Бі́тва пад Лясно́й — адна з самых значных і вырашальных падзеяў у гісторыі Вялікай Паўночнай вайны (17001721). Бітва адбылася 28 верасьня 1708 году непадалёк ад беларускай вёскі Лясная. Расейскае войска было пад камандаваньнем цара Пятра I і фэльдмаршала Аляксандра Меншыкава. Швэдзкай арміяй камандаваў генэрал Адам Людвіг Левэнгаўпт. Перад пачаткам бітвы армія генэрала Левэнгаўпта налічвала 5500 ваяроў інфантэрыі і 3000 кавалерыі, моц расейскага войска складала 4830 ваяроў інфантэрыі (10 батальёнаў) і 6795 ваяроў кавалерыі.

Бітва пад Лясной
Бітва пад Лясной. Жан Марк Нацье (1717)
Дата: 28 верасьня 1708
Месца: Лясная (цяпер у Беларусі)
Вынік: Перамога расейскага войска
Супернікі
ШвэцыяРасея
Камандуючыя
Адам Людвіг ЛевэнгаўптПётар I
Колькасьць
12 500 — 16 00012 000 — 14 500
Страты
6500 забітых, 3000 параненых1111 забітых, 2856 параненых
 
Пётар I

Генэрал Адам Людвіг Левэнгаўпт камандаваў адной з самых выдатных швэдзкіх вайсковых частак, якая ў той час кватаравала пад Рыгай. Улетку 1708 году войска Левэнгаўпта вырушыла з Рыгі, каб злучыцца з галоўнай арміяй Карла XII.

Армія Карла XII таксама чакала ад Левэнгаўпта зброю, харчаваньне і вайсковую амуніцыю, плянуючы пасьля дапамогі працягнуць паход на Маскву. Але падрыхтоўка Левэнгаўпта зацягнулася, і Карл XII вырашыў адправіцца тым часам з паходам на Ўкраіну. 15 верасьня 1708 году рушыла ў паход галоўная армія швэдаў. Армія Левэнгаўпта знаходзілася пры гэтым усяго каля сотні кілямэтраў ад Карлавага войска.

Расейскія военачальнікі вырашылі скарыстацца гэтым становішчам, і Пётар I аддаў прыказ ісьці ў наступ на армію Левэнгаўпта, вырашыўшы не дазволіць швэдзкай арміі злучыцца з галоўнай часткай войскаў Карла XII. Неабходна было сьпяшацца, каб не дапусьціць пераправы корпусу генэрала Левэнгаўпта на другі бераг ракі Сож. Такі паварот дзеяньняў не застаў Левэнгаўпта зьнянацку; генэрал спыніў сваё войска і загадаў рыхтавацца да бітвы. Нечакана ў дзень бітвы ў другой палове дня пачаўся моцны сьнегапад, што было вельмі неспрыяльна для непадрыхтаванага да такой зьмены швэдзкага войска. Швэды былі дэзарыентаваны, Левэнгаўпт аддаў загад адступаць, а таксама паліць і зьнішчаць зброю, харчаваньне і ваенную амуніцыю, якія прызначаліся для арміі Карла.

 
Адам Людвіг Лэвэнгаўпт

Левэнгаўпт аддаў загад свайму корпусу імкліва і непрыкметна пад пакровам ночы ўцякаць празь лес да Прапойску (назва цяперашняга беларускага гораду Слаўгарад да 1945 году). Калі ранкам наступнага дня высьветлілася, што войска Левэнгаўпта на месцы ўчорашняга бівака няма, Пётар I кінуў наўздагон атрад драгунаў, якіх узначальваў генэрал-лейтэнант Пфлюг. Драгунамі Пфлюга было пасечана каля пяцісот швэдаў і захоплена ўсё тое, што Левэнгаўпт не пасьпеў патапіць у рацэ Сож: зброю і амуніцыю схавалі пад сабой воды ракі. Да галоўнага стану Карла здолела дабрацца ўсяго 6.503 салдаты корпуса Левэнгаўпта, армія швэдзкага караля засталася без правіянту і бяз страчанай у бітве пад Лясной зброі. Таксама не дасталася швэдзкаму каралю зброя і багатыя запасы правіянту ад гетмана Мазепы, таму што даведаўшыся пра нечаканую здраду Мазепы і яго войска, Пётар загадаў спаліць стан гетмана ў Батурыне.

Страты і вынікі

рэдагаваць

У бітве пад Лясной загінула больш за 6500 швэдаў, каля 3000 былі паранены. Страты на баку расейскай арміі склалі 1111 чалавек забітымі і 2856 чалавек параненымі. Зьнішчэньне корпусу Адама Левэнгаўпта значна паслабіла пазыцыі Карла ХII і ўзьняло дух расейскай арміі, бо гэта была перамога над самым моцным корпусам швэдаў, які цягам дзевяці гадоў лічыўся непераможным. Бітва пад Лясной таксама стала канцом перавагі Швэцыі на поўдні Эўропы.

Паводле Пятра I, бітва пад Лясной — «маці Палтаўскай бітвы», якая адбылася роўна дзевяцьцю месяцамі пазьней.

Бітва пад Лясной у культуры і мастацтве

рэдагаваць

У 1717 годзе францускі мастак Жан Марк Нацье напісаў палатно «Бітва пад Лясной», якое замовіў яму Пётар I.

У гонар 200-годзьдзя перамогі над арміяй швэдаў непадалёку ад вёскі Лясная быў узьведзены мэмарыял, які стварыў скульптар А. Обэр.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць