Антон Яленскі
Антон Яленскі (5 ліпеня 1818, Капаткевічы, Мазырскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 1874, Вільня, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя) — грамадзкі дзяяч, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў.
![]() | |
![]() Герб «Корчак» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 5 ліпеня 1818 Капаткевічы, Мазырскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 1874 Вільня, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Род | Яленскія |
Бацькі | Павал Яленскі Барбара Яленская |
Жонка | Сабіна Яленская |
Дзеці | Браніслаў, Вітальд, Павал, Марыян, Эдвард, Адам, Рамуальд, Эмілія, Казіміра |
Паходжаньне і сям'я
рэдагавацьНалежаў да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Наваградзкім ваяводзтве і Мазырскім павеце ВКЛ, дзе займалі высокія земскія пасады.
Нарадзіўся ў сям’і буйнога землеўласьніка Мазырскага павета Менскай губэрні Паўла Яленскага (1776—1842) і Барбары Лянкевіч, якая таксама як і Яленскія паходзіла з роду рэгіянальнай эліты Мазырскага павету ВКЛ.
Родным братам Антона быў Ян Яленскі (1809—пасьля 1848), які прымаў удзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў.
Антон Яленскі ажаніўся з Сабінай Дыбоўскай (1820—1912), дачкой сярэднезаможнага шляхціца Менскага павету Леапольда Дыбоўскага і Ганны Янаўны зь Яленскіх, і меў дзевяць дзяцей (Браніслава, Вітальда, Паўла, Марыяна, Эдварда, Адама, Рамуальда, Эмілію і Казіміру).
Стрыечны брат — Напалеон Яленскі (1810—1883), удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў і паўстаньня 1863—1864 гадоў.
Удзел у паўстаньні
рэдагавацьУ падрыхтоўчы пэрыяд перад паўстаннем на таемным зьезьдзе, які адбыўся ў верасьні 1862 году ў Вільні з удзелам прадстаўнікоў «моладзі» (так групоўка «белых» празвала безмаёнткавых членаў) быў выбраны таемны віленскі камітэт з «дарослых» (так празвалі членаў-маянткоўцаў) кіраўнікоў групоўкі «белых», куды разам з Антонам Яленскім увайшлі Якуб Гейштар (1827—1897), Аляксандар Аскерка (1830—1911), граф Віктар Старжынскі (1826—1882), граф Станіслаў Плятэр (нар. 1823), Францішак Далеўскі (1825—1904). Ад імя камітэту Яленскі езьдзіў у лютым 1863 году ў Варшаву для ўзгадненьня з варшаўскімі кіраўнікамі стасункаў адносна паўстаньня.
Пасьля далучэньня «белых» да паўстаньня 1863—1864 гадоў зь лютага 1863 году ўвайшоў у склад Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў касай, непасрэдна кіраваў паўстанцкай арганізацыяй Менскай губэрні, арганізоўваў распаўсюджаньне падпольных выданьняў. Браты яго жонкі Сабіны — Павал Дыбоўскі (1826—1885), вядомы партызан-паўстанец (псэўданім «Зарэмба»), і Эміль Дыбоўскі — таксама прынялі актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях у ходзе паўстаньня.
Адмовіўся падпісаць адрас вернападданства цару Аляксандру ІІ, які падпісвала мясцовае дваранства ў 1863 годзе і быў арыштаваны 1 чэрвеня 1863 году. У часе сьледзтва на Яленскага далі паказаньні некаторыя зь яго падначаленых, таму Яленскі вырашыў прызнаць сваё членства ў Аддзеле кіраўніцтва правінцыямі Літвы, каб сваёй хлусьнёй на сьледзтве прыкрыць іншых вязьненых сваіх таварышаў. Сваім прыкладам пацягнуў за сабой да прызнаньня ва ўдзеле ў таемнай арганізацыі «белых» арыштаванага старшыню Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы Якуба Гейштара.
Высылка ў Сібір і вяртаньне на радзіму
рэдагавацьУ 1865 годзе быў асуджаны да 15 гадоў катаргі на цяжкія капальныя работы ў Сібір — ва Ўсоль, куды за хворым Антонам Яленскім паехала яго жонка Сабіна. Былі канфіскаваны ўсе яго маёнткі. Канфіскаваны ўладамі родавы маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце набыў з таргоў старэйшы сын Антона Яленскага Павал, якому ўлады дазволілі прымаць удзел у аўкцыёне: калі сабраныя на аўкцыён дваране даведаліся, што будзе ўдзельнічаць і сын паўстанца, ухіліліся ад таргоў, каб даць мажлівасьць Паўлу набыць канфіскаваны родавы маёнтак па найніжэйшым кошце.
Ва Ўсолі Яленскі меў вострыя звады з Якубам Гейштарам, якога вінаваціў у здрадзе таемнай арганізацыі ў ходзе паўстаньня, а Сабіна Яленская дапамагала хворым катаржнікам, атрымаўшы ад іх найменьне «анёла».
Пасьля вызваленьня цяжка хворы Яленскі жыў у Кракаве, памёр у Вільні. Жонка Сабіна памерла ў маёнтку Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губэрні.
Літаратура
рэдагаваць- Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor ; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. “Kurjer Litewski”, 1913. — T. 1. — 422 s.
- Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor ; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. “Kurjer Litewski”, 1913. — T. 2. — 384 s.
- Kieniewicz, S. Jeleński Antoni / S. Kieniewicz // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc.: Ossolineum, 1964. — T. XI/1. Zesz. 48: Jarosław — Jelowicki Aleksander. — S. 139—140.
- Памяць. Петрыкаўскі раён. — Менск, 1995
- Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.
- Деревни и люди Мозырщины. — Мазыр, 2001
- Швед, В.В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн. / В.В. Швед. — Горадня: ГрДУ, 2007. — 275 с.
- Луговцова, С.Л. «Заговор Канарского»: Мозырское демократическое общество и его участники / С.Л. Луговцова // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навук. зб. Вып. 5 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Менск : БДУ, 2010. — С. 297—315.