Майдан Незалежнасьці

Майдан Незалежнасьці (па-ўкраінску: Майдан Незалежності) — цэнтральная плошча Кіева.

Майдан Незалежнасьці пасьля реканструкцыі 2001 году

Плошча разьмешчаная паміж Хрэшчацікам, вуліцамі Барыса Грынчанкі, Сафіеўская, Малая Жытомірская, Міхайлаўская, Касьцельная, Інстытуцкая, Архітэктара Гарадзецкага і завулкам Тараса Шаўчэнкі.

Гісторыя

рэдагаваць

Да канца Х стагодзьдзя гэтая мясцовасьць, як і ўвесь цяперашні Хрэшчацік, мела назву Перавесішча і была балотам. Там, дзе зараз пачынаецца вуліца Сафіеўская, была Лядзкая брама, якая вяла да верхняга гораду.

У канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзя на месцы будучай плошчы была пустэча з рэшткамі абарончых валаў. «Апісаньне Кіева» 1868 году, складзенае Мікалаем Закрэўскім, згадвае кірмашовы пляц пасярэдзіне Хрэшчаціку, які «здаўна называюць Казіным балотам».

Плошча сфармавалася ў 1830-х гадах, калі былі зьнесеныя рэшткі абарончых валаў. Тады ж яна ўжо мела назву Хрэшчаціцкая — ад назвы вуліцы, да якой яна непасрэдна прымыкала. У 1876 годзе на плошчы быў узьведзены будынак Гарадзкой думы і яна атрымала назву думскай. У 1913 годзе перад будынкам Гарадзкой думы быў адкрыты помнік Сталыпіну.

У 1919 годзе плошча была перайменаваная ў Савецкую, а ў 1935 — у плошчу Калініна. У 1941 годзе будынак Думы (пасьля рэвалюцыі ў ім разьмяшчаўся абкам КП(б) УССР) згарэў, а тэрыторыя плошчы значна павялічылася за кошт разбуранага няцотнага боку Хрэшчаціку.

Сучасная забудова плошчы ўтвораная будынкамі 1950-х — 1970-х гадоў. У 1961 годзе быў узьведзены будынак гатэлю «Ўкраіна» (да 2001 году — «Масква»). У наступныя гады плошча неаднаразова перабудоўвалася і рэканструявалася.

У 1977 годзе плошча была перайменаваная ў плошчу Кастрычніцкай Рэвалюцыі. На ёй былі пабудаваныя помнік Кастрычніцкай рэвалюцыі і ансамбль фантанаў. Цяперашняе імя плошчы прысвоенае пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны ў 1991 годзе. Станцыя мэтро «Майдан Незалежнасьці», адкрытая ў 1976 годзе, зьмяняла сваю назву адначасова з плошчай.

У 2004 годзе плошча стала цэнтрам Аранжавай рэвалюцыі.

У 2013 годзе ў 9-ю гадавіну Аранжавай рэвалюцыі на плошчы пачаўся Эўрамайдан — масавая акцыя пратэсту супраць прыпыненьня курсу дзяржавы на асацыяцыю з Эўразьвязам. У лютым 2014 году на плошчы адбываліся масавыя сутыкненьні, у выніку якіх плошча атрымала пашкоджаньні[1].

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Майдан Незалежнасьцісховішча мультымэдыйных матэрыялаў