Ігнат Дварчанін

беларускі навуковец, паэт, пісьменьнік, літаратуразнавец, грамадзка-палітычны дзяяч
(Перанакіравана з «І. Дварчанін»)

Ігнат Сымонавіч Дварчанін (пс. І. Гудок, І. Ладанчук, І. Д-н, І. Д.; 8 чэрвеня [ст. ст. 27 траўня] 1895, в. Погіры, Слонімскі павет, цяпер Зьдзецельскі раён — 8 сьнежня 1937, Ленінград?) — грамадзкі дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэньня, навуковец, паэт, пісьменьнік, літаратуразнавец. Доктар філязофіі (1925).

Ігнат Дварчанін
лац. Ihnat Dvarčanin
дэпутат Сойму Польскай рэспублікі
1928 — 1930
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 8 чэрвеня 1895
в. Погіры, Слонімскі павет, цяпер Зьдзецельскі раён
Памёр: 8 сьнежня 1937 (42 гады)
Ленінград?
Партыя: 1) БСГ (1917—1918)
2) БПСР (1918—1924)
3) БСРГ (ад 1926)
Адукацыя:

Біяграфія

рэдагаваць

Зь сям’і малазямельнага арандатара. У 1912 годзе скончыў Зьдзецельскую школу, атрымаў атэстат народнага настаўніка. У 1912—1915 настаўнічаў у в. Хмяльніца на Слонімшчыне.

З траўня 1915 году служыў у расейскім войску, з восені 1916 — ваяваў на Заходнім фронце. Падпаручнік.

З чэрвеня 1917 у Менску. Сябра БСГ, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Напрыканцы сьнежня 1917 езьдзіў да бацькоў-бежанцаў ў Новачаркаск.

З сакавіка 1918 году сакратар культурна-асьветніцкага аддзелу Белнацкаму ў Маскве. Сябра БПСР.

Браў актыўны ўдзел у нарадзе настаўнікаў беларускіх школ 21—23 ліпеня 1918. Са жніўня 1918 году вярнуўся на Бацькаўшчыну. Ператварыў пачатковую школу ў вёсцы Пецюкі ў беларускую.

У 1919 годзе на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах арыштаваны польскімі ўладамі як эсэраўскі актывіст, накіраваны ў лягер для інтарнаваных у Беласток. Уцёк зь лягеру і перабраўся ў Менск, дзе стаў студэнтам беларускага пэдінстытута.

Са сьнежня 1920 году да ліпеня 1921 году ў Вільні. Працуе вартаўніком, пісарам у канцылярыі беларускага аддзелу ў Дэпартамэнце асьветы, настаўнікам у мястэчку Сьвір Сьвянцянскага павету. У 1921 годзе экстэрнам здаў іспыты за курс Віленскай беларускай гімназіі[1].

Выконваў даручэньні Віленскага БНК, Цэнтральнай беларускай школьнай рады. У летку 1921 году накіраваны БНК у Латвію. Там чытае лекцыі па беларусазнаўстве на настаўніцкіх курсах у Дзьвінску. Адзін з заснавальнікаў культурна-асьветніцкага таварыства «Бацькаўшчына», уваходзіў у яго кіраўніцтва.

У верасьні 1921 удзельнічаў у беларускай канфэрэнцыі ў Празе. Накіраваны ТБШ на вучобу ў Праскі Карлаў унівэрсытэт на гісторыка-філялягічны факультэт, які скончыў у 1925 годзе. У 1926 годзе абараніў дысэртацыю на тэму «Францішак Скарына як культурны дзяяч і гуманіст на беларускай ніве».

У 1924 годзе стварыў у Празе арганізацыю Незалежных сацыялістаў. Быў старшынём Аб’яднаньня прагрэсіўных беларускіх студэнтаў у Празе, сябрам Беларускай рады, рэдактарам «Бюлетэня Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацый» і часопісу «Перавіасло».

У 1926 вярнуўся ў Вільню. Актыўна далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, асабліва да леварадыкальнага крыла. Сябра БСРГ. Сакратар Беларускага выдавецкага таварыства. У 1927 — настаўнік літаратуры Віленскай беларускай гімназіі.

Пераклаў на беларускую мову паэму Аляксандра Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

 
«Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры», Вільня, 1927, Беларускае выдавецкае таварыства

Склаў і выдаў у 1927 годзе «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры». З 1927 супрацоўнічаў з часопісамі «Родныя гоні», «Маланка». Быў рэдактарам газэты «Narodny zwon».

У 1928 годзе абраны ў польскі сойм ад сьпісу № 39 «Змаганьне за інтарэсы работнікаў і сялян» па выбарчаму акругу № 61: Наваградак. Сябра Беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клюбу «Змаганьне». Сябра Галоўнай управы ТБШ.

У 1930 годзе арыштаваны польскімі ўладамі. 12 студзеня 1930 асуджаны на працэсе па справе беларускага клюбу «Змаганьне». Атрымаў агулам 8 год турмы. Таго самага году беспасьпяхова ізноў вылучаўся на выбарах у сэйм ад Беларускага сялянска-работніцкага блёку. Сядзеў у вязьніцы ў Равічу[2], дзе ўступіў у турэмную ячэйку КПП.

Вызвалены 15 верасьня 1932 у выніку абмену палітвязьнямі паміж СССР і Польшчай. З лістапада 1932 працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэньню Заходняй Беларусі і КП(б)Б. Выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства.

Арыштаваны 16 жніўня 1933 па справе Беларускага нацыянальнага цэнтру. Судовая калегія АДПУ БССР ад 9 студзеня 1934 году прысудзіла да вышэйшай меры пакараньня, якая была зьменена на 10 год пазбаўленьня волі. Высланы на Салаўкі, пасьля на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу.

Пастановаю «тройкі» НКУС па Ленінградзкай акрузе ад 25 лістапада 1937 атрымаў новы вырак да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляны 8 сьнежня 1937. Рэабілітаваны 16 жніўня 1956.

Яго родны брат Іларыён Дварчанін, беларускі грамадзкі дзяяч, загінуў у савецкіх лягерах.

Бібліяграфія

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць