Амішы
Амішы — супольнасьць хрысьціянаў, заснаваная ў 1693 годзе Якабам Аманам у Швайцарыі і Эльзасе ў якасьці адгалінаваньня анабаптыстаў.
Падкляса ад | швайцарцы, немцы |
---|---|
Дата заснаваньня / стварэньня | 1693 |
Назва арыгінальнай мовай | Amisch |
Родная мова | пэнсыльванска-нямецкая гаворка |
Валодае мовай | пэнсыльванска-нямецкая гаворка, амэрыканская жэставая мова |
Веравызнаньне | анабаптызм |
Названа ў гонар | Якаб Аман |
Заснавальнік | Якаб Аман |
Краіна | Злучаныя Штаты Амэрыкі, Канада, Балівія, Аргентына |
Падкрэсьліваюць важнасьць сьціпласьці ў паводзінах і звычаёвай вопраткі. Трымаюцца адасобленага пражываньня ад сьвецкіх асобаў з адрозным ладам жыцьця. Кіруюцца нормамі наўпрост зь Бібліі. Ад XVIII стагодзьдзя пераважна пражывалі на поўначы ЗША[1].
Веравызнаньне
рэдагавацьАмішы моляцца дома. Яны адмаўляюць моду і гонку за багацьцем. Удзел у царкоўнай грамадзе пачынаецца з хрышчэньня дарослымі ў веку ад 16 да 23 гадоў. Царкоўная акруга складаецца з 20—40 сем'яў. Кожную 2-ю нядзелю ладзяць набажэнства па чарзе ў дамах і пунях, якія належаць сябрам грамады. Аддаюць перавагу сямейным і царкоўным зносінам. Трымаюцца непраціўленьня злу, таму ня служаць у войску[1].
Лад жыцьця
рэдагавацьАмішы жывуць у вёсках без выкарыстаньня электрычнасьці. Яны навучаюць дзяцей цягам 8 клясаў да 13—14 гадоў (базавая школа). Трымаюцца ўласнай эльзаскай гаворкі нямецкай мовы ў набажэнстве і паўсядзённых зносінах. Вучаць дзяцей дома. Захоўваюць уласны лад жыцьця згодна з «Парадкам», які пераглядаецца ўсімі сябрамі грамады кожныя паўгады. Выкарыстоўваюць конныя фурманкі для паездак. Абмяжоўваюць выкарыстаньне самаходаў і тэлефонаў[1].
Маюць уласныя школы, дзе выкладае аднавясковец. З маленства дзеці вучацца працаваць дома, на сямейнай фэрме і грамадзкай зямлі. Па дасягненьні падлеткавага веку дазваляецца незвычаёвая вопратка і выезд у горад для азнаямленьня з сучаснымі прыладамі і іншым ладам жыцьця як «беганіна вакол». Пасьля гэтага даецца выбар прайсьці хрышчэньне ў царкве і вярнуцца ў грамаду амішаў або пакінуць яе[1].
Сэнс жыцьця амішаў палягае ў нараджэньні і гадаваньні дзяцей, таму ў сярэднім ў сем'ях амішаў нараджаецца па 7 дзяцей. Яны ня плоцяць унёскаў у дзяржаўныя фонды страхаваньня і сацыяльнага забесьпячэньня[1].
Пашыранасьць
рэдагавацьУ XXI стагодзьдзі амішы належалі да адной з найбольш хуткарастучых групаў насельніцтва ў сьвеце праз высокую нараджальнасьць, якая ў сярэднім складала па 7 дзяцей на сям'ю. За 2015—2024 гады іх лік вырас з 300 000 да 401 000. Лік іх грамадаў павялічыўся на 35 % з 501 да 675. На 2024 год у ЗША налічвалася 395 000 амішаў (98 %), якія пражывалі ў вёсках пераважна на поўначы ЗША. Агулам іх грамады знаходзіліся ў 32-х зь 50 штатаў ЗША. Найбольш амішаў пражывала ў штатах Пэнсыльванія (92 700 чал.), Агаё (86 000 чал.) і Індыяна (65 500 чал.). Яшчэ 6000 амішаў пражывала ў суседняй Канадзе[1].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ пачатку XVIII стагодзьдзя амішы перасяліліся ў брытанскую правінцыю Пэнсыльванія ў Паўночнай Амэрыцы, каб пазьбегнуць рэлігійнага перасьледу ў Заходняй Эўропе і жыць згодна з уласным веравызнаньнем[1].
На прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША 2024 году амішы ўпершыню масава прагаласавалі. Дарадца выбарчага штабу Дональда Трампа Джан Халпэр-Хэйз зьвярнула ўвагу на тое, што за вылучэнца ад Рэспубліканскай партыі прагаласавалі 180 000 новых выбарцаў зь ліку амішаў. У выніку тыя дапамаглі Трампу выйграць у штаце Пэнсыльванія, які вызначыў вынік выбараў[1].
Крыніцы
рэдагавацьГэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |