Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя
Белару́ская рэвалюцы́йная арганіза́цыя (БРА), Беларуская рэвалюцыйная партыя, Беларуская камуністычная партыя — нелегальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя нацыянальна-вызваленчага характару ў Заходняй Беларусі ў 1922—1923 гадах. Вылучылася ў пачатку 1922 году зь левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і ў ліпені 1922 году аформілася ў самастойную арганізацыю.
У шэрагу дакумэнтаў называлася Беларуская рэвалюцыйная партыя, Беларуская камуністычная партыя. Тэрытарыяльныя арганізацыі БРА існавалі ў Вільні, Наваградку, Пружанах, Баранавічах, Слоніме, Нясьвіжы, Нова-Сьвянцянску, Лідзе, Валожыне, Сьвіслачы, Ваўкавыску і аб’ядноўвалі каля 300 чальцоў (1923). Мела некалькі соцень спачуваючых, арганізаваных у групы. У ЦК БРА ўваходзілі П. Корчык (І. К. Лагіновіч), А. У. Канчэўскі, Л. І. Родзевіч (А. Сталевіч), А. Р. Капуцкі. Друкаваны орган — газэта «Наш сьцяг».
БРА стаяла на пазыцыях клясавай барацьбы, падтрымлівала дыктатуру пралетарыяту, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне працоўных, узьяднаньне Заходняй Беларусі з БССР. Мела ўплыў на сялянаў, лесарубаў, рабочых лесапільных заводаў, рэвалюцыйна настроеную беларускую інтэлігенцыю, якая ў свой час актыўна ўдзельнічала ў кастрычніцкім перавароце і грамадзянскай вайне. На палітычнае аблічча БРА вялікі ўплыў рабілі посьпехі ў гаспадарчым і культурным разьвіцьці Савецкай Беларусі. 3 самага пачатку сваёй дзейнасьці БРА наладзіла цесную сувязь з камуністамі Вільні, знаходзілася ў пастаянным кантакце з ЦК Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КПРП). Сваёй праграмы ня мела, цалкам прытрымлівалася пастаноў II зьезда КПРП (1923).
Кіраўнікі і чальцы БРА прымалі актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі ў польскі сэйм у 1922 годзе, вялі агітацыю за кандыдатаў у дэпутаты ад Кампартыі, праводзілі сходы і мітынгі, перакладалі на беларускую мову і распаўсюджвалі выбарчую літаратуру. БРА арганізавала 15 мясцовых выбарчых камітэтаў, якія пасьля выбараў сталі выконваць функцыі сакратарыяту Беларускага пасольскага клюбу ў сэйме. Пасьля ўтварэньня ў кастрычніку 1923 Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) кантакты паміж ЦК БРА і ЦК КПЗБ узмацніліся. Напрыканцы 1923 адбыўся шэраг сустрэч і сумесных пасяджэньняў чальцоў ЦК КПЗБ С. Т. Мілера, С. А. Дубовіка і сакратара Віленскага акруговага камітэта КПЗБ А. Буксгорна з кіраўнікамі БРА П. Корчыкам, Канчэўскім, Родзевічам, на якіх абмяркоўвалася палітыка Кампартыі і адносіны да яе БРА. Ад ЦК КПРП у гэтых сустрэчах удзельнічаў Станіслаў Мэртэнс.
Прызнаўшы асноўныя праграмныя і тактычныя прынцыпы Камуністычнай партыі, БРА на краявой канфэрэнцыі 30 сьнежня 1923 году ў Вільні пастанавіла пра самароспуск і ўваходжаньне ў КПЗБ. У склад ЦК КПЗБ ад БРА кааптаваны П. Корчык, Канчэўскі, Капуцкі і Родзевіч. Прыняцьце БРА ў склад КПЗБ зацьверджана ЦК КПЗБ і ЦК КПРП.
Пра значэньне ўваходжаньня БРА ў КПЗБ сьведчыць тое, што ў складзе ЦК КПЗБ да гэтага часу не было ніводнага чалавека, які б свабодна валодаў беларускай мовай, ведаў жыцьцё сялянаў, гісторыю Беларусі. На думку П. Корчыка, які ацэньваў абьяднаньне КПЗБ з БРА, «КПЗБ перастала быць арганізацыяй Беластоку і Вільні, а стала сапраўды масавай партыяй, якая арганізуе шырокія пласты беларускага сялянства на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі».
Літаратура
рэдагаваць- Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Документы и материалы / Институт истории партии при ЦК КПБ—филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС и др.; Сост.: В. Н. Жигалов, Л. П. Климантова, Т. Д. Либеровская и др.; Редкол.: В. И. Гурский и др. Т. 1: (1921—1929 гг.). — Мн.: Государственное издательство БССР., Редакция социально-экономической литературы, 1962. — 620 с.
- Дзяшко, І. Ф. Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя / І. Ф. Дзяшко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 399—400.
- Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921―1939 гг.) / [А. Н. Мацко и др.]; Институт истории партии при ЦК КПБ — филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1966. — 401, [2] с., [8] л. ил.