Асьвета (часопіс)

беларускі штомесячны навукова-педагагічны часопіс 1924—1929 гадоў

«Асьвета» — «часопісь народнага камісарыяту асьветы й саюзу працаўнікоў асьветы», першы беларускі спэцыялізаваны пэдагагічны часопіс. Выдаваўся ад чэрвеня 1924 да сьнежня 1929 году ў Менску на беларускай мове штомесячна. Частка матэрыялаў друкавалася на расейскай мове. Пераемнікамі «Асьветы» сталі часопісы «Комуністычнае выхаваньне» (1930), «Кансультацыя настаўніку» (1937), «Савецкая школа» (1940), «У дапамогу настаўніку» (1945), «Савецкая школа» (1948), «Народная асвета» (1960).

Асьвета
Тэматыка пэдагогіка, псыхалёгія
Пэрыядычнасьць штомесяц
Адрас
Заснавальнік Народны камісарыят асьветы, Саюз працаўнікоў асьветы
Выдавец Народны камісарыят асьветы Беларускай ССР
Галоўны рэдактар рэдакцыйная калегія
Дата заснаваньня чэрвень 1924
Мова беларуская, расейская
Аб’ём 90—250 старонкі
Наклад 2600—6000

Значнай падзеяй у культурным жыцьці стаў выхад першага нумара часопіса «Асьвета». Гэта адбылося ў чэрвені 1924 года. Пад назвай стаялі наступныя словы: «Часопіс Нар. Кам. Асьветы і Саюзу Прац Асьветы БССР». Ён выходзіў на беларускай і расейскай мовах.

У той час у Беларусі не было народных камісарыятаў культуры й інфармацыі, а таксама прафсаюзнага часопіса. Менавіта таму рэдакцыя «Асьветы» прасіла работнікаў асьветы, аддзелы народнай адукацыі й аддзяленьні Саюза працаўнікоў асьветы ў Беларусі дасылаць у рэдакцыю артыкулы, нататкі, паведамленьні й іншыя матэрыялы па пытаньнях культурна-асьветнага будаўніцтва й прафсаюзнай работы, а таксама свае меркаваньні аб паляпшэньні зьместу часопіса ў далейшым[1].

Адным з цэнтральных, ключавых матэрыялаў першага нумара часопіса «Асьвета» стаў артыкул намесьніка народнага камісара асьветы БССР Антона Баліцкага «Бліжэйшыя задачы наркамасьветы ў сувязі з узбуйненьнем Беларусі»[2]. Па сваёй накіраванасьці да артыкула Баліцкага прымыкае матэрыял загадчыка аддзела сацыяльнага выхаваньня Наркамата асьветы БССР Язэпа Каранеўскага «Да пытаньня аб сыстэме народнай асьветы. Разгляд сыстэмы народнай асьветы РСФСР і УССР»[3].

Значную цікавасьць для работнікаў асьветы ўяўлялі таксама матэрыялы прафсаюзнага лідэра Вульфа Нодэля «Бліжэйшыя задачы Саюза працаўнікоў асьветы Беларусі»[4], М. Шабашова «Формы й мэтады падрыхтоўкі асьветнікаў»[5], прафэсара Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэта Івана Салаўёва «Улік пасьпяховасьці ў школе»[6], А. Федасенкі «Комплексная сыстэма выкладаньня ў практыцы першай групы дасьледчыкаў школы пры Беларускім пэдагагічным тэхнікуме»[7]. Увазе чытачоў прапанаваны матэрыял пад назвай «Месца і характар падручніка пры комплекснай сыстэме выхаваньня»[8] і рэцэнзія на кнігу Язэпа Лесіка «Беларуская мова. Правапіс»[9].

Аўтарамі «Асьветы» былі выкладчыкі ВНУ, вядомыя вучоныя, работнікі Наркамата асьветы рэспублікі, партыйныя й дзяржаўныя дзеячы: Народныя камісары асьветы БССР Антон Баліцкі й Антон Платун, першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі Вільгельм Кнорын, старшыня ЦВК Беларусі Аляксандар Чарвякоў, выкладчык Белпедтэхнікума й адначасова дацэнт пэдфака БДУ Якуб Колас, акадэмік Язэп Лёсік, адзін з кіраўнікоў музэйнай справы на Беларусі, будучы вучоны сакратар Беларускай Акадэміі навук Вацлаў Ластоўскі, маскоўскі прафэсар Шульгін, прафэсары БДУ Іван Замоцін, Іван Салаўёў, Дзьмітры Жарынаў, Серафім Васілейскі, Міхаіл Піятуховіч, дацэнт БДУ Андрэй Бурдзейка, першы старшыня Інстытута беларускай культуры Сьцяпан Некрашэвіч, дацэнт, правадзейны член Інбелкульту Гаўрыла Гарэцкі[10], будучы прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі Васіль Купрэвіч[11], вядомы вучоны-пэдагог Павал Панкевіч.

Таксама аўтарамі «Асьветы» былі радавыя настаўнікі й выхавацелі, так вясковыя настаўнікі М. Ламака[12] й І. Гальчук, настаўнікі й дырэктары польскіх і іншых школ нацыянальных меншасьцяў, Мікола Байкоў «Школа і нацыянальнае пытаньне ў Беларусі»[13], Л. Мышкоўскі «Жыдоўская асьветная справа ў Беларусі»[14], Чэслаў Дамброўскі «Польская школа й польскі настаўнік у Савецкай Беларусі»[15], Лідун «Латышская советская школа в Белорусии»[16].

У другім нумары часопіса «Асьвета» за 1924 год ужо выразна выявіліся асноўныя рубрыкі гэтага выданьня. Гэта «Агульны аддзел», «Мэтадалёгія й практыка», «Кнігапіс», «Летапіс беларускага друку», «Інфармацыя й хроніка», «На месцах», «Афіцыйны аддзел».

Акрамя гэтых рубрык, у шэрагу нумароў існавалі рубрыкі: «Мэтады й формы піянэрскага руху», «Паштовая скрынка», «Наш быт», «Перапіска з чытачамі», «На шляху перападрыхтоўкі», «Пэдалягічныя пытаньні», «Мэтадычныя пытаньні», «Практыка асьветных устаноў», «Дадатак», «Выхаваньне ў школе й паза школай», «Мэтадычныя пытаньні школы», «Школьная практыка», «Дашкольнае выхаваньне», «Жыцьцё й праца асьветніка», «Гутарка», «Аб ліквідацыі непісьменнасьці», «Прафэсійныя ўстановы», «Пытаньні школы», «Хроніка», «Практыка месцаў», «Да пастаноўкі справы выхаваньня», «Выхаваўча-мэтадычны аддзел», «Прафадукацыя», «Палітасьвета», «З мясцовай практыкі», «Зьезды й канфэрэнцыі», «Пэдагагічна-мэтадычны аддзел», «У Заходняй Беларусі», «Пэдагагічна-пэдалягічны аддзел», «Нарады па народнай асьвеце», «Пытаньні мэтодыкі й практыкі нашай школы», «Агульна-палітычны аддзел», «Школьны аддзел», «Пяцігодка й кадры», «На барацьбу з рэлігіяй», «Мэтодыка й праграма школы», «Абарона краіны й школа», «Паход за дашкольніка», «Кнігу й мастацтва ў масы», «За пралетарскую ідэалёгію».

Рэдакцыйны калектыў

рэдагаваць

У другім нумары часопіса за 1926 год ўпершыню было пазначана імя адказнага рэдактара Ігната Мазура, работніка Наркамата асьветы БССР, які курыраваў дзіцячыя дамы й інтэрнаты, а потым працаваў інспэктарам сямігодак, і тэхнічнага рэдактара Язэпа Троські.

З другога нумару за 1927 год друкуецца склад рэдкалегіі: Саламон Рывес, Брыгневіч, Соф’я Шамардзіна, Іван Самковіч, Касмовіч. Тэхнічным рэдактарам з сёмага нумару 1927 году пазначаны Казела Р. Я. Адказным рэдактарам часопіса «Асьвета» з кастрычніка 1929 году стаў літаратурны крытык Лукаш Бэндэ.

Крытыка, рэцэнзіі

рэдагаваць
  1. ^ От редакции.  (рас.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1.
  2. ^ Антон Баліцкі. Бліжайшие задачи Наркомпроса в связи с укрупнением Белоруссии.  (рас.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 2—7.
  3. ^ Язэп Каранеўскі. Да пытаньня аб сыстэме народнай асьветы.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 12—16.
  4. ^ Вульф Нодэль. Ближайшие задачи Союза Работников Просвещения Белоруссии. (После Всебелорусского с'езда.)  (рас.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 8—12.
  5. ^ М. Шабашова. Формы и методы переподготовки просвещенцев.  (рас.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 21, 22.
  6. ^ І. М. Соловьев. Учёт успешности в школе.  (рас.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 23—27.
  7. ^ А. Федасенка. Комплексная сыстэма выкладаньня ў практыцы першай групы дасьледчыкаў школы пры Б.П.Т.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 28—32.
  8. ^ . Месца и характар падручніка пры комплекснай сыстэме выхаваньня.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 39—40.
  9. ^ А-нік. Язэп Лёсік. Беларуская мова. Правапіс. Дзярж. В-ва. М.-Л. Бел. Коопэр.-Выд. Т-ва «Савецкая Беларусь» Менск 1924. 190 стр.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 1. — С. 48—50.
  10. ^ Гаўрыла Гарэцкі. Аб беларусізацыі вышэйшых навучальных устаноў БССР.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1926. — № 6. — С. 184—193.
  11. ^ Васіль Купрэвіч. З практыкі правядзеньня краязнаўчага ўхілу пры выкладаньні прыродазнаўства.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1926. — № 6. — С. 128—133.
  12. ^ М. Ламака. Першыя мае крокі працы па комплекснай сыстэме.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 2. — С. 91—96.
  13. ^ М. Байкоў. Школа і нацыянальнае пытаньне ў Беларусі. (Да пастаноўкі нацыянальнага пытаньня на ліпневай сэсіі Ц. В. К. Б.)  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 2. — С. 23—31.
  14. ^ Л. Мышкоўскі. Жыдоўская асьветная справа ў Беларусі.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 2. — С. 32—37.
  15. ^ Ч. Дамброўскі. Польская школа і польскі настаўнік у Савецкай Беларусі.  (бел.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 2. — С. 37—39.
  16. ^ Лидун. Латышская советская школа в Белорусии.  (рас.) // Асьвета : часопіс. — 1924. — № 2. — С. 40—42.

Літаратура

рэдагаваць

  • Периодическая печать СССР 1917—1949. — Москва: Всесоюзная книжная палата, 1956. — Т. 6. Журналы, труды и бюллетени по культурному строительству, народному образованию и просвешчению. — С. 33 (№ 340). — 198 с. — 1500 ас.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць