Арцём Баханькоў

беларускі мовазнавец

Арцё́м Яфі́мавіч Баханько́ў (1924, Саламір’е, цяпер Полацкі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 2001, Менск, Беларусь) — беларускі мовазнавец.

Арцём Баханькоў
Дата нараджэньня 29 студзеня 1924
Месца нараджэньня Саламір’е, Полацкі павет, Віцебская губэрня, Расейская СФСР, СССР
Дата сьмерці 12 жніўня 2001
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца вучобы Менскі пэдагагічны інстытут (1955)
Занятак мовазнаўца, беларусазнавец, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа (1960—1992)
Вядомы як навуковы рэдактар 2-га тома 5-томнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977—1984)
Навуковая ступень доктар навук
Навуковы кіраўнік Віктар Іванавіч Баркоўскі
Узнагароды
ордэн Айчыны 1-й ступені
Мэдаль «За адвагу»
Мэдаль «За адвагу»

Доктар філялягічных навук (1986), прафэсар (1995)[2]. Суаўтар «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1966) для школьнікаў, які перавыдалі 10 разоў да 2006 году. Навуковы рэдактар 2-га тома 5-томнага акадэмічнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977—1984)[2].

Жыцьцяпіс рэдагаваць

У 1938 годзе паступіў у Полацкую пэдагагічную вучэльню, якую скончыў у 1941 годзе. У студзені 1941 году ў 17-гадовым веку стаў загаднікам Бікульніцкай пачатковай школы ў Полацкім раёне. У траўні 1943 году стаў паліткіраўніком партызанскага атраду «Бальшавік» брыгады імя Варашылава (Д. Цябута). У чэрвені 1944 году трапіў у палон і знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лягеры вёскі Баравуха Полацкага раёну, а затым у канцлягеры гораду Мітава (Генэральная акруга Латвія). У жніўні 1944 году ўцёк з канцлягеру і ў верасьні 1944 году далучыўся да Чырвонай арміі. Ваяваў у складзе 171-й стралковай дывізіі[3]. Быў тройчы паранены ў ходзе Нямецка-савецкай вайны. Быў ўзнагароджаны 2-ма мэдалямі «За адвагу» і ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені[2].

У 1945 годзе дэмабілізаваўся з войска ў Румыніі. Са сьнежня 1945 году па кастрычнік 1957-га настаўнічаў у школах Полацкага раёну ў вёсках Варонічы, Зыкава і Гомель[3]. У 1955 годзе скончыў беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдагагічнага інстытуту, дзе ў 1957 годзе паступіў у асьпірантуру. З 1960 году ўладкаваўся ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР[2]. У 1961 годзе пад кіраўніцтвам прафэсарам Віктара Іванавіча Баркоўскага абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Складаназалежныя сказы ў паўднёва-заходніх беларускіх гаворках». Зь ліпеня 1986 году ўзначаліў аддзел лексыкалёгіі і лексыкаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа[3]. У 1992—1997 гадох быў загаднікам-заснавальнікам катэдры беларускай мовы пры Прэзыдыюме Акадэміі навук Беларусі[2].

Навуковая праца рэдагаваць

У 1966 годзе падрыхтаваў 1-ы паваенны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» для школьнікаў сумесна Ёсіфам Гайдукевічам і Паўлам Шубай. Гэты слоўнік перавыдалі 10 разоў да 2006 году ў выдавецтвах «Народная асьвета» і «Парадокс»[3]. У 1970 годзе выступіў суаўтарам дасьледаваньня «Гістарычная лексыкалёгія беларускай мовы»[4] сумесна з Анатолем Аксамітавым, Уладзімерам Анічэнкам, Аляксандрам Булыкам, Аркадзем Жураўскім, Іванам Крамком і Аленай Яновіч. У 1976 годзе ўклаў і адрэдагаваў зборнік беларускіх гаворак «Народнае слова»[3].

Дасьледаваў лексыку сучаснай беларускай мовы і народных гаворак. Быў суаўтарам і навуковым рэдактарам такіх 4-х акадэмічных слоўнікаў, як 5-томны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (1977—1984), 2-томны «Расейска-беларускі слоўнік» (1982), 2-томны «Беларуска-расейскі слоўнік» (1988—1989) і «Тлумачальны слоўнік расейскай мовы» (1975)[2]. У 1982 годзе выдаў манаграфію «Разьвіцьцё лексыкі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі пэрыяд: сацыялінгвістычны нарыс», у якой выявіў, што 35 % беларускіх нэалягізмаў савецкага часу ўтварыліся з народных гаворак. У 1994 годзе стаў суаўтарам дасьледаваньня «Лексыкалёгія сучаснай беларускай мовы»[4]. У 1998 годзе выдаў «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» на 7800 словаў і выразаў[5]. Агулам напісаў каля 130 навуковых артыкулаў і кніг[6].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ https://iml.basnet.by/naviny/28-01-2019-arciom-iafimavic-bachankou-da-95-hoddzia-z-dnia-naradzennia
  2. ^ а б в г д е Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 29 студзеня 2014. — № 16 (27626). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г д С. Фацеева. Арцём Баханькоў // Роднае слова : часопіс. — 2014. — № 1. — С. 48—49.
  4. ^ а б Баханькоў Арцём Яфімавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 357. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  5. ^ Т.М. Маракуліна. Арцём Яфімавіч Баханькоў (да 95-годзьдзя з дня нараджэньня) // Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 28 студзеня 2019 г. Праверана 28 сьнежня 2021 г.
  6. ^ Аляксандар Арцёмаў. Настаўнік з Полаччыны // Голас Радзімы : газэта. — 30 студзеня 2014. — № 3364.