Віскі

(Перанакіравана з «Ўіскі»)

Ві́скі (ірл. Uisceвада) — моцны алькагольны напой, які атрымліваецца шляхам перагонкі зброджанага сусла са збожжа (ячменнага соладу альбо зерня) з наступнай вытрымкай сьпірту ў дубовых бочках. Падчас вытрымкі мае моцнасьць 60—80%, прадаецца разбаўленым да 40—50%. Упершыню згадвадваецца ў 15 стагодзьдзі ў Ірляндыі і Шатляндыі.

Шатляндзкі віскі

Гісторыя

рэдагаваць

Як і ўсе моцныя эўрапейскія напоі, віскі ўзыходзіць да часоў Крыжовых паходаў (XII стагодзьдзе). У манастырах Брытанскіх астравоў «ваду жыцьця» (акавіту) пачалі вырабляць пад уплывам італьянскіх тэхнічных дасягненьняў. На Раство Хрыстова 1405 г. у Ірляндыі віскі ўпершыню пісьмова згадваецца ў Летапісе Клонмакнойса(en) 1627 году (цяпер графства Офалі(ga), правінцыя Ленстэр), дзе апісваецца сьмерць правадыра ад «празьмернага прыёму акавіты» (ірл. uisce beatha — вада жыцьця). У 1494 г. у Шатляндыі першае пісьмовае сьведчаньне аб вытворчасьці віскі ўпершыню сустракаецца ў «Скарбавых ведамасьцях»(en), дзе апісваецца пасылка соладу «брату Джону Кору, паводле загаду караля, для вырабу акавіты» (гэльск. uisge beatha — вада жыцьця) аб’ёмам на 500 пляшак.

Спачатку напой выкарыстоўваўся як лекавы сродак, але зь цягам часу ўжываньне віскі пашыралася, ды ў XVI—XVII стагодзьдзях набыло велізарныя памеры. У 1579 годзе шатляндзкі парлямэнт дазволіў гнаць віскі толькі дваранству, а ў 1642 годзе кароль увёў манаполію на вытворчасьць алькаголю. Віскі афіцыйна выраблялі толькі 8 буйных перагонных заводаў, але ў вёсках узьнікалі падпольныя вінакурні. Якасьць віскі падпольнае вытворчасьці паступова ўзрастала, як і попыт на яго, і ў 1823 годзе дробныя вінакурні былі ўзаконеныя. У Амэрыцы вытворчасьць віскі (анг. whisky) пачалася фактычна з узьнікненьнем брытанскіх калёніяў (амэрыканскі віскі часьцей называюць словам бурбон), зь цягам часу ствараюцца буйныя перагонныя заводы. Сёньня большасьць вінакурняў Шатляндыі належаць амэрыканскім алькагольным канцэрнам, якія ў сваёй краіне вырабляюць бурбоны невысокае якасьці. Для ірляндзкага віскі можа выкарыстоўвацца адрознае напісаньне па-ангельску: whiskey.

Клясыфікацыя

рэдагаваць
  • аднасоладавы (сынгл-молт; анг. single malt) — выраблены толькі зь ячменнага соладу на адной вінакурні (лічацца найлепшымі);
  • чыстасоладавы (п’юэ-молт; анг. pure malt) — сумесь аднасоладавых з розных вінакурняў;
  • адназерневы (сынгл-грэйн; анг. single grain) — выраблены на адной вінакурні з ужыцьцем зерня (ячмень, жыта, кукуруза);
  • сумесевы (блэнд; анг. blend) — сумесь аднасоладавых ды адназерневых;
  • сумесева-раскошны (блэнд-дэлюкс; анг. blend-delux) — сумесевы, які ўтрымлівае больш за 60% соладавага віскі.

У Шатляндыі вылучаюцца чатыры рэгіёны з істотна адрознымі тыпамі віскі: Гайлэнд, Лоўлэнд, Спэйсайд ды Айлэй.

Беларусь

рэдагаваць

У 2011 г. у Беларусі выпусьцілі 20,3 тыс. дэкалітраў віскі[1].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Віскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў