Валеры Маракоў

беларускі паэт, перакладнік
(Перанакіравана з «Валер Маракоў»)

Валеры Дзьмітрыевіч Маракоў (27 сакавіка [ст. ст. 14 сакавіка] 1909, мяст. Козырава Менскага павету, цяпер у межах Менску — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі паэт, перакладчык. Псэўданімы: В.Армак (разам з А. Мардвілкам); В.Армар (з А. Мардвілкам); В. Бор; Крыптанімы: С. Ш., В. М. (са С. Шушкевічам).

Валеры Маракоў
лац. Valery Marakoŭ
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы В.АрмакА. Мардвілкам); В.Армар (з А. Мардвілкам); В. Бор; Крыптанімы: С.Ш., В.М. (са С. Шушкевічам)
Нарадзіўся 27 сакавіка 1909
Козырава Менскага павету, Расейская імпэрыя
Памёр 29 кастрычніка 1937
Менск, БССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладчык
Мова беларуская мова
Дэбют верш «Раніца» (1925 год)

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 27 (14) сакавіка 1909 ў мястэчку Козырава Менскага павету (цяпер у межах Менску). У гэтым жа годзе быў ахрышчаны ў Сеньніцкай царкве пад Менскам. Бацька — Дзьмітры Маракоў, расеец, маці — Вольга з Майсіевічаў, беларуска. Маці была вельмі адукаванай жанчынай, любіла сьпяваць, асабліва беларускія песьні. Хросным бацькам стаў беларускі паэт Янка Купала[1].

У час 1-й сусьветнай вайны сям’я ў бежанстве ў Мцэнску (Расея) і Ромнах (Украіна). Вярнуліся ў Менск восеньню 1920 году[2]. У 1924 годзе Валеры скончыў 4-ю Менскую ўзорную сямігодку і да канца 1925 году працаваў муляром разам з бацькам. У сьнежні 1925 году быў прызначаны сакратаром рэдакцыі часопісу «Піянэр Беларусі». У канцы 1926 году пэўны час (па запрашэньні А. Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газэце «Чырвоная Полаччына». У 1926 годзе быў прыняты ў літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк», належаў да «другога прызыву» маладнякоўцаў. У гэты ж час быў абраны чальцом рэдкалегіі часопісу «Маладосьць»[3].

У канцы 1927 году па накіраваньні «Маладняка» паступіў у МБПТ, але пасьля двух курсаў быў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзелу газэты «Савецкая Беларусь», дзе працаваў зь перапынкам да канца 1930 году. Да канца 1927 году Маракоў працягваў працаваць сакратаром рэдакцыі часопісу «Піянэр Беларусі»[4]. У красавіку 1931 году паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне МВПІ (скончыў у чэрвені 1934 году). Чалец СП СССР з 1934 году. З 1930 па 1934 год Маракоў працаваў спачатку сакратаром, а потым намесьнікам рэдактара часопісу «Чырвоная Беларусь»[5]. З 1934 году перайшоў у газэту Літаратура і мастацтва, дзе працаваў да студзеня 1935 году[6].

21 сакавіка 1935 году быў арыштаваны органамі бясьпекі. 7 ліпеня справа Маракова была спынена, і пасьля 3 месяцаў знаходжаньня ва ўнутранай турме НКВД паэт быў вызвалены. Паўторна Маракоў быў арыштаваны 6 лістапада 1936 году. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Валерыя Маракова прадугледжвалася «спальваць»[7]. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 году, як «чалец контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да найвышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 красавіка 1957 году. Асабовая справа № 10234-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасьць

рэдагаваць

У чэрвені-кастрычніку 1925 году ў друку пачалі зьяўляцца першыя вершы Маракова, напісаныя ў 1923-25 гг. Першым надрукаваным вершам стаў верш «Раніца», апублікаваны ў газэце «Звязда» ў чэрвені 1925 году[8].

У 1925 годзе паэт занёс у выдавецтва зборнік вершаў «Пялёсткі», і ў 1926 годзе ён быў апублікаваны. Зборнік адразу быў заўважаны, крытыка абвінаваціла 17-гадовага паэта ў вялікім суб’ектывізьме, адсутнасьці грамадзкіх матываў і пэўным пэсымізьме. Восеньню 1927 году пабачыў сьвет другі зборнік вершаў — «На залатым пакосе». Антон Адамовіч у рэцэнзіі на гэты зборнік напісаў, што ў новай кнізе паэт больш увагі аддае тэме жыцьця, чым тэме прыроды. Ён адзначыў, што гэта сьведчыць пра набліжэньне Маракова да жыцьця, у параўнаньні зь першым зборнікам[9].

У 1928 годзе напісаў нізку вершаў «Мая паэма», якая была апублікавана ў 1929 годзе ў часопісе «Полымя», таксама пачаў пісаць паэму «Рабінавая ноч», якую скончыў у 1929 годзе[10].

У 1929 годзе выйшла з друку паэма «Муляр», прысьвечаная Францу Гінтаўту (была напісаная ў 1927-28 гг.)[11].

У 1930 годзе выйшаў трэці паэтычны зборнік «Вяршыні жаданьняў». Многія крытыкі працягвалі заўважаць у творчасьці паэта налёт пэсымізму[12].

У канцы 1933 году выйшаў чацьвёрты зборнік паэзіі «Права на зброю»[13].

Ужо пасьля расстрэлу паэта, у 1959 годзе, выйшла яго кніга «Лірыка» (з пасьляслоўем С. Баркоўскага)[14]. У 1989 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» быў надрукаваны зборнік выбраных вершаў Маракова «Вяршыні жаданьняў: Вершы, паэмы»[15].

Маракоў пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • На залатым пакосе: Вершы. Мн., 1927;
  • Валеры Маракоў. «Чуеш, Беларусь?». Кастусю Каліноўскаму. / рэдакцыйная калегія // Полымя : часопіс літаратуры, палітыкі, эканомікі, гісторыі. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, верасень 1928. — № 7. — С. 101—102.
  • Вяршыні жаданьняў. Паэзія. Мн., 1930;
  • Права на зброю: Вершы. Мн., 1933;
  • Лірыка. Мн., 1959;
  • Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы. Мн., 1989.;
  • Рабінавая ноч: Выбранае. Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пераклады. Мн., 2003.
  1. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 5
  2. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 7
  3. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 15
  4. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 49
  5. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 79
  6. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 106
  7. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  8. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 9
  9. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 21-23
  10. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 63
  11. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 73
  12. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 77
  13. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 100
  14. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 152
  15. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. С. 163

Літаратура

рэдагаваць
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Маракоў Л. У. Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст. — М.: Беларускі кнігазбор, 1999. — 192 с. — ISBN 985-6318-47-5

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць