Адам Людвіг Левэнгаўпт

А́дам Лю́двіг Ле́вэнгаўпт (па-швэдзку: Adam Ludwig Lewenhaupt; 15 красавіка 1659, ваенны лягер пад Капэнгагенам12 лютага 1719, Масква) — швэдзкі граф і генэрал.

Адам Людвіг Левэнгаўпт
Adam Ludwig Lewenhaupt
15 красавіка 165912 лютага 1719
Месца нараджэньня пад Капэнгагенам, Данія
Месца сьмерці Масква, Расейская імпэрыя
Прыналежнасьць Швэцыя
Гады службы 1684—1709
Званьне генэрал
Бітвы/войны Вялікая Паўночная вайна
Бітва пад Салатамі
Бітва пад Якабштатам
Бітва пад Гемаўэртгофам
Бітва пад Лясной
Бітва пад Палтавай
Капітуляцыя пад Перавалочнай

Біяграфія

рэдагаваць

Адам Людвіг Левэнгаўпт нарадзіўся ў 1659 годзе ў швэдзкім ваенным лягеры падчас аблогі Капэнгагену. Яго бацькамі былі граф Людвіг Вірых Левэнгаўпт і графіня Шарлёта фон Гоэнлёэ. Жылі Левэнгаўпты ў замку Шарлётэнборг на рацэ Мутала. Ва ўзросьце 9 гадоў ён асірацеў і быў выхаваны графам Пэрам Брагэ Малодшым. Вышэйшую адукацыю атрымаў спачатку ў Люндзкім, пасьля ва Ўпсальскім унівэрсытэце, а ў 1682 у нямецкім Ростаку абараніў дысэртацыю[1]. Спачатку ён зьбіраўся стаць дыпляматам, але ва ўзросьце 25 гадоў зразумеў, што гэта не для яго, і быў прыняты ў армію Нільсам Більке[2].

Турэцкія войны

рэдагаваць

На пачатку ваеннай кар’еры Левэнгаўпт узяў удзел (на баварскай службе) у вайне супраць Асманскай імпэрыі. Пасьля гэтага ваяваў супраць Францыі ў вайне за Пфальцаўскую спадчыну, дзе даслужыўся да палкоўніка і вярнуўся ў Швэцыю.

У 1689 ажаніўся на сваёй кузіне Брыце Даратэі Левэнгаўпт.

Вялікая Паўночная вайна

рэдагаваць

Левэнгаўпт быў рэкрутаваны Карлам XII адразу напачатку Вялікай Паўночнай вайны і неўзабаве прызначаны камандуючым інфлянцкім фронтам. 19 сакавіка 1703 ён разьбіў расейцаў пад Салатамі, а 26 ліпеня 1704 — пад Якабштатам. 16 ліпеня 1705 адбылася Бітва пад Гемаўэртгофам, у якой 7-тысячная армія Левэнгаўпта разьбіла 12-тысячную расейскую армію на чале з Шарамецевым. Аднак стратэгічнага значэньня гэтая перамога ня мела: ужо празь некалькі тыдняў Расея захапіла ўсю Курляндыю, і Левэнгаўпт са сваім войскам быў вымушаны адступіць[3].

Расейскі паход

рэдагаваць

У 1707 годзе Карл XII распачаў г. зв. Расейскі паход, першапачатковай мэтай якога была Масква. У 1708 кароль загадаў Левэнгаўпту сабраць правіянту на 3 месяцы і рушыць з абозам і 12-тысячным корпусам да яго ў Магілёў. Напрыканцы чэрвеня 1708 Левэнгаўпт з абозам выйшаў зь Мітавы[4].

Але беларускія дарогі былі вельмі кепскімі, і абоз рушыў вельмі марудна. Левэнгаўпт ня ведаў дакладна, дзе ў дадзены момант знаходзіўся кароль, і толькі пад Магілёвам даведаўся, што паход на Маскву быў адменены. У спробе аб’яднацца з асноўнай арміяй, ён патрапіў на расейцаў і вымушаны быў прыняць бой, у якім страціў абоз і частку свайго войска. Далучыцца да арміі караля яму і рэштам корпусу (5000 чалавек) атрымалася толькі пад Старадубам[5]. Без правіянту швэдзкая армія была вымушана цярпець голад, акрамя таго, наступіла вельмі халодная зіма.

Ва Ўкраіне швэды, між іншым, узялі ў аблогу Вепрык, а ў красавіку 1709 распачалі аблогу Палтавы.

Бітва пад Палтавай

рэдагаваць

Пасьля бітвы пад Лясной Карл XII ужо не давяраў Левэнгаўпту камандаваньне арміяй[6]. У бітве пад Палтавай паранены кароль прызначыў камандуючым фэльдмаршала Рэншэльда, а Левэнгаўпта паставіў на чале пяхоты. Левэнгаўпт быў незадаволены рашэньнем караля, бо бачыў сябе на чале ўсёй арміі, што парадзіла адкрытыя спрэчкі паміж ім і фэльдмаршалам. У прыватнасьці, Левэнгаўпт рыхтаваў атаку на расейскі лягер, але Рэншэльд даў супрацьлеглы загад. Пасьля паразы пад Палтавай, Левэнгаўпт з 16-тысячным войскам адступіў да Перавалочны, дзе быў вымушаны капітуляваць і, такім чынам, патрапіў у расейскі палон.

Карл XII спачатку вельмі паважаў генэрала, але пасьля няўдалага паходу з абозам і, асабліва, пасьля Перавалочны, кароль канчаткова раззлаваўся на Левэнгаўпта і ўжо ніколі не дараваў яму: ён нават нічога не зрабіў, каб паспрабаваць вызваліць яго з палону, у якім генэрал і памёр 12 лютага 1719[7].

У Швэдзкай дзяржаўнай партрэтнай галерэі ў замку Грыпсгольм захоўваецца партрэт Адама Людвіга Левэнгаўпта пэндзалю Давіда фон Крафта[8]

  1. ^ Konovaltjuk, P., Lyth, E., Vägen till Poltava. Slaget vid Lesnaja 1708, Svenskt militärhistoriskt biblioteks förlag, 2009, s.10
  2. ^ Katastrofen vid Poltava – Karl XII:s ryska fälttåg 1707–1709. Historiska media. Lund. Sidan 87 - 88. eISBN 91-85377-70-8
  3. ^ Liljegren, B., 2000. Karl XII: En Biografi. Historiska media. Lund. Sidan 395. eISBN 91-85377-14-7
  4. ^ Liljegren, B., 2000. Karl XII: En Biografi. Historiska media. Lund. Sidan 155. eISBN 91-85377-14-7
  5. ^ http://bengt_nilsson.tripod.com/Carolus/severien.htm
  6. ^ Fryxell, Anders, Berättelser ur svenska historien. D. 22. - Stockholm, 1856. - s. 140.
  7. ^ Konovaltjuk, P., Lyth, E., Vägen till Poltava. Slaget vid Lesnaja 1708, Svenskt militärhistoriskt biblioteks förlag, 2009, s.247
  8. ^ Statens porträttsamling på Gripsholm, 1. Porträtt före 1809. Stockholm 1951, s. 144