Аб’яднаньне Бэсарабіі з Румыніяй
Аб’ядна́ньне Бэсара́біі з Румы́ніяй (па-румынску: Unirea Basarabiei cu România) — палітычная падзея пэрыяду распаду Расейскай імпэрыі, у выніку якога праз шэраг фактараў адбылося ўваходжаньне ў склад тагачаснага Каралеўства Румынія тэрыторыі Бэсарабіі — тэрыторыі сучаснае Малдовы за выключэньнем Прыднястроўя.
Гістарычны фон
рэдагавацьБэсарабская губэрня
рэдагавацьУ 1812 годзе паміж Расейскай ды Асманскай імпэрыямі была падпісаная Бухарэсцкая дамова, паводле ўмоваў якой да Расеі пераходзіла ўсходняя частка гістарычнае Малдовы, у тым ліку й украінскія рэгіёны такія як Хацін і Буджак (поўдзень Адэскай вобласьці). Спачатку расейскае кіраўніцтва выкарыстоўвала для названьня новых тэрыторыяў назву Вобласьць Малдовы і Бэсарабіі, рэгіёну была нададзеная высокая ступень аўтаноміі. У 1828 годзе Расея абмежавала мясцовае самакіраваньне і пераназвала вобласьць у Бэсарабскую губэрню (альбо проста Бэсарабію ў размоўным ужытку). У гэты час паўночны захад гістарычнае Малдовы, паўднёвая Букавіна, увайшоў у склад Аўстрыі, а заходняя частка рэгіёну (сучасны паўночны ўсход Румыніі) меў статус аўтаномнага княства, якое ў 1859 годзе аб’ядналася з Валахіяй (поўдзень Румыніі) і ўтварыла Каралеўства Румынія. У 1856 годзе ўмовамі Парыскае дамовы тры зь дзесяці паветаў Бэсарабскае губэрні — Кагульскі, Балградзкі, Ізмаільскі, патрапілі ў склад Румыніі, але ў 1878 годзе яны былі зноў вернутыя ў склад Расеі паводле Бэрлінскага трактату.
На момант далучэньня ў рэгіёне пераважала румынскае насельніцтва[1], аднак калянізацыя рэгіёну з боку расейцаў, баўгараў і ўкраінцаў павялічыла дзелю славянскага насельніцтва да больш за 1/5 ў 1920 годзе[1][a]. Цягам прыбываньня прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, такіх як гагавузы, габрэі, немцы, дзеля румынаў зьнізілася да 64% ад насельніцтва губэрні.
Царская палітыка ў Бэсарабскай губэрні была накіраваная ў асноўным на інтэграцыю румынаў у расейскае грамадзтва (напрыклад, пасьля 1860-х гадоў была забароненая адукацыя і літургіі па-румынску). Вынікам гэтае палітыкі, аднак, стала не інтэграцыя, а вельмі маленькі адсотак пісьменнасьці: 18% серад мужчынаў і 4% серад жанчын паводле зьвестак перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі ў 1897 годзе[2]. На думку некаторых румынскіх гісторыкаў, пачуцьцё вызначанага расчараваньня расейскім кіраваньнем стала зьяўляецца серад румынскага насельніцтва Бэсарабіі да пачатку Першае сусьветнае вайны[3].
Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка
рэдагавацьПадзеі Першае сусьветнае вайны прывялі да росту палітычнага і культурнага рухаў серад насельніцтва Бэсарабскае губэрні. У 1917 годзе серад прызваных у расейскую армію бэсарабскіх салдатаў было створана некалькі г.зв. «Камітэтаў малдоўскіх салдатаў». Пасьля рэвалюцыі 1917 году ў Расеі з ініцыятывы бэсарабскіх грамадзкіх дзеячоў у кастрычніку-лістападзе гэтага ж году быў скліканы мясцовы парлямэнт, які ў сьнежні абвясьціў Малдаўскую Дэмакратычную Рэспубліку як аўтаномію ў складзе Расейскай рэспублікі, утварыў уласны ўрад, а ў лютым 1918 году аб’явіў пра незалежнасьць рэспублікі.
Акт пра аб'яднаньне
рэдагаваць9 красавіка 1918 году парлямэнт МДР, таксама вядомы ў гістарыяграфіі як Сфатул Цэры[b], 86 галасамі прагаласаваў за аб’яднаньне з Каралеўствам Румынія на ўмовах захаваньня мясцовай аўтаноміі, выкананьня аграрнае рэформы і павагі да асноўных правоў чалавека[4][5][6]. Тым ня менш, абавязковы законам усенародны рэфэрэндум наконт гэтага пытаньня не адбыўся.
Аднымі зь першых мясцовых уладаў, хто адрэагаваў на мажлівасьць аб’яднаньня, сталі павятовыя рады Бельцкага, Сароцкага й Аргееўскага паветаў былой Бэсарабскае губэрні.
Падрабязны сьпіс умоваў выглядаў наступным чынам:
- Сфатул Цэры правядзе аграрную рэформу, якую прыме ўрад Румыніі;
- Бэсарабія захавае аўтаномны статус, а Сфатул Цэры застанецца ейным прадстаўнічым органам;
- Сфатул Цэры вызначацьме мясцовы бюджэт, кантралявацьме мясцовыя земствы (мясцовыя самакіраваньні) і гарады, а таксама вызначацьме назвы мясцовых дзяржаўных установаў;
- Заклік у армію будзе ажыцьцяўляцца на тэрытарыяльнай прыкмеце;
- Мясцовыя законы і формы кіраваньня могуць быць зьмененыя толькі з ухваленьня мясцовых прадстаўнікоў;
- З боку Румыніі будзе забясьпечаная павага правоў нацыянальных меншасьцяў;
- Два прадстаўнікі Бэсарабіі стануць чальцамі ўраду Румыніі;
- Бэсарабія будзе адпраўляць у румынскі парлямэнт колькасьць прадстаўнікоў, прапарцыйна роўную дзелі насельніцтва Бэсарабіі ад Румыніі;
- Усе выбары маюць засноўвацца на прамым, роўным, таемным і ўсеагульным галасаваньні;
- Канстытуцыя мусіць гарантаваць свабоду слова ды веравызнаньня;
- Усім асобам, якія зьдзейсьнілі цяжкія злачынствы па палітычнай прыкмеце падчас рэвалюцыі, будзе нададзеная амністыя.
Аб'яднаньне
рэдагавацьПершая ўмова, выкананьне аграрнае рэформы, была зацьверджаная ў лістападзе 1918 году, пасьля чаго Сфатул Цэры адмовіўся ад астатніх умоваў, разьлічваючы на разьвіцьцё дэмакратыі ў Румыніі. Аднак галасаваньне па гэтым пытаньні тэарэтычна можа лічыцца нелегітымным, паколькі склад парлямэнту не набраў неабходны кворум: з 125 чальцоў парлямэнту ўдзел у галасаваньні ўзялі толькі 44 чалавек, хоць і ўсе зь іх прагаласавалі за[7].
Брытанскі гісторык Бэрнард Ньюман, які ў той час вандраваў на ровары Румыніяй, пісаў, што галасаваньне парлямэнту адлюстравала палітычныя погляды большасьці насельніцтва Бэсарабіі, а мясцовае насельніцтва ўспрымала аб’яднаньне як добраахвотны акт з боку народу[8].
Увосень 1919 году ў Бэсарабіі адбыліся ўсеагульныя выбары, на якіх трэба было абраць 90 дэпутатаў і 35 сэнатараў у румынскі парлямэнт — Устаноўчы Сход. 20 сьнежня гэтага ж году абраныя прадстаўнікі ратыфікавалі акт аб’яднаньня, які быў ухвалены як Сфатул Цэры, так і сходамі ў Трансыльваніі ды Букавіне (у выніку падзеньня Заходнеўкраінскай НР у склад Румыніі патрапіла ня толькі паўднёвая, этнічна румынская, частка Букавіны, але й паўночная, этнічна ўкраінская, якая да гэтага была аб’яўлена часткай Заходняй Украіны).
Падчас перамоваў між вялікімі дзяржавамі і Румыніяй, 1 лютага 1919 году брытанскі прэм’ер-міністар Дэвід Лойд-Джордж меў гутарку са сваім румынскім калегам Іёнам Брэтыяну. Пасьля сыходу дэлегацыі ўраду Румыніі Лой-Джордж прапанаваў, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі Румыніі (якая прэтэндавала ня толькі на тэрыторыю Бэсарабіі, але яшчэ на Трансыльванію і Букавіну, якія зьяўляліся часткамі Аўстра-Вугоршчыны) будуць разгледжаныя спэцыяльнай камісіяй на аснове гістарычных, этнічных геаграфічных, стратэгічных, але не палітычных фактараў[9]. Гэтая тэрытарыяльная камісія была сфармаваная, і зь яе дапамогай вялікая чацьверка дзяржаваў прапанавала свае абачаньні будучыні тэрытарыяльных зьменаў краіны. У гэтую камісію ўвайшло па два сябры ад кожнай краіны: Клайв Дэй і Чарлз Сэймур (ЗША), Айра Кроў і Алан Ліпэр (Вялікабрытанія), Андрэ Тард’ё і Гі Лярош (Францыя), Джакама Дэ Марціна і Люіджы Ванутэлі-Рэй (Італія). У ходзе абмеркаваньня чалцьы камісіі пагадзіліся з уваходжаньнем у склад Румыніі толькі Бэсарабіі[10], пры гэтым ЗША адмовіліся ад падпісаньня дамовы, грунтуючыся на адсутнасьці прадстаўленьня ў камісіі Расеі, якой належала Бэсарабія[11]. Камуністычная ўлада, якая на той момант ужо ўстанавілася ў Расеі, не прызнала ўваходжаньня рэгіёну ў склад Румыніі[11][c], аднак было фактычна прызнана ў іншых краінах сьвету.
Аб’яднаньне было прызнанае Вялікабрытаніяй, Францыяй ды Італіяй паводле Парыскае дамовы 1920 году, аднак дамова не набыла моцы, бо яе не ратыфікавала Японія; савецкі бок увогуле ня быў прадстаўлены на дамоўнай канфэрэнцыі[11]. Дамова таксама не была падпісаная між Саветамі і Румыніяй праз тэрытарыяльныя прэтэнзіі першых на Бэсарабію. Тым ня менш, у 1928 годзе паводле пакту Брыяна-Келага і ў 1933 годзе (Лёнданская дамова) Савецкі Саюз і Румынія далучыліся да прынцыпу негвалтоўнага вырашэньня тэрытарыяльных дыспутаў.
Пасьля правалу паўстаньня ў Татарбунарах на тэрыторыі Прыднястроўя, якое не патрапіла пад кантроль як МДР, так і Румыніі, была ўтвораная Малдаўская Аўтаномная ССР, якая ўваходзіла ў склад Украінскай ССР.
Зямельная рэформа, праведзеная Сфатул Цэры ў 1918-1919 гадох, прывяла да павелічэньня дзелі сярэдняе клясы серад сельскага насельніцтва да 80%. Да 1930 году ўзровень пісьменнасьці ўзрос да 40%, аднак рэгіён надалей адставаў у адукацыі.
У 1924 годзе віцэ-старшыня Сфатул Цэры Пан Халіпа, які ў 1918 годзе быў заўзятым прыхільнікам савецкае ўлады, раскрытыкаваў урад Румыніі, пры якім Бэсарабія, на ягоную думку, ператварылася ў «пекла», і што малдаўскі народ «стаў пакутаваць і сыходзіць крывёю больш, чым пры царскім рэжыме»[12].
Далучэньне да СССР
рэдагавацьПраз 22 год статус-кво Бэсарабіі быў зьменены, калі артыкулам 4 сакрэтнага дадатку да Пакту Молатава-Рыбэнтропа Нацысцкая Нямеччына пагадзілася на адсутнасьць інтарэсаў у Бэсарабіі на карысьць СССР. 26 чэрвеня 1940 урад Румыніі атрымаў ультыматум, згодна зь якім ад СССР высоўваліся патрабаваньні эвакуацыі адміністрацыі й арміі з Бэсарабіі і поўначы Букавіны і гарантавалася ўварваньне ў выніку нязгоды з ультыматумам[13]. Пад ціскам Бэрліну й Масквы, а таксама сыходзячы з імавернасьці вайны, Румынія была вымушаная выканаць гэтыя патрабаваньні[14]. Падчас адступленьня румынская армія была атакаваная савецкай, якая ўступіла ў Бэсарабію яшчэ да заканчэньня эвакуацыі румынскай адміністрацыі. У выніку адступленьня 48 888 румынскіх салдатаў зьніклі бязь вестак, у тым ліку 53 загінула. Некаторыя вайсковыя аддзяленьні не падпарадкаваліся загаду на адступленьне і засталіся ў Бэсарабіі[15].
Паўднёвыя раёны Бэсарабіі, дзе больш за палову насельніцтва складалі не-румыны (у прыватнасьці, украінцы) былі перададзеныя Ўкраінскай ССР і ўтварылі Ізмаільскую вобласьць (цяпер — некалькі раёнаў на поўдні Адэскай вобласьці між сучаснай Малдовай і ўзьбярэжжам Чорнага мора). У той жа час, Малдаўская Аўтаномная ССР была выведзеная са складу УССР і ўтварыла з астатняй Бэсарабіяй (дзе большасьць ад насельніцтва складалі румыны) новую саюзную рэспубліку — Малдоўскую ССР. У часы Другой сусьветнай вайны Румынія далучылася да краінаў Восі і здолела вярнуць сабе Бэсарабію (пры гэтым пашырыўшыся і далей на ўсход за кошт этнічна ўкраінскіх тэрыторыяў, такіх як Адэса). Савецкі Саюз зноў вярнуў гэтыя тэрыторыі ў 1944 годзе.
Афіцыйная савецкая гістарыяграфія ставіла на мэце доказ статусу малдаванаў як асобнага народу ад румынаў, што рабілася пры патрэбе абгрунтаваць знаходжаньне МССР асобна ад Румыніі. Для падкрэсьліваньня адрозьненьняў мясцовая мова атрымала назву малдаўская і стала запісвацца кірыліцай[16].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Паводле разьлікаў лічбаў у крыніцы.
- ^ Трансьлітарацыя румынскага Sfatul Țării.
- ^ Дэ-юрэ не прызнавала да самога ўваходжаньня Бэсарабіі ў склад СССР, гл., напрыклад, мапу тагачаснай УССР.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Russia organizes the province. Chapter VIII (анг.) Electronic Text Archive Праверана 18 студзеня 2014 г.
- ^ The survival of roumanian. Chapter X (анг.) Electronic Text Archive Праверана 18 студзеня 2014 г.
- ^ The decay of russian sentiment. Chapter XXIV (анг.) Electronic Text Archive Праверана 18 студзеня 2014 г.
- ^ Organization of the diet. Chapter XVII (рас.) Electronic Text Archive Праверана 18 студзеня 2014 г.
- ^ Pelivan (Chronology)
- ^ Cazacu (Moldova, стст. 240-245)
- ^ Charles King. The Moldovans: Romania, Russia, and the Politics of Culture. — Hoover Press, 2000. — С. 35.
- ^ Bernard Newman. The new Europe. — С. 245.
- ^ VIII // Istoria Romanilor. — Bucuresti: Editura Enciclopedica, 2003. — С. 6-7.
- ^ Marcel Mitrasca. Moldova: A Romanian Province under Russian Rule. Diplomatic History from the Archives of the Great Powers. — С. 67.
- ^ а б в Wayne S Vucinich. 4 // Bessarabia. — Collier's Encyclopedia. — Crowell Collier and MacMillan Inc, 1967. — С. 103.
- ^ Halippa, Pantelimon. O cuvântare ținută în Parlamentul Țării. Discuția la Mesaj, Ședința din 28 noiembrie. — București: 1924. — С. 71.
- ^ Ioan Scurtu, Theodora Stănescu-Stanciu, Georgiana Margareta Scurtu. Istoria Românilor între anii 1918-1940. — Universitatea din București, 2002.
- ^ Nagy-Talavera, Nicolas M. Green Shirts and Others: a History of Fascism in Hungary and Romania. — 1970. — С. 305.
- ^ „The June/July 1940 Romanian withdrawal from Bessarabia and Northern Bukovina and its consequences on interethnic relations In Romania”. Final Report of the International Commission on the Holocaust in Romania. Yad Vashem (The Holocaust Martyrs' and Heroes' Remembrance Authority)
- ^ Mackinlay, pg. 140