Банк Альбаніі

галоўны банк Альбаніі, заснаваны ў верасьні 1925 году ў Дурэсе ў якасьці Нацыянальнага банку Альбаніі

Каардынаты: 41°19′39″ пн. ш. 19°49′0″ у. д. / 41.3275° пн. ш. 19.81667° у. д. / 41.3275; 19.81667

Банк Альбаніі — галоўны банк Альбаніі, заснаваны ў верасьні 1925 году ў Дурэсе ў якасьці Нацыянальнага банку Альбаніі.

Банк Альбаніі
альб. Banka e Shqipërisë

Лягатып
Дата ўтварэньня 2 верасьня 1925 (99 гадоў таму)
Тып банк
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта падтрыманьне ўстойлівасьці цэнаў
Штаб-кватэра Тырана, пл. Скандэрбэга, д. 1
Месцазнаходжаньне Альбанія
Дзейнічае ў рэгіёнах Бэрат, Гіракастра, Корча, Люшня, Шкодэр, Эльбасан
Афіцыйныя мовы альбанская
Старшыня Гент Сейко
Намесьніца Люльета Мінджозі[1]
Кіроўны орган Наглядальная рада
Матчына кампанія Сход Альбаніі
Сайт bankofalbania.org
Колішняя назва Нацыянальны банк Альбаніі (да 13 студзеня 1945 г.), Дзяржаўны банк Альбаніі (да 22 красавіка 1992 г.)

Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «Банк Альбаніі мае быць дзяржаўнай юрыдычнай асобай з галаўной сядзібай у Тыране», дзе той месьціцца з 1945 году. Паводле 2-га артыкула Закону, «Банк Альбаніі падсправаздачны Народнаму сходу Рэспублікі Альбанія». Паводле 8-га артыкула, «калі вартасьць сродкаў на балянсе Банку Альбаніі падае ніжэй за суму яго абавязкаў і аплачанага капіталу, міністар скарбу мае перадаць Банку Альбаніі абарачальныя ўрадавыя каштоўныя паперы з рынкавай адсоткавай стаўкай у колькасьці, патрэбнай для пакрыцьця нястачы»[2]. Паводле 3-га артыкула Статуту 2015 году, «капітал Банку складае 2,5 альбанскіх лекаў»[3] ($227,4 тыс. на 2019 год). На 2019 год Банк Альбаніі меў уласны Асяродак выпуску грошай, Дасьледча-навучальны асяродак у Бэраце і 5 аддзяленьняў Гіракастры, Корчы, Люшні, Шкодэры і Эльбасане. Управа Банку ў Тыране налічвала 14 аддзелаў: 1) аплатных сыстэмаў, рахункаводзтва і фінансаў, 2) аўдыту, 3) бясьпекі і аховы, 4) выпуску, 5) грашовай палітыкі, 6) грашовых апэрацыяў, 7) дасьледчы, 8) інфармацыйнай тэхналёгіі, 9) кадраў, 10) кіраваньня, 11) нагляду, 12) прававы, 13) фінансавай статыстыкі, 14) фінансавай устойлівасьці[4].

Кіраваньне

рэдагаваць

Паводле 161-га артыкула Канстытуцыі Альбаніі 1998 году, «Банкам Альбаніі кіруе Рада, якую ўзначальвае старшыня. Старшыню абірае Сход на прапанову прэзыдэнта Рэспублікі на 7 гадоў з правам перавыбраньня»[5]. Паводле 41-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, дзейнасьцю Банка загадвае Наглядальная рада. Яго кіраўніцтва складаецца са старшыні, яго 2 намесьнікаў і ўправы»[2].

  • Наглядальная рада. Налічвала 9 сябраў, сярод якіх былі старшыня і яго 2 намесьнікі. Зь іх Народны сход Альбаніі абіраў 5 сябраў на ўласны разгляд, 3 — на прапанову Савету міністраў Альбаніі і аднаго — на прапанову Наглядальнай рады Банку Альбаніі. Тэрмін паўнамоцтваў кожнага сябра складаў 7 гадоў. Штомесяц прымала справаздачу старшыні і яго намесьнікаў пра грашовую палітыку, надзейнасьць камэрцыйных банкаў, стан рынкаў валюты і капіталу.
  • Галоўны інспэктар. Прызначаецца Народным сходам Альбаніі на 5 гадоў. Узначальвае аддзел аўдыту ў Банку і прапануе аўдытараў[2].

Паўнамоцтвы

рэдагаваць

Паводле 161-га артыкула Канстытуцыі Альбаніі 1998 году, Банк Альбаніі «мае выключнае права на выпуск і абарачэньне альбанскай валюты, ажыцьцяўляць грашовую палітыку незалежна, а таксама падтрымліваць валютны запас Рэспублікі Альбанія і кіраваць ім»[5]. Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «Банк Альбаніі мае валодаць здольнасьцю: а) уступаць у дамову; б) выдаваць правілы і заканадаўства», в) «трымаць, уладкоўваць і набываць маёмасьць», г) «гандляваць каштоўнымі паперамі, разьмяркоўваць іх за кошт ураду Рэспублікі Альбанія і выпускаць іх за ўласны кошт». Згодна з 12-м артыкулам Закону «Банк Альбаніі нясе выключную адказнасьць за выдачу дазволаў усім банкам Рэспублікі Альбанія і нагляд за імі. З гэтай мэтай Банк Альбаніі мае ... наглядаць за ўсялякай сядзібай банка, банкаўскай бухгальтэрыяй і рахункамі, дакумэнтамі банкаў і іншых асобаў, якія займаюцца дазволенай банкаўскай дзейнасьцю». Паводле 14-га артыкула, «Банк Альбаніі ўпаўнаважаны адкрываць рахункі для дазволеных банкаў і прымаць ад іх уклады». Згодна з 16-м артыкулам, «Банку Альбаніі дазваляецца выдаваць пазыкі банкам, што трымаюць у яго рахункі,... на тэрмін да 92 дзён». Таксама Банк Альбаніі можа забавязаць камэрцыйныя банкі трымаць у Банку Альбаніі ўклады ў памеры да «20 % ад агульнай сумы грашовых укладаў або абавязкаў такога банка». Паводле 30-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі», Банк Альбаніі мае права пазычаць Міністэрству скарбу Альбаніі на тэрмін да 6 месяцаў у альбанскіх леках пад рынкавы адсотак. Пагатоў агульны памер дапушчальнай запазычанасьці абмяжоўваўся 5 % сярэднегадавога даходу ўраду за папярэднія 3 гады[2].

Абавязкі

рэдагаваць

Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «кожныя 6 месяцаў Банк Альбаніі мае падаваць у Савет міністраў і Народны сход Рэспублікі Альбанія, а таксама публікаваць заявы пра палітыку, што мусяць зьмяшчаць: а) адзнаку дасягненьня і падтрыманьня ўстойлівасьці цэнаў у папярэднія 6 месяцаў і меркаванае прадпісаньне на наступныя 6 месяцаў; б) адзнаку грашовай, пазыковай і валютнай палітыкі, якую Банк Альбаніі ажыцьцяўляў у папярэднія 6 месяцаў; в) апісаньне і тлумачэньне грашовай, пазыковай і валютнай палітыкі, якой Банк Альбаніі зьбіраецца трымацца ў наступныя 6 месяцаў; г) апісаньне правілаў, якімі Банк Альбаніі прапануе трымацца ў прыняцьці і выкананьні грашовай, пазыковай і валютнай палітыкі ў наступныя 2 гады». Згодна з 9-м артыкулам Закону «Банк Альбаніі мае стварыць Галоўны запасны фонд. Пры канцы кожнага фінансавага году Фонду маюць выдзяляць 25 % чыстага прыбытку за год, пакуль Галоўны запасны фонд не складзе 500 % аплачанага капіталу Банку Альбаніі». Паводле 10-га артыкула, у наступным «рэшту чыстага прыбытку за фінансавы год маюць выкарыстоўваць для выкупу ўрадавых каштоўных папераў, выдадзеных Банку Альбаніі». Рэшта прыбытку пасьля ўсіх вылічэньняў «мае выплочвацца ў дзяржаўны каштарыс цягам 4 месяцаў пасьля сканчэньня фінансавага году». Згодна з 13-м артыкулам «Банк Альбаніі мае назіраць за міжнароднымі плацяжамі, што вынікаюць з замежнага гандлю, негандлёвымі пераводамі і ўзаемінамі іншых альбанскіх банкаў паводле дамоваў з замежнымі дзяржавамі, банкамі і прадпрыемствамі». Паводле 18-га артыкула, Банк Альбаніі мае апрылюдніваць свае «стаўкі і ўмовы зьніжак, перазьніжак і пазыкаў, як і розныя адсоткі і столі для разнастайных відаў банкаўскіх пераводаў»[2].

Паводле 3-га артыкула Закону «Аб Банку Альбаніі» 1997 году, «асноўнай мэтай Банку Альбаніі ёсьць дасягненьне і падтрыманьне ўстойлівасьці цэнаў». Банк таксама мае «прасоўваць і падтрымліваць разьвіцьцё рынкавага валютнага курсу». У якасьці падпарадкаванай мэты прадугледжвалася «спрыяньне цякучасьці, платаздольнасьці і належнаму дзеяньню ўстойлівага рынкавага банкаўскага ладу». «Асноўнымі задачамі Банку Альбаніі маюць быць: а) распрацоўка, прыняцьцё і выкананьне грашовай палітыкі Альбаніі, адпаведнай яго асноўнай мэце; б) распрацоўка, прыняцьцё і выкананьне парадкаваньня абмену і палітыкі валютнага курсу Альбаніі; в) выдача або адкліканьне дазволу банкам, якія ўдзельнічаюць у банкаўскай справе, і нагляд за імі, каб забясьпечыць устойлівасьць банкаўскага ладу; г) трыманьне свайго афіцыйнага валютнага запасу і распараджэньне ім; д) выступ у якасьці банкіра і дарадцы, а таксама бюджэтнага пасярэдніка ўраду Рэспублікі Альбанія; е) спрыяньне бесьперабойнай працы аплатнага ладу»[2].

Мінуўшчына

рэдагаваць

2 верасьня 1925 году міністар скарбу Альбаніі Муфід Лібахова і кіраўнік банку «Італьянскі крэдыт» Марыё Альбэрці падпісалі Пагадненьне аб стварэньні Нацыянальнага банку Альбаніі (НБА). Кіраўнічую сядзібу НБА разьмясьцілі ў Дурэсе. Кіраўнічы камітэт на чале з Альбэрці засядаў у Рыме (Італія). 16 лютага 1926 году НБА выпусьціў альбанскі франк, што падзяляўся на 5 лекаў. Паводле Пагадненьня, НБА меў залаты запас роўны траціне вартасьці банкнотаў у абарачэньні. Цягам першых 10 гадоў банк трымаў манаполію на выдачу пазыкаў у Альбаніі. У 1938 годзе НБА аднавіў паноўнае становішча на рынку пазычаньня. У лістападзе 1944 году Дэмакратычны ўрад Альбаніі нацыяналізаваў НБА. 14 студзеня 1945 году Ўстаноўчы сход Альбаніі ўхваліў Закон аб пераўтварэньні НБА ў Дзяржаўны банк Альбаніі (ДБА). Зь лютага 1946 году ДБА пачаў пазычаць дзяржаўным прадпрыемствам і сельскагаспадарчым каапэратывам. Банк трымаў валютны запас ураду Народнай Рэспублікі Альбанія, для якога выконваў міжнародныя разьлікі. 7 ліпеня 1947 году ДБА зацьвердзіў Указ № 445 «Аб вывадзе з абарачэньня банкнотаў франку і новым выпуску». У выніку асноўнай грашовай адзінкай стаў альбанскі лек[6].

15 кастрычніка 1991 году ДБА стаў сябрам Міжнароднага валютнага фонду (Вашынгтон, ЗША)[7]. 22 красавіка 1992 году Народны сход Альбаніі ўхваліў Закон «Аб Банку Альбаніі». Яго асноўнай мэтай стала падтрыманьне ўстойлівасьці цэнаў[6]. Зь лістапада 2000 году Банк Альбаніі ладзіць штогадовую навуковую нараду з удзелам ураду[8]. У лютым 2010 году заснавалі Дасьледча-навучальны асяродак у Бэраце[9]. 26 кастрычніка 2012 году адчынілі ўласны Асяродак выпуску грошай[10]

Старшыні

рэдагаваць
  1. Марыё Альбэрці (2 верасьня 1925 — 25 сакавіка 1931)
  2. Джузэпэ Б’янчыні (25 сакавіка 1931 — 25 сакавіка 1935)
  3. Антоніё Масконі (25 сакавіка 1935 — верасень 1943)
  4. Кастандзін Башняку (17 студзеня 1945 — 2 красавіка 1946)
  5. Абдуль Кэлезі (1946—1948)
  6. Сьпіро Бакалі (1948 — 1 красавіка 1966)
  7. Зекір Ліка (1 красавіка 1966 — 15 лютага 1974)
  8. Лазар Гіка (15 лютага 1974 — 2 лістапада 1976)
  9. Алекс Верлі (2 лістапада 1974 — 1 сакавіка 1976)
  10. Костак Пастолі (1 сакавіка 1976 — 15 ліпеня 1984)
  11. Андрэа Нако (16 ліпеня 1984 — 15 ліпеня 1985)
  12. Камбер Муфтары (16 верасьня 1986 — 28 лютага 1989)
  13. Кірако Міхалі (1 сакавіка 1989 — 31 сьнежня 1990)
  14. Ніко Гюзары (1 студзеня — 31 жніўня 1991)
  15. Ілір Хоці (травень 1992 — верасень 1993)
  16. Дыльбер Врыёні (верасень 1993 — сьнежань 1994)
  17. Крыстак Люніку (сьнежань 1994 — красавік 1997)
  18. Каміль Туша (красавік—верасень 1997)
  19. Шкэлькім Кані(be) (30 жніўня 1997 — 28 кастрычніка 2004)
  20. Ардыян Фулані (28 кастрычніка 2004 — 7 верасьня 2014)
  21. Элізабэта Гёні (7 верасьня 2014 — 5 лютага 2015)
  22. Гент Сейко (ад 5 лютага 2015 году)[11].
  1. ^ Наглядальная рада Банку Альбаніі (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  2. ^ а б в г д е Закон Рэспублікі Альбанія № 8269 «Аб Банку Альбаніі» ад 23 сьнежня 1997 году (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  3. ^ Гент Сейко. Рашэньне Наглядальнай рады Банку Альбаніі ад 2 сьнежня 2015 г. № 90 «Аб зацьвярджэньні Статуту Банка Альбаніі» (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  4. ^ Кантакты (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  5. ^ а б Канстытуцыя Рэспублікі Альбаніі 1998 году (артыкул 161) (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  6. ^ а б Кароткая гісторыя галоўнага банку ў Альбаніі (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  7. ^ Міжнародныя дачыненьні (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  8. ^ Штогадовыя нарады Банку Альбаніі (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  9. ^ Дасьледча-навучальны асяродак у Бэраце (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  10. ^ Асяродак выпуску грошай (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.
  11. ^ Кіраўнік Банку Альбаніі (анг.) // Банк Альбаніі, 2019 г. Праверана 21 траўня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць