Бабінавіцкі заказьнік
Бабі́навіцкі заказьнік[2] — рэспубліканскі заказьнік Беларусі, абвешчаны ў верасьні 1998 году на поўдні Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці.
Бабінавіцкі заказьнік | |
Бераг Зелянскога возера (2016 год) | |
Плошча | 11 514,72 га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 54° пн. ш. 30° у. д. / 54° пн. ш. 30° у. д.Каардынаты: 54° пн. ш. 30° у. д. / 54° пн. ш. 30° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Лёзьненскі раён |
Утварэньне | 17 верасьня 1998 (26 гадоў таму)[1] |
Бабінавіцкі заказьнік |
Быў заснаваны для захаваньня краявідаў з каштоўнымі лясамі і рэдкімі відамі жывёлаў і расьлінаў. На 2004 год плошча складала 10 547 гектараў. Краявіды былі на 75 % з паверхневым заляганьнем азёрна-ледавіковых пяскоў і супескаў, а таксама на 25 % узвышаныя плятопадобныя з заляганьнем азёрна-ледавіковых суглінкаў і гліны. Плоскі рэльеф быў месцамі бугрысты з рачнымі далінамі і лагчынамі, выдмамі, камавымі і марэннымі ўзроркамі. Пераважалі дзярнова-слабападзолістыя і пясчаныя, супясчаныя і сугліністыя глебы. Пад лесам было 94 % земляў. У асноўным гэта былі хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Таксама сустракаліся паплавы і сухадольныя лугі. Расьлінны сьвет налічваў каля 500 відаў найвышэйшых судзінкавых расьлінаў, зь іх 11 было ў Чырвонай кнізе Беларусі: шыракалісты званочак, паўночная лінея і ажывальны луньнік, чарапіцавы шпажнік і мужчынскі ятрышнік. Жывёльны сьвет улучаў 145 відаў надземных хрыбетных, у тым ліку 11 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу: чорны бусел, вялікі кулён і буры мядзьведзь, пугач і рысь, сплюшка і дамавы сыч[3]. У заказьніку месьціліся Зелянское возера і возера Сітна, а таксама вадасховішча Валкосьсе з гідраэлектрастанцыяй. У расьлінным сьвеце сустракаліся 460 відаў травяністых, 18 відаў хмызьнякоў і 17 відаў дрэваў. Праз Бабінавіцкі заказьнік працякалі 4 ракі: Лучоса, Чарніца, Вярхіта[4] і Ўзьменка[5].
24 сьнежня 2019 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № «Аб пераўтварэньні рэспубліканскіх заказьнікаў «Бабінавіцкі» і «Казьянскі», якія перасталі быць краявіднымі[6]. Паводле Пастановы, Бабінавіцкі заказьнік перадалі ў кіраваньне Лёзьненскага раённага выканаўчага камітэту. Яго плошчу пашырылі на 9 % да 11 514,72 га. Заказьнік месьціўся на 11 051,22 га (96 %) «Лёзьненскай лясной гаспадаркі» ў Бабінавіцкім і Дабрамысьлінскім лясьніцтвах, а таксама на 224,62 га ААТ «Віцебскі алеяэкстракцыйны завод», 190,74 га ААТ «Барсеева» і 48,14 га Лёзьненскага райвыканкаму[7]. Улетку 2021 году ў заказьніку стварылі экасьцяжыну даўжынёй 800 мэтраў, уздоўж якой усталявалі інфармацыйныя стэнды, агарадзілі мурашнікі і разьмясьцілі фэрамонныя пасткі для жукоў-караедаў. У стварэньні экасьцяжыны ўзялі ўдзел «Лёзьненская лясная гаспадарка», Лёзьненская раённая інспэкцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама сярэдняя школа Дабрамысьляў[8].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Бабінавіцкі заказьнік // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2013 г. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
- ^ Ігар Шаруха, Александрына Сарока. Тэма 18. Прыродаахоўныя тэрыторыі Беларусі // Фізычная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. = Фізічная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. / рэд. А.Л. Пазьнякоў. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2017. — Т. 1. Фізычная геаграфія Беларусі. — С. 57. — 76 с. — 51 ас. — ISBN 978-985-568-335-4
- ^ П.І. Лабанок. Бабінавіцкі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 340. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ Алена Грачышнікава. §1. Лёзьненскі раён на карце Рэспублікі Беларусь (4. Чырвоная кніга Лёзьненшчыны) // Мая Лёзьненшчына: нарысы па гісторыі і культуры краю. — Лёзна: 2018. — С. 16–17. — 342 с. — (Лёзназнаўства).
- ^ Бабінавіцкі заказьнік. Лёзьненскі раён // Віцебская абласная бібліятэка, 5 сьнежня 2019 г. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
- ^ Алена Дзядзюля. Чаму жывое балота лепшае за торф // Зьвязда : газэта. — 12 траўня 2020. — № 90 (29204). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сяргей Румас. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 сьнежня 2019 г. № 906 «Аб пераўтварэньні рэспубліканскіх заказьнікаў «Бабінавіцкі» і «Казьянскі» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 28 сьнежня 2019 г. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
- ^ Тацьцяна Ігнаценка. Прырода, экалёгія, мастацтва // «Беларуская лясная газэта», 29 ліпеня 2021 г. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |