Беларуская незалежніцкая партыя
Белару́ская незале́жніцкая па́ртыя (БНП) — вайскова-палітычная арганізацыя.
Беларуская незалежніцкая партыя | |
Лідэр партыі | Вінцэнт Гадлеўскі |
---|---|
Дата заснаваньня | 1939 |
Распушчаная | сярэдзіна 1950-х |
Саюзьнікі і блёкі | Беларуская Народная Грамада |
Ідэалёгія | беларускі нацыяналізм |
Орган партыйнага друку | «Бюлетэнь БНП», «Праца і Воля» |
Дэвіз | «Беларусь перадусім!» |
Гісторыя
рэдагавацьПачатак
рэдагавацьБНП была ўтворана праўдападобна на мяжы 1939—1940 гадоў у Вільні (паводле іншай вэрсіі, у Менску ў 1942).[1] Ініцыятарам яе ўзьнікненьня быў адзін з ідэолягаў беларускага нацыянальнага руху кс. Вінцэнт Гадлеўскі, а аб’ядноўвала яна дзеячоў маладога пакаленьня.[2]
Арганізацыя
рэдагавацьКіравалася створанымі да восені 1942 году Цэнтральным камітэтам і пяцьцю акруговымі камітэтамі. Кіраўнікі: Усевалад Родзька (цэнтральны камітэт), Міхал Вітушка (сябар ЦК), Дзьмітры Касмовіч (сябар ЦК), Юльян Саковіч (менскі акруговы камітэт), Францішак Аляхновіч (віленскі акруговы камітэт) і інш. Структуры БНП існавалі ў 1942—1943 гадах на Браншчыне і Смаленшчыне. Выпускала фармальна нелегальны орган друку «Бюлетэнь БНП»[3], пасьля вайны — бюлетэнь «Праца і Воля» (2 нумары, 1949). Фармальна БНП прадстаўлялася як патрыятычная і кансьпірацыйная арганізацыя з задачай збройнай барацьбы за незалежнасьць Беларусі, рэальна кіраўніцтва ад пачатку супрацоўнічала з Абвэрам. У якасьці палітычнай праграмы прапаноўвалася выкарыстаньне «непазьбежнага канфлікту» саюзьнікаў пасьля перамогі над Нямеччынай, мацаваньне ўласных (узброеных) сілаў і ўзброеная барацьба за незалежнасьць Беларусі ва ўмовах узгаданага канфлікту.
Адносіны з немцамі
рэдагавацьУ другім нумары «Бюлетэня БНП», падрыхтаванага да друку ў канцы 1942 году, зьмяшчалася крытыка нацызму і нямецкай акупацыйнай палітыкі: «Прыйшлі першыя разчараваньні. Немцы 41 году не былі немцамі 17 году — не адзначаліся ня толькі гуманнасьцю, але нават мінімальнаю дозаю здаровага палітычнага розуму. П’яныя перамогамі папярэдніх гадоў і хворыя маніяй свае надчалавечнасьці, упоенай недарэчнасьцямі расавай тэорыі — разглядалі прасторы ўсходня-славянскіх народаў як новаздабыты каляньяльны абшар. Аўтарам гэтае думкі быў партыйны ідэоляг — Розэнбэрг, тэорыі каторага можа нават часам і геніяльныя на першы пагляд у практыцы аказваліся бязглуздымі і нерэальнымі». Напрыканцы нумару кінуты заклік не дапусьціць «барадзьбы беларуса-партызана з беларусам-валасным старшынёй, беларуса-паліцыянта з беларусам-партызанам», а накопліваць зброю, пакуль Нямеччына і СССР «змагаюцца між сабою і слабеюць з кожным днём», каб пасьля разам выступіць за незалежную Беларусь.[4] Даведаўшыся, што БНП вядзе сваю гульню, немцы пачалі перасьледаваць іх нароўні з камуністамі. Так, у сьнежні 1942 году быў арыштаваны і закатаваны ў турме натхняльнік і фактычны кіраўнік партыі Вінцэнт Гадлеўскі, а многія яго прыхільнікі былі адпраўлены ў канцлягеры.[5]
Вайсковыя фармаваньні
рэдагавацьПрактычную дзейнасьць БНП пачала ў чэрвені 1944 году[6], стварэньнем некалькі кансьпірацыйных групаў у Беларусі дзеля вядзеньня выведкі і дывэрсіяў у тыле Чырвонай Арміі (паводле іншых крыніцаў, падрыхтоўка такіх групаў з дапамогаю Абвэру вялася з восені 1943, асабліва актыўна зімой-вясной 1944[7]). Выконваючы непасрэдную сваю задачу барацьбы з савецкім войскам у Беларусі, БНП кіравала беларусаў-дабраахвотнікаў у вайсковую школу «Дальвіц» (таксама вядомую як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»). Парашутныя закідваньні групаў з батальёну «Дальвіц» у Беларусь працягваліся зь верасьня 1944. Частка гэтых групаў, як паведамлялася ў інфармацыйных дакумэнтах БНП, працягвала дзейнічаць яшчэ зімою 1945/1946[8], і нават да 1956[9].
Напрыканцы чэрвеня 1944 году ЦК партыі вырашыў праз Другі Ўсебеларускі кангрэс, многія дэлегаты якога былі сябрамі або прыхільнікамі БНП, дамагацца абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Падчас кангрэсу плянавалася пачаць антынямецкае паўстаньне, сьцягнуўшы папярэдне да Менску збройныя добраахвотніцкія фармаваньні.[10] Аднак бальшыня баявых аддзелаў не пасьпявала да вызначанага часу даехаць да Менску, да таго ж імклівы наступ пачала Чырвоная Армія, таму гэтыя пляны засталіся нерэалізаванымі.[11]
Эміграцыя
рэдагавацьПасьля эвакуацыі зь Беларусі ў 1944 годзе ў Нямеччыну быў створаны Замежны сэктар БНП (кіраўнік Дз. Касмовіч). У 1944 кіраўніцтва БНП рэзка крытыкавала Беларускую Цэнтральную Раду і асабіста Р. Астроўскага за кан’юнктурніцтва, марыянэткавы характар дзеяньняў, нарэшце, спыніла ўсякае супрацоўніцтва ў пачатку 1945 году. Асабліва моцна БНП выражала незадавальненьне няўдалай арганізацыяй «эвакуацыі зь Беларусі» ў 1944 і стратай большай часткі асабовага складу БКА, таксама неэфэктыўнасьцю дзеяньняў Астроўскага па стварэньні беларускага войска ў Нямеччыне. Адзначаецца[6], што такія закіды заяўлялі выключна нямецкія вайсковыя патрэбы канца вайны (задача абароны Нямеччыны любым коштам).
Пасьля раззбраеньня батальёну «Дальвіц» у Чэхіі (1945), частка яго асабовага складу накіравалася ў Беларусь для працягу ўзброенай барацьбы, але на Беласточчыне была выкрыта савецкай бясьпекай і амаль цалкам арыштавана. Кіраўнікі былі суджаныя ў «справе шасьцёх» (верагодна, травень 1946 году), Родзька і Гелда пакараныя сьмерцю.
Пасьля вайны БНП дзейнічала сярод беларускіх супольнасьцяў у заходніх акупацыйных зонах і Заходняй Эўропе. У 1948—1949 гадах вакол пытаньня падтрымкі Беларускага нацыянальнага цэнтру ў шэрагах кіраўніцтва партыі адбыўся падзел, кожная з груповак прэтэндавала на назву БНП (у выніку Б. Рагуля, М. Рагуля, У. Набагез выключаны з ЦК). У далейшым (1954), лідэры БНП прызнавалі БЦР як «адзіны легітымны прадстаўнічы цэнтар», а Астроўскага як «вялікага і заслужанага беларускага патрыёта», рэзка выступалі супраць удзелу беларускай моладзі ў скаўцкім і хрысьціянска-моладзевым рухах.
У сярэдзіне 1950-х, без фармальнага роспуску партыі, Замежны сэктар БНП увайшоў у Беларускі вызвольны фронт, арганізаваны Дз. Касмовічам.
Прысяга партыі
рэдагавацьПрысягаю на Бога, што буду верным да сьмерці свайму Народу і Бацькаўшчыне, буду аддана і самаахвярна змагацца за незалежнасьць Беларусі і за шчасьце і волю Беларускага Народу. Уступаючы ў рады БНП, прысягаю ня здрадзіць яе спраў і тайнаў ані словам, ані чынам, хоць бы мяне чакалі найбольшыя спакусы і мукі. За справу БНП прысягаю аддаць у кожную хвіліну жыцьцё, бо ведаю, што яе справа — гэта справа волі і шчасьця Беларускага Народу і Бацькаўшчыны, і што сяньня толькі ў шчыльных радох БНП мы здабудзем незалежнасьць Беларусі і дамо адпор нашым ворагам. Ведаю, што за здраду спраў і тайнаў партыі кожны яе сябра караецца сьмерцю. Ад сяньняшняга дня — я актыўны змагар і працаўнік БНП
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 19—20
- ^ Ёрш, С. 14.
- ^ 2 нумары ў 1942—1944 у Беларусі (2-і нумар тыражом 500 ас.), 3-і — жнівень 1944, Усх. Прусія, 4-ы — восень 1944, Бэрлін, 5-ы (апошні «ваенны») — сьнежань 1944 або студзень 1945, 6-ы (апошні) — восень 1946, Зах. Нямеччына. Ёрш, С. 127—129.
- ^ Падпольны беларускі друк падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў
- ^ Романько, О. В. Легион под знаком Погони. Белорусские коллаборационистские формирования в силовых структурах нацистской Германии (1941—1945). — Симферополь: Антиква, 2008. — 304 с — с. 137
- ^ а б Туронак, С. 155.
- ^ Ёрш, С. 15.
- ^ Ёрш, С. 137,138.
- ^ Ёрш, С. 17.
- ^ Романько, О. В. Легион под знаком Погони. Белорусские коллаборационистские формирования в силовых структурах нацистской Германии (1941—1945). — Симферополь: Антиква, 2008. — 304 с — с. 139—140
- ^ Сяргей Ёрш. Усевалад Родзька. Правадыр беларускіх нацыяналістаў
Літаратура
рэдагаваць- (Туронак) Jerzy Turonek, Białoruś pod okupacją niemiecką. «WERS», Warszawa—Wrocław, 1989. 186 s.
- (Ёрш) Сяргей Ёрш, Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. — 186 с — (Архіў Найноўшае Гісторыі). ISBN 985-6012-62-7.
- С. Ёрш, С. Горбік, Беларускі супраціў. Львоў, 2006.
- Д. Касмовіч, Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП)