Антоні Пацей
Антоні Пацей (каля 1696 — 16 лютага 1749) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Абозны (1715—1729) і стражнік вялікі літоўскі (1729—1748).
Антоні Пацей | |
Герб «Вага» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1696 |
Памёр | 16 лютага 1749 Берасьце |
Род | Пацеі |
Бацькі | Казімер Аляксандар Пацей Ганна Тэрэза зь Летаваў |
Жонка | Разалія з Загароўскіх |
Дзеці | Людвіка Ганарата |
Дзейнасьць | палітык |
Быў старостам ваўкавыскім, сураскім, радамышальскім і жыжмарскім.
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік шляхецкага роду Пацеяў гербу «Вага», найстарэйшы сын Казімера Аляксандра, ваяводы віцебскага, і Ганны Тэрэзы зь Летаваў. Меў братоў Аляксандра (пам. у 1771), стражніка вялікага, і Міхала (пам. у 1787), старосту рагачоўскага.
3 чэрвеня 1721 году ва Ўсьцілугу (Уладзімерскі павет)[1] узяў шлюб з Разаліяй, дачкой валынскага кашталяна Стафана Загароўскага. У шлюбе нарадзілася дачка Людвіка Ганарата, якая ў 1740 годзе выйшла за ваяводу кіеўскага Станіслава Любамірскага.
Служыў у войску Вялікага Княства Літоўскага. 19 верасьня 1715 году атрымаў урад абознага, 4 чэрвеня 1729 году — стражніка вялікага літоўскага[1].
Быў прысутны ў Варшаве ў час студзеньскага сойму 1720 году, на восеньскім сойме таго ж году быў паслом ад Берасьцейскага ваяводзтва. Сойм 1724 году абраў яго на канфэрэнцыю з замежнымі міністрамі, а сойм 1726 году — у склад камісіі для перамоваў з прадстаўніком Швэцыі. Ад берасьцейскага сойміку быў абраны паслом на студзеньскі сойм 1733 году[1].
Пры жыцьці бацькі пісаўся ўладаром на Кадзіню (Амсьціслаўскае ваяводзтва) і Рэчыцы (Берасьцейскае ваяводзтва). Пасьля сьмерці свайго стрыя гетмана Людвіка Пацея ўспадкаваў у Берасьцейскім ваяводзтве Ражанку (фундаваў там каля 1726 году ўніяцкую царкву), Уладаву (аздобіў там касьцёл Сьвятога Людвіка) і Тэрэспаль (аднавіў там уніяцкую царкву), Орхаў у Холмскай зямлі, а таксама Піліцы і Мжыглуд у Кракаўскай зямлі. Меў у валоданьні таксама Вашкевічы ў Лідзкім павеце, Малую Ельню ў Берасьцейскім павеце (тут надаў і павялічыў фундуш уніяцкай царкве), палац у Вільні[1]. Патрапіўшы ў даўгі, прадаў берасьцейскія ўладаньні падскарбію ВКЛ Яну Юрыю Флемінгу з намерам выкупіць іх да 29 лютага 1749 году, але за 13 дзён да сканчэньня тэрміну памёр у Берасьці.
У 1730-х гадох удзельнічаў у барацьбе магнатаў за спадчыну княгіні Людвікі Караліны Радзівіл і яе нашчадкаў (Нойбурскія маёнткі). У 1733 годзе на элекцыйным сойме галасаваў за кандыдатуру караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага.
На чале 8-тысячнага войска выступіў супраць Аўгуста Саса, ваяваў з расейскім войскам, якое ўмацоўвала ўладу Аўгуста Саса ў Рэчы Паспалітай. У 1735 годзе эміграваў, у 1736 годзе вярнуўся і вызнаў Аўгуста Саса[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Zofia Zielińska. Antoni h. Waga Pociej (пол.)
- ^ Грыцкевіч А. Пацеі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 421.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0