Бо́жадары[1] (з 1964 году — Бяро́заўшчына[2]) — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 5 км на поўнач ад Іканаў і шашы Р3. Божадары ўваходзяць у склад Іканскага сельсавету.

Божадары
трансьліт. Božadary
Першыя згадкі: XIX стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Іканскі
Вышыня: 190 м н. у. м.
Насельніцтва: 6 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222135
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°31′40.0″ пн. ш. 28°13′42.8″ у. д. / 54.527778° пн. ш. 28.228556° у. д. / 54.527778; 28.228556Каардынаты: 54°31′40.0″ пн. ш. 28°13′42.8″ у. д. / 54.527778° пн. ш. 28.228556° у. д. / 54.527778; 28.228556
Божадары на мапе Беларусі ±
Божадары
Божадары
Божадары
Божадары
Божадары
Божадары

Божадары — менавіта так старэйшыя жыхары называюць сваю вёску (з націскам на другое «а»).

20 ліпеня 1964 году вёска Божадары была перайменавана ў Бярозаўшчыну. Але, як і амаль паўсюдна, сярод мясцовых людзей па сёньняшні час у гутарцы перавага аддаецца гістарычнай назьве. Можна прывесьці і такі выпадак. Па словах асобных жыхароў суседняй вёскі Ўсохі, яны даведаліся пра перайменаваньне вёскі Божадары толькі гадоў праз 20 пасьля таго, калі гэта мела месца. Прычым толькі дзякуючы таму, што на дарозе зь Іканаў у Броды на павароце на яе быў усталяваны ўказальнік шляху да вёскі зь яе новай назвай.

Перайменаваньне вёскі Божадары нічога ёй не прынесла, але пазбавіла вельмі калярытнай назвы.

Гісторыя

рэдагаваць

Заснаваньне, паходжаньне назвы

рэдагаваць

Наконт паходжаньня вёскі і яе назвы старыя людзі кажуць так. Калісьці жыхароў з тамтэйшых навакольляў за нешта паслалі ў ссылку ў Сыбір. Праз пэўны час двое зь іх дзяцей (ці іншыя родзічы) змаглі вярнуцца на радзіму. На месца, дзе цяпер знаходзіцца вёска, была паляна, на якой яны і пасяліліся. Пасьля ссылкі ім тут здалося так добра, што пасяленьне і назвалі Божадары.

Дакумэнты сьведчаць

рэдагаваць

Верагодна, што паданьне пра паходжаньне назвы вёскі грунтуецца на рэальных падзеях. Аднак пісьмовых сьведчаньняў, якія б пацьвярджалі або аправяргалі гэта, няма. Вёска Божадары заўсёды была невялікай. Таму пісьмовых зьвестак пра яе мінуўшчыну практычна не захавалася.

Яшчэ ў першай палове ХІХ стагодзьдзя Божадары на тутэйшых мапах не адзначалася (што, аднак, не дае падставы ўпэўнена сьцьвярджаць, што яна ў гэты час не існавала). У 60-х гадах ХІХ стагодзьдзя яна на мапах ужо ёсьць. Такім чынам, тыя, хто, згодна паданьня, былі адпраўлены ў ссылку, маглі, быць, напрыклад, удзельнікамі паўстаньня 1831 году.

У 1870 годзе ў Божадарах жыло 32 чалавекі. Яны ўваходзілі ў Клюндзеўскае сельскае таварыства. Тамтэйшыя ж землі адносіліся да маёнтку Бачызмальскіх у Смалярах. У 1890 годзе ў Божадарах было ўсяго 6 сялянскіх гаспадарак.

Што было, што ёсьць

рэдагаваць

У Божадарах ніколі не было ні цэркваў, ні капліц. На выезьдзе зь вёскі ў кірунку да Князь-каменя раней заўсёды ставілі крыж.

Насельніцтва Божадараў на працягу ХХ стагодзьдзя зьмянялася мала. У найлепшыя часы ў вёсцы было 33 двары (перад і пасьля вайны). Да вайны тут была нават свая школа. Цяпер вёска зьяўляецца зусім маленькай. Пастаянных жыхароў у ёй усяго тры. Акрамя таго, у шэраг хат на лета прыяжджаюць нашчадкі былых жыхароў вёскі.

Адметнасьцю Божадараў зьяўляецца тое, што ў іх людзі ніколі не карысталіся і не карыстаюцца цяпер студнямі. Для піцьця і іншых патрэбаў тут па сёньняшні час бяруць ваду з рэчкі Сьцюдзёнка, якая працякае празь вёску. Прычым студні пры калгасе спрабавалі капаць. Аднак вада ў іх была значна горшая, чым у рэчцы. Таму яны так і засталіся незапатрабаванымі.

Насельніцтва

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1870 год — 32 жыхары; 1890 год — 6 двароў
  • XX стагодзьдзе: 1999 год — 18 жыхароў
  • XXI стагодзьдзе: 2007 год — 3 жыхары; 2010 год — 6 жыхароў

Геаграфія

рэдагаваць

З даўніх часоў да нас дайшлі назвы ўрочышчаў у навакольлях вёскі. Гэта: Мох, Лібахоўка (былы сенакос), Трасьцяніца (месца, дзе была аднайменная вёска), Пярэчкі (палоска лесу паміж палямі) і іншыя.

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 88
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 72

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць