Народная Сацыялістычная Рэспубліка Альбанія

Наро́дная Рэспу́бліка Альба́нія была абвешчана 11 студзеня 1946 году; з 1976 году — Народная Сацыялісты́чная Рэспубліка Альбанія.

Гісторыя рэдагаваць

Абапіраючыся на палітычную, вайсковую і эканамічную падтрымку СССР, альбанскі камуністычны ўрад пад кіраўніцтвам Энвэра Ходжы распачаў будаўніцтва сацыялізму ў адсталай аграрнай краіне. У 1949 годзе Альбанія стала сяброўкай СЭУ, у 1955 годзе — Арганізацыі Варшаўскай дамовы.

Камуністычная партыя Альбаніі была створана ў 1941 годзе пры падтрымцы Камінтэрну.

Праціўнікі камуністычнага рэжыму падвяргаліся ганеньням. Лідэр партыі Энвэр Ходжа на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў то ствараў, то разрываў адносіны зь Бялградам, Масквой і Пэкінам. Зь Югаславіяй адносіны практычна ніколі не нармалізоўваліся і з часам перарасьлі ў адкрыты канфлікт з-за аўтаномнага краю Косава і намераў Ціта стварыць Балканскую Фэдэрацыю, у якую ўвайшла б Баўгарыя, што Ходжа разглядаў як пагрозу сувэрэнітэту Альбаніі.

Рознагалосьсі з КПСС і Савецкім Саюзам сталі нарастаць пасьля сьмерці Сталіна і дасягнулі піку пасьля дакладу Хрушчова на XX зьездзе ў 1956 годзе. Альбанія кепска паставілася да збліжэньня СССР зь Югаславіяй. Адначасова пагоршыліся адносіны Альбаніі з астатнімі краінамі Ўсходняй Эўропы. Альбанія ўсё больш схілялася да супрацоўніцтва з КНР, у сувязі з чым СССР пачаў эканамічны ціск на альбанскае кіраўніцтва. На Маскоўскай нарадзе камуністычных і рабочых партыяў справа дайшла да вострай канфрантацыі паміж Альбанскай партыяй працы і КПСС і яе саюзьнікамі, пасьля чаго эканамічная дапамога СССР цалкам спынілася. У адказ Альбанія ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала ад СССР у найкарацейшыя тэрміны вывесьці вайскоўцаў з ваенна-марской базы Влёра, у выніку чаго некалькі савецкіх падводных лодак, узбраеньне і боепрыпасы дасталіся Альбаніі.

З 1962 году Альбанія выйшла з СЭУ, што адмоўна адбілася на яе гандлёвым балянсе і эканамічным становішчы. У 1968 годзе Альбанія рэзка крытыкавала ўвядзеньне войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаслаччыну і выйшла з Варшаўскай дамовы. З гэтага часу альбанскае кіраўніцтва і СМІ называлі савецкае кіраўніцтва няйначай, як сацыял-імпэрыялістамі і рэвізіяністамі. Зьнешняя палітыка Альбаніі ў наступнае дзесяцігодзьдзе грунтавалася на супрацоўніцтве з КНР і максымальнай ізаляцыі ад эўрапейскіх дзяржаваў. Альбанія стала адзінай дзяржавай Эўропы, якая не падпісала Заключны акт НБСЭ. Альбанія абвясьціла сябе першай у сьвеце атэістычнай дзяржавай, што прывяло да дыскрымінацыі рэлігіі і маштабных перасьедах вернікаў (як мусульман, так і хрысьціян).

На тры дзесяцігодзьдзі Альбанія спынілася ў разьвіцьці і практычна зачынілася ад навакольнага сьвету — ня толькі заходняга, але і камуністычнага, — закансэрваваўшы ў сябе парадкі, атрыманыя ў спадчыну ад сталінскай камуністычнай сыстэмы. У сярэдзіне 1970-х гадоў, пасьля сьмерці Мао Дзэ-дуну і пачатку рэформаў Дэн Сяапіну, Ходжа абвясьціў рэвізіянісцкім таксама і рэжым КНР. Такім чынам, ізаляцыя сталініскай Альбаніі ў сьвеце стала поўнай.

Падзеньне камуністычнага ладу ў Альбаніі рэдагаваць

Асноўны артыкул: Падзеньне камуністычнага ладу ў Альбаніі

У 1985 годзе, пасьля сьмерці Энвэра Ходжы, яго месца заняў Раміз Алія. Спачатку ён спрабаваў працягваць ранейшую палітыку, але ва Ўсходняй Эўропе да таго часу ўжо пачаліся зьмены, выкліканыя гарбачоўскай палітыкай — галоснасьцю і перабудовай. Урад Альбаніі апынуўся пад двайным ціскам з боку ЗША, эўрапейскіх дзяржаваў і свайго ўласнага народу.

Алія дазволіў інвэстыцыі ад капіталістычных фірмаў і пачаў пашыраць дыпляматычныя стасункі з заходнеэўрапейскімі краінамі[1].

Падчас рэвалюцыяў 1989 року мноства альбанцаў ня мелі інфармацыі пра падзеі з-за ізаляванасьці дзяржавы. Большасьць грамадзянаў нават ня чулі пра падзеньне Бэрлінскага муру ў лістападзе 1989 року[2]. З часам палітычная актыўнасьць абудзілася ў розных сэгмэнтах альбанскага грамадзтва, пачалася антыўрадавая агітацыя. Найбольш актыўнымі апынуліся асобныя інтэлектуалы і рабочая кляса — традыцыйнае апірышча камуністычных рухаў — а таксама моладзь, якая стамілася ад працяглай ізаляцыі і абмежаваньняў[1].

Пасьля таго, як быў расстраляны румынскі камуністычны лідэр Нікалае Чаўшэску, Алія зразумеў, што ён можа апынуцца наступным, калі нічога ня будзе рабіць. Алія, апошнім у Эўропе, падпісаў Хэльсынскія пагадненьні і абавязаўся выконваць правы чалавека, дазволіў палітычныя партыі. Упершыню з 1944 году ўрад правёў 31 сакавіка 1991 вольныя выбары. На іх перамагла кіроўная партыя.

Камуністы здолелі захаваць кантроль над урадам, аднак праз два месяцы пасьля ўсеагульнага страйку саступілі. Быў сфармаваны «камітэт нацыянальнага ўратаваньня», які таксама быў скасаваны праз паўгоду. З кожнай саступкай апазыцыі абсалютны кантроль дзяржавы над грамадзтвам слабеў. З-за эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай нестабільнасьці былі расфармаваныя яшчэ некалькі ўрадаў, пакуль на выбарах у сакавіку 1992 року не перамагла антыкамуністычная апазыцыя на чале з Дэмакратычнай партыяй. Алія склаў паўнамоцтвы прэзыдэнта, і гэтую пасаду заняў Салі Бэрыша, першы дэмакратычны кіраўнік Альбаніі пасьля біскупу Фана Нолі.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Remzi Lani. ALBANIA: NINE YEARS AFTER (анг.) // AIM TIRANA, 16 сьнежня 1999 г. Праверана 25 сакавіка 2015 г.
  2. ^ Albania and the European Union: the tumultuous journey towards integration. — С. 21.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць