Іштван I Сьвяты

кароль Вугоршчыны
(Перанакіравана з «Іштван I»)

І́штван I Сьвяты́ (Іштван Вялікі; па-вугорску: (Szent) I. István), у лацінізаваным варыянце Стэфан I (каля 970/975 — 15 жніўня 1038) — нітранскі князь (995—997), вугорскі надзьфэедэлем (зь 997) і першы кароль Вугорскага каралеўства (з 1000/1001) з дынастыі Арпадаў.

Іштван I Святы
Кароль Вугоршчыны
1-ы Кароль Вугоршчыны
1001 — 1038
Папярэднік пасада зацверджаная;
ён сам як Вялікі князь вугорцаў
Вялікі князь вугорцаў
997 — 1000
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся ~970/975,
Памёр 15 жніўня 1038, Вугоршчына
Дынастыя Арпады
Сужэнец Гізэла Баварская
Бацька Геза
Маці Шарлёта
Подпіс Выява аўтографу

Біяграфія

рэдагаваць

Іштван быў сынам вярхоўнага князя вугорцаў Гезы і княгіні Шаральт, першапачаткова насіў імя цюрскага паходжаньня[2][3][4] Вайк (гэта значыць «герой» ці «лідар»). Працягваючы ініцыятывы бацькі, ён прыклаў шмат высілкаў для завяршэньня афармленьня ў Вугоршчыне раньнефэўдальнай дзяржавы.

 
Пітэр Ёзэф Вэргаген. Іштван Сьвяты прымае пасланцаў папы рымскага, якія прынеслі карону. Музэй выяўленчых мастацтваў (Будапэшт)

Пасьля прыгнечаньня мецяжоў некалькіх іншых прэтэндэнтаў на сталец — Копаня (які кіраваў у Шомадзі), Дюл’ы (які паўстаў у Трансыльваніі ў 1003 годзе), а таксама паўстаньні «цёмных вугорцаў» (1008) — Іштван I быў каранаваны легатам Папы Рымскага Сільвестра ІІ Астрыкам на Раство 1000 (ці 1001) году, атрымаўшы такім чынам як духоўную, гэтак і сьвецкую ўладу.

Каралю Іштвану быў дараваны тытул апасталічнага караля з уладай у 10 дыяцэзыях, а таксама права свабоднага распаўсюджаньня веры і аўтаномнае кіраваньне царквой у Вугоршчыне (гэта дазволіла краіне захаваць рэальную незалежнасьць ад Папы, у той час, як Чэхія і Польшча не змаглі гэтага дамагчыся). Пасьля каранацыі Іштван з дапамогай лацінскіх і грэцкіх сьвятароў пачаў ажыцьцяўляць хрысьціянізацыю краіны, зьвяртаючы вугорцаў у новую рэлігію. З дапамогай хрысьціянізацыі Іштван канчаткова інтэграваў Вугоршчыну ў кола цывілізаваных народаў і заваяваў сабе права лічыцца пасьля сьмерці яе сьвятым заступнікам, таму ён і быў кананізаваны каталіцкай царквой.

Цэнтралізацыю Вугоршчыны Іштван I праводзіў па ўзоры імпэрыі Каралінгаў. Іштван ліквідаваў племянны падзел краіны, стварыўшы тэрытарыяльна-адміністрацыйныя акругі — каралеўскія камітаты (ці жупы), на чале якіх стаялі ішпаны. Створаны прыдворны савет атрымліваў дарадчыя функцыі. Першы кароль таксама правёў вельмі пасьпяховыя фінансава-эканамічныя рэформы: было адменена рабаўладаньне, распаўсюджанае ў вугорцаў на раньніх пэрыядах гісторыі, у той жа час прадстаўнікі фэўдальна-запрыгоненых клясаў маглі быць вызвалены асабіста каралём, усталёўваўся фіксаваны падатак у форме дзесяціны, пры гэтым духавенства, князі, ішпаны і военачальнікі вызваляліся ад выплатаў, была распачата чаканка манэтаў. Пры Іштване былі створаны дзьве кадыфікацыі законаў: першая складалася з 35 артыкулаў, другая — з 20.

Да 1028 году Іштван I падпарадкаваў вугорскаму ўплыву ўвесь Карпацкі рэгіён, замацаваўшы далучэньне новых тэрыторыяў адпаведнымі дагаворамі зь Вялікім князем Кіеўскім Яраславам Мудрым і каралём Польшчы Баляславам I Храбрым. Закліканыя фэўдаламі нямецкія рыцары караля Конрада II, абапіраючыся на пратэстуючых супраць рэформаў Іштвана I язычнікаў, у 1030 годзе выступілі супраць вугорскага караля, але іх уварваньне было адбіта лаяльнай Іштвану арміяй.

Іштван быў жанаты з Гізэляй Баварскай; у іх было трое дзяцей, у тым ліку Сьвяты Эмэрык (Імрэ), але ўсе яны памерлі ў маладосьці, яшчэ пры жыцьці бацькі. Спадчыньнікам Іштвана стаў ягоны пляменьнік Пётар Арсэоля.

Іштван Вялікі — галоўны сьвяты заступнік Вугоршчыны. Дзень Сьв. Іштвана — 20 жніўня — галоўнае нацыянальнае сьвята Вугоршчыны, якое адзначаецца масавымі гуляньнямі, фаервэркамі і тэатралізаванымі паказамі на тэму нацыянальнай гісторыі.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Іштван I Сьвятысховішча мультымэдыйных матэрыялаў