Быхаўскі замак
Помнік абарончай і грамадзянскай архітэктуры | |
Быхаўскі замак
| |
Рэканструкцыя аўтэнтычнага выгляду
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Быхаў |
Каардынаты | 53°31′5.28″ пн. ш. 30°15′31.90″ у. д. / 53.5181333° пн. ш. 30.2588611° у. д.Каардынаты: 53°31′5.28″ пн. ш. 30°15′31.90″ у. д. / 53.5181333° пн. ш. 30.2588611° у. д. |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Статус | Ахоўная зона |
Быхаўскі замак | |
Быхаўскі замак на Вікісховішчы |
Быхаўскі замак — помнік архітэктуры XVII ст. у Быхаве. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне места, на высокім правым беразе Дняпра[a]. Уваходзіў у сыстэму мескіх умацаваньняў. Твор архітэктуры барока і рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьДа 1590 году на месцы мураванага замка існавалі драўляна-земляныя ўмацаваньні — колцавы вал, драўляныя сьцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязная брама. У 1590 годзе яны вытрымалі напад загону «нізавых казакоў» данскога гетмана Мацюшы Федаровіча, якія, «наехавши гвалтовне…, шкоды немалые… починили». У варотах брамы і ў драўляных сьценах засталіся «есьмо куль и стрел немало».
Тады ж уладальнік Быхава гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч атрымаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы грамату на пабудову замест старых драўляных новых мураваных замкавых умацаваньняў. Будаваньне вялося ў 1610—1619 гадох і завяршылася ўжо за Львом Сапегам, да якога места перайшло ў 1628 годзе.
Быхаў атрымаў магутную бастыённую фартыфікацыю. Паўколам замак атачаўся 800-мэтровым валам з бастыёнамі, равэлінамі ды равамі. Фартэцыя была ядром абароны места. З усходу Быхаў меў натуральную перашкоду для ворагаў — Дняпро, з астатніх трох бакоў яго атачалі глыбокія і шырокія (22—27 м) равы. Вакол дзядзінца месьціліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку комплекс мураванага палацавага ансамблю. На ніжнім паверсе палаца знаходзіліся розныя службы, на верхнім — пакоі і сталовая заля.
У замку бесьперапынна знаходзілася значная вайсковая залога, якая падпадаркоўвалася мясцоваму адміністратару — «губэрнатару», а таксама вялікая колькасьць пальнай зброі і амуніцыі. На патрэбу абароны працавала адмысловая людвісарня, дзе кваліфікаваныя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і гранаты. Тутэйшая зброя і мэталічныя дасьпехі карысталіся вялікім попытам на Літве і за яе межамі. Паводле зьвестак за 1692 год, у цэйхгаўзе Быхаўскага замка захоўвалася наступная зброя: 34 гарматы (шротаўніцы, палявыя марціры, шматствольныя арганы), 32 «сьвіньні» волава, салетра, ядры, картузныя набоі для 3-, 4-, б- і 10-фунтовых гарматаў, артылерыйскія і ручныя гранаты (апошнія трох тыпаў: жалезныя, драўляныя і шкляныя). Сярод іншай зброі — 1200 мушкетаў, 8 арганаў, 38 гакаўніцаў, старасьвецкі аркебуз, 50 параў «блях гусарскіх», косы «проста насаджаныя», формы для адліўкі ядраў, жалезныя пікі, а таксама харугвы[1].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Быхаўскім умацаваньням прыйшлося нялёгка. З жніўня 1654 году на працягу 11 месяцаў яго беспасьпяхова трымалі ў аблозе казацкія загоны Залатарэнкі і 11 палкоў маскоўскага войска на чале з ваяводам Трубяцкім. Толькі ў пачатку 1657 году па 18-месячнай аблозе маскоўскія захопнікі з казакамі Нячая штурмам узялі замак. Па пераходзе Нячая на бок Рэчы Паспалітай з 14 траўня 1659 году фартэцыю штурмавалі ўжо групоўкі карных аддзелаў Лабанава-Растоўскага і Зьмеева. У ходзе гэтай аблогі места моцна пацярпела, а ў замку выбухнуў арсэнал.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) да разбурэньня замка прычыніліся войскі маскоўскага гаспадара Пятра I. На працягу сямі зь лішнім гадоў у месьце знаходзіўся расейскі гарнізон. Пры яго адступленьні прыводзіліся ў непрыдатны стан брамы, зьнішчаліся бастыёны. Празь некаторы час Сапегі аднавілі ўмацаваньні, артылерыйскі парк зноўку папоўніўся новымі прыладамі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Быхаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачалося паступовае разбурэньне замка.
Найноўшы час
рэдагавацьЗа савецкім часам на тэрыторыі замка знаходзіўся мэблевы цэх. У жніўні 2004 году ў замку адбыўся пажар, які моцна пашкодзіў дах. Абвалілася адна зь сьценаў.
У 2010-я гады пачалася рэстаўрацыі замка. Прыблізны яе каштарыс ацэньваецца ў Br100 млрд (каля 12 млн даляраў)[2]. Да 1 верасьня 2013 году, калі ў Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, замак часткова аднавілі. На 2013 год на аднаўленьне вежаў, упарадкаваньне тэрыторыі і кансэрвацыю фрагмэнтаў замка дзяржава выдаткавала каля Br.7 млрд. Фінансаваньне паступала з рэспубліканскага (900 млн.), абласнога (5 млрд.) і мясцовага (1 млрд.) бюджэтаў[3]. Таксама існуе дабрачынны рахунак дзеля ахвяраваньняў грамадзян. На пачатак сакавіка 2013 году было сабрана Br.60 млн[4]. У замку вядуцца археалягічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка.
Як мяркуецца, у адноўленым замку разьмесьціцца экспазыцыя мясцовага краязнаўчага музэю, раённая бібліятэка і выстаўныя залі, а ва ўнутраным двары будзе працаваць канцэртная пляцоўка пад адкрытым небам[5].
Архітэктура
рэдагавацьПомнік архітэктуры барока з асобнымі элемэнтамі рэнэсансу і абарончага дойлідзтва. Комплекс складаўся зь некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў пляне няправільныя чатырохкутнікі памерамі 75×70 м. З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мурам з выхадам на гарадзкі вал. З заходняга боку замкавага комплексу, павернутага да Рынку, былі кашары. У сярэдняй частцы знаходзілася ўязная брама з пад’ёмным мастом, паабапал якой разьмяшчаліся 8-гранныя абарончыя вежы. На поўдзень ад вежы цягнуўся мур, пазьней заменены драўлянымі карпусамі. За імі разьмяшчаўся мураваны 2-павярховы службовы корпус, які далучаўся да палаца. Выцягнуты будынак самога палаца галоўным падоўжным фасадам арыентаваўся на ўсход, да Дняпра, быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам, вышынёй амаль роўным двум паверхам. Да сярэдзіны ўсходняга і тарцовага паўднёвага фасадаў палаца далучаюцца гранёныя вежы, якія раней былі 5-яруснымі і завяршаліся 2-яруснымі купаламі–банькамі (уплыў архітэктуры нідэрляндзкага рэнэсансу). Фасад палаца, павернуты да двара, афармляла 2-ярусная аркавая галерэя з уваходамі ўва ўнутраныя памяшканьні. Аркада першага паверху была мураванай з крыжовымі скляпеньнямі, на другім паверсе галерэя была драўлянай. Пад будынкам разьмяшчаюцца вялікія скляпеністыя сутарэньні.
Да нашага часу не захаваліся многія элемэнты дэкору будынкаў, завяршэньні вежаў, першапачатковы ўнутраны плян будынкаў.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
1781 г.
-
1781 г.
-
1781 г.
-
1840 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
М. Астанковіч, 1905 г.
-
М. Астанковіч, 1905 г.
-
1911 г.
-
1911 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1941—1943 гг.
-
1941—1944 гг.
-
1941—1944 гг.
-
1941—1944 гг.
-
1943—1944 гг.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Агульны выгляд
-
Агульны выгляд
-
Замкавая вежа
-
Усярэдзіне
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Кастрычніцкая, 1А
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ткачоў М. Быхаўскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 360.
- ^ Быхаўскі замак разбураецца: няма грошай Радыё Свабода
- ^ Быховский замок будет частично восстановлен к 1 сентября TUT.BY
- ^ В восстановление замков Беларуси инвесторы вкладывают деньги не активно TUT.BY
- ^ Кулягін С. (29 кастрычніка 2012) На восстановление Быховского замка в 2013 году будет выделено Вr1,5 млрд. (рас.) БелТА
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 512Г000153 |
- Быхаўскі замак , Radzima.org
- Быхаўскі замак і сынагога, Skyscrapercity.com
- Спроба графічнай рэканструкцыі Быхаўскага замка