзевых малатыражных газэт.
На працягу 2002—2003 гадоў «Гарт» рэалізаваў аднагадовы праект «SMIlik», скіраваны на абарону і прасоўваньне правоў моладзі Гомельскага рэгіёну шляхам падтрымкі ў выданьні і распаўсюдзе 10 незалежных моладзевых малатыражных газэтак. Па выніках праекту падрыхтавана група маладых журналістаў, здольных у далейшым працаваць у штматтыражных сродках масавай інфармацыі; каля 3 тысячаў маладых людзей Гомельшчыны атрымала інфармацыю па моладзевых праблемах і інтарэсах.
У 2003—2004 гадах сябры «Гарта» ўдзельнічалі ў праекце «Наш рэфэрэндум», мэтай якога зьяўлялася мабілізацыя і яркая праява пазыцыі большасьці насельніцтва па пытаньні «трэцяга тэрміну» (супраць яго). У 2004 годзе сябры арганізацыі былі аднымі зь ініцыятараў стварэньня моладзевага руху «Лімон», у межы якога ўваходзіць распаўсюд моладзевых улётак на тэму розных сьмешных праяваў любові да Лукашэнкі і яго асяродзьдзя, што дазваляе рабіць уладу несур’ёзнай і нястрашнай.
Да канца 2005 году стваралася электронная рассылка Homiel Hartnews, якая інфармавала моладзь Гомельскага рэгіёну і Беларусі пра найбольш значныя падзеі грамадзка-палітычнага жыцьця Гомельшчыны.