Няміга (вуліца)

вуліца ў Менску (Беларусь)
(Перанакіравана з «Няміга (вуліца, Менск)»)

Вуліца Нямі́га (да 1960-х гадоў — Няміская) — адна з найстаражытнейшых вуліцаў Менску, якая зьвязвае Нізкі Рынак з Пляшчанкай праз Раманаўскую Слабаду. Атрымала назву ад аднаменнай ракі, рэчышчам якой праходзіць вулічная траса.

Няміга
Агульная інфармацыя
Раён гораду
Былыя назвы Няміская
На мапе
Google · Яндекс
Вуліца Няміга ў Вікісховішчы

Дамінанта вуліцы — збудаваная ў стылі барока царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася гатычная Харальная санагога, помнік архітэктуры XVI ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі разам з гістарычнай забудовай вуліцы.

Гісторыя

рэдагаваць

Паводле археалягічных зьвестак, вуліца ўзьнікла ў пачатку XII ст. уздоўж ракі Нямігі, магчыма, падобна да вуліцаў Лагойскай, Койданаўскай, Барысаўскай і Заслаўскай, на старажытнай дарозе. Пачыналася ад брамы Менскага замку (цяпер выхад са станцыі мэтро «Няміга»).

З пачатку XVII ст. вуліца забудоўвалася 2-3-павярховымі камяніцамі ў стылі барока і клясыцызму, якія стаялі ўшчыльную адзін да адной, шырыня вуліцы складала 4—4,5 мэтры. Уваход у двары, г. зв. каменныя калодзежы з адрынамі, прыбіральнямі і выграбнымі ямамі, ажыцьцяўляўся праз аркавыя брамы ў фасадах — драўляныя, каваныя ці жалезныя, якія звычайна на ноч замыкаліся засовам. На вуліцы месьцілася мноства невялікіх крамак і крамаў, яна была цэнтральнай вуліцай Нізкага Рынку і мела для места і навакольля вялікае гандлёвае значэньне. У XIX ст. улучала Нізкі і Рыбны рынкі (на рагу вуліцаў Нямігі і Ракаўскай) і злучала гандлёвы пляц на Траецкай гары зь месцамі гандлю Раманаўскага прадмесьця (раён вуліцы Раманаўскай Слабады).

Да пачатку XX ст. па вуліцы працякаў ручай — рэштка ракі Нямігі, які па залевах, а таксама ўвесну і ўвосень разьліваўся, затапляў вуліцу і рынкавыя пляцы. Дзеля прадухіленьня гэтай штогадовай паводкі мескія ўлады пастанавілі закласьці Нямігу ў бэтонныя трубы, у 1926 годзе заклалі ў калектар ніжнюю плынь ручая, а саму вуліцу зьверху калектара забрукавалі, вузкія ходнікі заасфальтавалі. Аднак гэта не ўратавала вуліцу ад затапленьняў.

Традыцыйная форма назвы вуліцы — Няміская, Нямігай яна канчаткова стала толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Частка вуліцы ад царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла да вуліцы Зыбіцкай за часамі Расейскай імпэрыі называлася Кацярынінскай, у міжваенны час — Калініна. У часы Другой сусьветнай вайны нямецкія акупанты перайменавалі Няміскую ў Pionierstrasse (Сапёрную вуліцу)[1].

У паваенны час вуліца працягвала быць гандлёвым цэнтрам Менску. У 1955 годзе ў калектар заклалі верхнюю плынь Нямігі, што бегла яшчэ на паверхні ў раёне Таварнай станцыі. Гэта, аднак, ня выратоўвае раён ад паводак і ў XXI ст. У сярэдзіне 1970-х гадоў савецкія ўлады зруйнавалі ансамбль гістарычнай забудовы, па чым яны збудавалі шматпавярховы жылы дом паводле праекту Сьцяпана Мусінскага, ураджэнца Валагодзкай вобласьці Расеі, які пераехаў у Беларусь у 1960 годзе. У гэты ж час на вуліцы і ў прылеглым раёне праводзіліся здымкі фільму «Руины стреляют в упор».

Апісаньне

рэдагаваць

Праходзіць у Цэнтральным раёне Менску ад вуліцаў Максіма Багдановіча і Зыбіцкай да пляцу Францішка Багушэвіча.

У пачатку вуліцы месьціцца станцыя мэтро «Няміга».

  1. ^ Plan der Stadt Minsk. Anbefertigt im Juli 1941 durch Kommandeur der Bautruppen 9.