Брагуі (мова)
Бра́гуі (саманазва: براہوی, трансьл. brāhvī) — мова дравідыйскае сям’і моваў, распаўсюджаная на захадзе Пакістану, а таксама крайніх поўдні й паўднёвым усходзе Аўганістану ды Ірану сярод народу брагуі; пашыраная таксама сярод прадстаўнікоў дыяспары ў Катары, ААЭ, Іраку й Туркмэністане. Тэрыторыі захаду Пакістану, поўдня Аўганістану й крайняга паўднёвага ўсходу Ірану, дзе распаўсюджаная мова, складаюць гістарычны рэгіён Бэлуджыстан.
Брагуі | |
براہوی | |
Ужываецца ў | Пакістане, Аўганістане, Іране |
---|---|
Рэгіён | Бэлуджыстан |
Колькасьць карыстальнікаў |
|
Клясыфікацыя | Дравідыйская сям’я
|
Афіцыйны статус | |
Рэгулюецца | Радай мовы брагуі |
Статус: | 5 Разьвіваецца[d][1] |
Пісьмо | пэрса-арабскае пісьмо[d] і Brolikva[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-2(Т) | brh |
ISO 639-3 | brh |
Арэал мовы брагуі ізаляваны ад асноўнага масіву астатніх дравідыйскіх моваў, будучы аддаленым ад яго на больш за 1500 км (гл. мапу)[2]. Носьбіты мовы складаюць большасьць ад насельніцтва ў акругах Калат й Мастунг пакістанскае правінцыі Бэлуджыстан (ня блытаць з аднайменным гістарычным рэгіёнам).
Клясыфікацыя
рэдагавацьМова брагуі разам з мовамі малто й курух утварае паўночную галіну ў складзе дравідыйскае моўнае сям’і.
Лінгвагеаграфія
рэдагавацьМова брагуі ў асноўным распаўсюджаная ў цэнтральных частках пакістанскае правінцыі Бэлуджыстан, пераважна ў ейных акругах Калат і Мастунг, некаторая колькасьць носьбітаў таксама прысутнічае ў суседніх раёнах правінцыі, Аўганістану й Ірану. Мова таксама прадстаўленая сярод прадстаўнікоў дыяспары брагуі.
Лінгвістычны даведнік Ethnologue, засноўваючыся на інфармацыі 2011 году, указвае колькасьць носьбітаў мовы прыкладна ў 4 220 000 чал., зь якіх каля 4 млн пражываюць у Пакістане[3]. Вялікая частка этнічных брагуі перайшла ў выкарыстаньні на іншыя мовы[2]. Усталяваньне колькасьці носьбітаў мовы часта ўскладняецца тым, што этнічныя брагуі часта кантактуюць з этнічнымі бэлуджамі, валодаюць бэлудзкай мовай і нярэдка называюць сябе бэлуджамі.
Лінгвістычная характарыстыка
рэдагавацьМарфалёгія
рэдагавацьУ мове брагуі захоўваюцца ўсе асноўныя рысы граматычнае структуры дравідыйскіх моваў.
Словаўтварэньне й словазьмена мае аглютынацыйна-суфіксальны характар. Імя зьяняецца паводле двух лікаў і 11 склонаў, граматычны род страчаны ў дзеясловаў і імені. У загадным ладзе адрозьніваецца толькі лік, у астатніх — таксама асоба. Час выражаецца сынтэтычна, у патэнцыйным і абвесных ладах могуць існаваць два і пяць лікі адпаведна, ва ўмоўным ладзе час не адрозьніваецца.
Кожнай асабістай форме дзеяслову адпавядае адмоўная, утвораная сынтэтычным шляхам.
Сынтаксіс
рэдагавацьКанструкцыя сказу намінатыўная, пераважае парадак словаў паводле схемы суб’ект-аб’ект-прэдыкат.
Лексыка
рэдагавацьЛексыка брагуі багатая на запазычваньні з іранскіх (бэлудзкая, пэрсыдзкая), індаарыйскіх (сырайкі, сындгі, урду, панджабі) і арабскай. Парадкавыя лічэбнікі «адзін», «два», «тры», асабістыя й указальныя займеньнікі, утвораныя ад іх словы й большасьць дзеясловаў маюць дравідыйскае паходжаньне.
Дыялекталёгія
рэдагавацьУ мове вылучаецца тры дыялекты: джгараванскі, сараванскі й калацкі, зь якіх апошні пакладзены ў аснову літаратурнае мовы[3].
Пісьмовасьць
рэдагавацьМова працяглы час ня мела ўласнае пісьмовасьці, з другой паловы XVII ст. выкарыстоўваецца графіка мовы ўрду, вытворная ад арабскага пісьма. Брагуі зьяўляецца адзінай дравідыйскай мовай, пісьмовасьць якой не заснаваная на пісьме на аснове старажытнаіндыйскага пісьма брагмі.
Існуе таксама праект лацінскага альфабэту, які быў распрацаваны Радай мовы брагуі пры Ўнівэрсытэце Бэлуджыстану й вядомы як Brolikva[4]. Асноўным выданьнем, якое ўвяло ва ўжытак лацінскі альфабэт, стала газэта Haftaí Talár, якая зьяўляецца першым пэрыядычным выданьнем на брагуі.
Першы аргыінальны твор на брагуі — Тагват-ул-Аджаіб (бел. дары цудаў) Маліка Дада, апублікаваная ў Калацкім ханстве ў другой палове XVIII ст. Традыцыя кнігадруку перапынялася й узнаўлялася толькі ў 1870-я гг. У адміністрацыйным цэнтры правінцыі Бэлуджыстану горадзе Квэта з 1970-х гг. працуе Акадэмія брагуі, якая публікуе фальклёрныя запісы, сачыненьні паэтаў і празаікаў. Мова вывучаецца ва Ўнівэрсытэце Бэлуджыстану ў Квэце.
У 2000-я гады для брагуі Аўганістану быў распрацаваны ўнармаваны альфабэт на арабскай аснове[5]:
- ا أ ء ب پ ت ٹ ث ج چ ح خ د ڈ ذ ر ڑ ز ژ س ش ص ض ط ظ ع غ ف ق ک گ ل ڷ م ن ں و ٶ ه ة ى ے
У 2008 годзе распрацаваны лацінскі альфабэт для брагуі Пакістану (гл. вышэй):
- b á p í s y ş v x e z ź ģ f ú m n l g c t ŧ r ŕ d o đ h j k a i u ń ļ
Гісторыя
рэдагавацьІснуюць розныя гіпотэзы паходжаньня этнасу брагуі.
Параўнальна распаўсюджанай вэрсіяй у гістарыяграфіі й лінгвістыцы зьяўляецца гіпотэза, паводле якой брагуі ўяўляюць сабою неасыміляваныя рэшткі даіндаэўрапейскага дравідыйскага насельніцтва, арэал якога быў у вялікай ступені скарочаны па ўварваньні індаэўрапейцаў і які захаваўся толькі на поўдні Індыі. Супраць падобнага пункту гледжаньня выступаюць іншыя дасьледчыкі, якія мяркуюць, што брагуі — нашчадкі дравідыйскага насельніцтва, якое мігравала ў Бэлуджыстан з поўдня Індыі ўжо ў гістарычны пэрыяд пасьля пачатку ХІ ст. н.э., міграцыя брагуі ў рэгіён можа адносіцца нават на ХІІІ—XIV стст.[6]
На карысьць апошніх гіпотэзаў сьведчаць адсутнасьць у мове брагуі старажытнаіранскіх запазычваньняў (напрыклад, з авэстыйскае мовы) і наяўнасьць у брагуі лексыкі іншай іранскай мовы, бэлудзкай, носьбіты якой мігравалі ў гэты ж рэгіён каля ХІ ст.[7][8]
Мова адлюстроўвае вялікую ступень лексычнага ўплыву з боку навакольных іранскіх моваў індаэўрапейскае сям’і, асабліва бэлудзкай[9].
Згодна са зьвесткамі ЮНЭСКО на 2009 год мова брагуі належала да адных з 27 моваў Пакістану, выкарыстаньне якіх знаходзіцца пад пагрозай. Паводле клясыфікатару арганізацыі, існуе пяць узроўняў захаванасьці моваў, што маюць патэнцыйную пагрозу зьнікненьня, зь якіх брагуі была аднесеная да «загрожанага» — найменшага ўзроўню небясьпекі страты мовы[10].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ а б Parkin, Robert. 32 // Some comments on Brahui kinship terminology. — Indo-Iranian Journal. — 1989 Т. 1. — С. 37.
- ^ а б Brahui | Ethnologue
- ^ Brahui language board
- ^ Computer Locale Requirements for Afghanistan (анг.). Afghan Transitional Islamic Administration Ministry of Communications. United Nations Development Programme (2003). Праверана 15 траўня 2014 г.
- ^ Sergent, Bernard. Genèse de l'Inde. — Bibliothèque scientifique. — Payot, 1997. — ISBN 9782228891165
- ^ Witzel, Michael. The Languages of Harappa / Kenoyer, Jonathan Mark. — Proceedings of the Conference on the Indus Civilisation. — Wisconsin: Madison, 1998.
- ^ Elfenbein, J. H. 16 // A Periplus of the 'Brahui Problem. — Studia Iranica. — 1987 Т. 2. — С. 215-233.
- ^ Emeneau, Murray B. 16 // Bilingualism and structural borrowing. — Proceedings of the American Philosophical Society. — 1962 Т. 5. — С. 430-442.
- ^ Moseley, Christopher, ed. Interactive Atlas of the World's Languages in Danger. — UNESCO, 2009.
Літаратура
рэдагаваць- Андронов М. С. Язык брауи. — М.: Наука (ГРВЛ), 1971. — 152 с. — (Языки народов Азии и Африки).
- Bray D.S. The Brahui language. Pt 1: Introductions and Grammar. — Calcutta, Pts 2-3: The Brahui problem and Etymological vocabulary. Delhi, 1934: 1909.
- Emeneau M.B. 8/4 // Phonetic observation on Brahui. — Bulletin of the School if Oriental Studies. — 1937.
- Kamil-al-Qadri S.M. 1/1 // All about Brahui. — International Journal of Dravidian Linguistics. — 1972.
- Rossi A.V. Iranian lexical elements in Brahui. — Naples: 1979.
- Andronov M.S. A grammar of the Brahui language in comparative treatment. — München: 2001.
- idem. Historico-comparative notes on the Dravidian heritage of Brahui // Indian Linguistics. 2002. Vol. 63.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію брагуі мовай |
- Ангельска-брагуі слоўнік (анг.), ijunoon.com
- Allâh Baksh. Handbook of the Birouhi language. — 1877.
- Інфармацыя пра мову (анг.), UCLA Language Materials Project
- Інфармацыя пра мову (анг.), Encyclopædia Britannica