А-100

найбуйнейшая прыватная сетка аўтазаправачных станцыяў Беларусі

«А-100» — беларускае прадпрыемства, заснаванае ў жніўні 1994 году ў Менску[2]. Паводле стану на 2015 г. мела найбуйнейшую ў краіне прыватную сетку з 35 аўтазаправачных станцыяў, што належала беларускім уласьнікам.

«А-100»
Тып Таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Дэвіз Мы стараемся
Заснаваная 16 жніўня 1994 (30 гадоў таму)[1]
Разьмяшчэньне Менскі раён, вёска Баравая, д. 7
Ключавыя фігуры Аляксандар Цэнцер, Ірына Валадзько
Галіна Будаўніцтва, гандаль
Прадукцыя Жытло, крама, склад; збыт бэнзіна, дызэльнага паліва
Лік супрацоўнікаў 700 (2014)
Даччыныя кампаніі «АСтоТрэйдынг» (А-100 АЗС), «А-100 Дэвэлапмэнт», «Авія-100», «АСтоРэс» (страўні «Sun Café»)

Сетка аўтазаправак

рэдагаваць

Паводле стану на 2015 г. «А-100» мела 35 аўтазаправак: 17 у Менску, 5 у Менскім раёне, 4 у Берасьці, 2 у Магілёве (газазаправачныя), па 1 у Віцебску (газ), Берасьцейскім, Віцебскім (газ), Маларыцкім і Смалявіцкім раёнах.

Мінуўшчына

рэдагаваць

У жніўні 1994 г. былы інжынэр канструктарскага бюро Аляксандар Цэнцер за кошт прададзенага аўтамабіля «Масквіч 2141» набыў бэнзавоз «ГАЗ-53» (4620 літраў) і адкрыў першую ў Менску кантэйнэрную аўтазаправачную станцыю. У 1995 г. адкрылі першую стацыянарную АЗС і павялічылі аўтапарк да 9 бэнзавозаў. Назоў «А-100» прадпрыемства атрымала ад актанавага ліку 100, які мае авіяцыйнае паліва[3]. У 1996 г. «А-100» пачало прымаць да аплаты электронныя карты «Берліо» і выпускаць уласныя паліўныя талёны. У 1997 г. запраўкі «А-100» першымі ў Беларусі абзавяліся пыласосамі для кіроўцаў. У 2000 г. таксама ўпершыню ў краіне «А-100» узьвяла газазаправачную станцыю і пачала прапаноўваць паслугі аўтаматычнай мыйкі самаходаў. У 2001 г. АЗС пачалі абсталёўваць аўтаматычнымі мыйнямі, кампрэсарамі для падпампоўваньня шынаў і шматхуткаснымі палівараздатачнымі калёнкамі. Адначасна стварылі даччынае будаўнічае прадпрыемства «А-100 Дэвэлапмэнт». У 2003 г. на АЗС увялі электронны нагляд за колькасьцю паліва ў рэзэрвуарах. У 2004 г. пачалася разбудова сеткі хуткага харчаваньня «Sun Café» (бел. Сонечная кавярня), якая на 2009 г. налічвала 7 страўняў зь пераважным разьмяшчэньнем пры АЗС. Пры канцы 2005 г. пачалося будаўніцтва новай галоўнай сядзібы прадпрыемства ў в. Баравая (Менскі раён), якую ўзьвялі ў 2007 годзе. У 2006 г. пачалося ўзьвядзеньне 15 шматпавярховых дамоў у квартале «Зялёны Бор» (пасёлак Лясны, Менскі раён), дзе прадалі 4064 кватэры. Тамсама расьсялілі 15% супрацоўнікаў. 21% кватэраў збылі за першы месяц ад пачатку продажаў.

У 2007 г. на АЗС зьявілася паслуга арэнды прычэпа. У 2008 г. — паслуга афармленьня аўтастрахоўкі. У 2009 г. сетка АЗС займела ўласную бонусную картку «А-100+» і запусьціла платны пракат ровараў[4]. За 2010—2014 гг. на АЗС «А-100» прадалі 492,4 млн літраў бэнзіна. У 2011 г. 175 тыс. аўтамабілістаў Менску з 600 тыс. (29%) карысталіся аўтамыйнямі на АЗС «А-100». У 2013 г. лік карыстальнікаў аўтамыйняў у Менску вырас да 350 тыс. з 1 млн аўтамабілістаў (35%). У красавіку «А-100» набыў берасьцейскую сетку «Галон» у складзе 4 АЗС. На 2014 г. сетка АЗС мела 4 млн пакупнікоў (42% ад насельніцтва Беларусі). Тады ж адкрылі ўласны верталётны клюб «Авія-100» і прадставілі першы ў Беларусі электрамабіль. На 2014 г. 90% плошчаў будынкаў, якія толькі будаваліся «А-100 Дэвэлапмэнт», ужо загадзя выкупілі ў арэнду. 98% плошчаў узьведзеных будынкаў здаваліся ў арэнду. Агулам на 2014 г. узьвялі 7 гандлёвых і бізнэс-цэнтраў, зь іх 2 найбольшыя ў сталіцы (пад назовам All) на 10,8 тыс кв.м (верасень 2012 г.; Даўгінаўскі тракт, д. 178; 500 месцаў стаянкі, гіпэрмаркет і 30 крамаў) і 12,8 тыс. кв.м. (Даўгінаўскі тракт, 178) былі ў складзе «А-100» праз даччыннае таварыства з дадатковай адказнасьцю «Этэрыка». 30 студзеня «А-100» падарыла Выканаўчаму камітэту Менскага раёну ўзьведзены ў жылым квартале «Зялёны Бор» (пас. Лясны) за 3 млн дзіцячы сад № 4 на 150 выхаванцаў і 23 выхавальнікі[5]. Улетку пачалася забудова аэрадрома «Баравая» (146 га) жытлом на 12 тыс. кватэраў (1 млн кв.м., 12 кварталаў) разам з 12 дзіцячымі садамі і 4 школамі[6]. 9 кастрычніка 2014 г. адбыўся запуск першай у Беларусі станцыі зарадкі электрамабіляў. Таксама ў 2014 г. «А-100 АЗС» набыў уласны склад захоўваньня нафтапрадуктаў.

Зь 1 студзеня 2015 г. сетка АЗС перайшла да абслугоўваньня на беларускай мове пасьля 4-месячнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў на курсах «Мова Нанова»[7]. Таксама перакладнікі «Мова Нанова» бясплатна пераклалі шыльды і абвесткі на запраўках, звыш 3000 цэтлікаў для тавараў і стварылі размоўнікі для супрацоўнікаў[8]. У выніку ўдалося павялічыць продажы за кошт росту дзелі беларускамоўных пакупнікоў[9], асабліва моладзі[10]. Паводле стану на 2015 г. даччынае будаўнічае прадпрыемства «А-100 Дэвэлапмэнт» улучала УП «Дамаан», ТДА «Этэрыка», ЗП «АСтоМакс» і УП «Алмары». «А-100 Дэвэлапмэнт» узьвяло 22 з 35 заправак «А-100», бізнэс-цэнтар «А-100» у Менску, жылы квартал «Зялёны Бор» (пас. Лясны, Менскі раён) і шматлікія прыдарожныя і сталічныя крамы.

  1. ^ А-100 усталявала мэмарыяльную дошку на месцы першай грамадзкай АЗС // «А-100», 16 жніўня 2013 г. Праверана 12 траўня 2016 г.
  2. ^ Алена Анкуда, «Штодзёньнік». Чэмпіянат Беларусі па паветраплаваньні абышоўся дорага // Газэта «Наша ніва», 15 верасьня 2014 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.
  3. ^ Алена Анкуда, «Штодзёньнік». «Я ежджу на працу на ровары» // Наша ніва : газэта. — 25 верасьня 2013. — № 36 (825). — С. 9. — ISSN 1819-1614.
  4. ^ БелаПАН. Будучыня транспарту - за роварамі і электрамабілямі // Хартыя’97, 15 ліпеня 2014 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.
  5. ^ Андрэй Корсак. Група кампаній «А-100» падарыла Менскаму раёну новы дзіцячы садок // БелаПАН, 30 студзеня 2014 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.
  6. ^ Мікалай Градзюшка, Onliner.by. Улетку пад Менскам пачнуць будаваць новы мікрараён // Хартыя’97, 14 красавіка 2014 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.
  7. ^ Кліентаў аўтазаправачных станцый «А-100» будуць абслугоўваць па-беларуску // Tut.by, 8 студзеня 2015 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.
  8. ^ Сетка заправак «А-100» афіцыйна пацвердзіла пераход на беларускую мову // Эўрарадыё, 8 студзеня 2015 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.
  9. ^ Зьміцер Корсак. Пасьля таго як на нашых станцыях пачалі размаўляць па-беларуску, кліентаў стала больш // Onliner.by, 22 студзеня 2015 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.
  10. ^ Мікалай Левертаў. Куды крочыць рэкляміст // Агенцтва «Таранціна і сыны», 16 красавіка 2015 г. Праверана 13 жніўня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць