Мар’ян Лянгевіч
Мар’я́н Лянге́віч (па-польску: Marian Langiewicz; 5 жніўня 1827, г. Кратошын, Вялікае княства Познанскае, Прусія — 10 траўня 1887, Канстантынопаль, Атаманская імпэрыя[a]) — генэрал і дыктатар паўстаньня 1863—1864 гадоў.
Біяграфія
рэдагавацьВучыўся ў гімназіі ў г. Тшэмешна. У 1860 браў удзел у выправе Джузэппэ Гарыбальдзі на в. Сыцылія, дзе адзначыўся мужнасьцю і ўпартасьцю. Выкладаў у Польскай вайсковай школе ў г. Кунэа (П’емонт), дзе стаў ярым праціўнікам Людвіка Мераслаўскага. Быў зьвязаны з крылом «Белых».
Напярэдадні паўстаньня ад імя Цэнтральнага нацыянальнага камітэту набываў і транспартаваў у Польшчу вінтоўкі зь Нямеччыны і Бэльгіі. 9 студзеня 1863 прызначаны палкоўнікам Сандамірскага ваяводзтва. Меў намер сабраць свой узброены аддзел ў Сьвентакшыскіх гарах, а потым рушыць на Варшаву. 22 студзеня тройчы атакаваў расейскія аддзелы ля в. Ядзельня, г. Бадзентыну і ў г. Шыдлоўцы (дзе ўдзельнічаў асабіста). Распачаў паход, які гісторыкі назавуць «кампанія Лянгевіча». У абозе ў кляштары Ванхоцка сабраў аддзел у 1400 чалавек, зь якіх сфармаваў тры групоўкі (коньнікаў, пешых і войск забесьпячэньня). Заклаў там штаб аддзела, шпіталь, друкарню і наладзіў вытворчасьць зброі. Расейцы зладзілі за ім пагоню і напалі з розных напрамкаў. 11 лютага разьбіў расейцаў у бітве ля Слуп’я («Сьвентакшыская бойка»), здабыў 1000 карабінаў і 8 гармат. Моц ягонага аддзела ўзрасла. У Малагошчы паяднаў свой аддзел з аддзелам Мазавецкага ваяводзтва (колькасьць склала 2,5 тысячы чалавек). Тут жа даў бітву колькасна пераўзыходзячым расейцам, дзе перамог без значных страт (300 забітых і 2 гарматы). 11 сакавіка ў маёнтку Гошча абвясьціў сябе дыктатарам паўстаньня[1].
Праз тыдзень пасьля дзьвюх бітваў, 19 сакавіка, скіраваўся ў Галіцыю. Быў арыштаваны аўстрыйскімі ўладамі. Два гады быў вязьнем турмы Язэпаў (Язэпштадт). Пазьней жыў на эміграцыі ў Ангельшчыне і Швайцарыі. Потым жыў і служыў у турэцкім войску пад імем Лангі Бэй. Памер у Канстантынопалі 10 траўня 1887 і быў пахаваны на могілках Хэйдар Пашы, побач са сваёй жонкай Сюзаннай (ангелькай па паходжаньні).
19 чэрвеня 1937 міністар абароны Польшчы надаў казармам 56-му палку пяхоты Велькапольскай імя генэрала Мар’яна Лянгевіча.
У Вайсковым музэі Варшавы захоўваецца ягоная ўласная афіцэрская шабля (вырабленая ў Ангельшчыне ў 1857)[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Zdzisław Noga, Osadnictwo i krajobraz, ZZJPK w Krakowie 1997, ISBN 83-901471-7-3 s.53
- ^ Dziennik Rozkazów M.S.Wojsk. Nr 7 z 19.06.1937 r. poz. 90.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Звесткі пра дату нараджэньня і сьмерці былі правераны ў Рэгіянальным музэі ў Кратошыне, у якім захоўваецца копія метрычнага запісу Мар'яна Лянгевіча.
Літаратура
рэдагаваць- Zbigniew Ćwiek, Przywódcy powstania styczniowego. Sześć sylwetek, Państwowe Wydawnictwo «Wiedza Powszechna», Warszawa 1963.
- Encyklopedia Polski, Wydawnictwo Ryszard Kluszczyński, Kraków 1996.
- Wojciech Kalwat, Bitwa pod Grochodziskami 18 marca 1863 r., z cyklu: «Chwała oręża polskiego» nr 19(40), «Rzeczpospolita» 2 grudnia 2006. (dodatek)
- Włodzimierz Kwaśniewicz, Dzieje szabli w Polsce, Dom Wydawniczy Bellona, Oficyna Wydawnicza RYTM, Warszawa 2007.
- Stanisław Strumph-Wojtkiewicz, Powstanie styczniowe, Instytut Wydawniczy «Nasza Księgarnia», Warszawa 1973.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Адозва генерала Мар’яна Лянгевіча з абгрунтаваньнем патрэбы ў дыктатуры, і пастановай Нацыянальнага ўраду з заклікам народу да змаганьня ад 10 III 1863 года(недаступная спасылка)
- Рапарт генэрала Мар’яна Лянгевіча з галоўнай кватэры ў Слупіі ад 26 II 1863 г. // «Wiadomości z Pola Bitwy» dnia 6 III 1863 roku(недаступная спасылка)
- Дакумант з пячаткай паўстанцаў і подпісам генерала Мар’яна Лянгевіча ад 23 I 1863 года