Іраклі Лісоўскі
Іра́клі Лісо́ўскі (у сьвеце Ёсіф; 1734, Полацкае ваяводзтва — 30 жніўня 1809) — царкоўны дзяяч Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Уніяцкі арцыбіскуп полацкі (з 1784), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1806, без зацьверджаньня Папам Рымскім).
Іраклі Лісоўскі | |
Герб «Вожык» | |
XVII мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1806 — 1809 | |
Папярэднік | Тэадосі Растоцкі |
Наступнік | Рыгор Кахановіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1734 |
Памёр | 30 жніўня 1809 |
Род | Лісоўскія |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лісоўскі.
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік беларускага[1] шляхецкага роду Лісоўскіх гербу «Вожык». Навучаўся ў школе пры кляштары дамініканаў у Вушачах, дзе ўступіў у ордэн базылянаў Сьв. Язафата.
Быў ігуменам Полацкага манастыра пры Сафійскім саборы, а з 1778 — архімандрытам Ануфрыеўскага манастыра (Амсьціслаўскае ваяводзтва). 3 1780 сябра кансысторыі Полацкай уніяцкай япархіі.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) і скасаваньні таго ж року Кацярынай II уніяцкіх япархіяў (апроч Полацкай) фактычна кіраваў усімі ўніятамі Расейскай імпэрыі.
Падтрымліваў утварэньне Галоўнай сэмінарыі пры Віленскім унівэрсытэце (1803), адкрыў сэмінарыю для белага духавенства ў Полацку (1806).
Быў прыхільнікам ачышчэньня абраднасьці ад лацінскіх пазычаньняў. Склаў і даслаў у Рым на зацьверджаньне службоўнік з паралельнымі царкоўна-славянскім і лацінскім тэкстам.
Дамогся ад імпэратара Аляксандра I утварэньня ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамэнту для ўніятаў (1805), старшынём якога зрабіўся сам. Спрыяў выданьню царскага дазволу для ўніятаў, якія прынялі лацінскі абрад, вярнуцца да папярэдняй веры.
Ва ўнутрыцаркоўнай барацьбе абапіраўся на падтрымку царызму. У 1795 забараніў уніяцкім сьвятарам процідзейнічаць схіленьню (часам гвалтоўнаму) сваіх вернікаў у праваслаўе. У 1805 спрыяў выданьню загаду Пецярбурскай рымска-каталіцкай калегіі пра скасаваньне базылянскіх манастыроў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Сяргей Казуля. Лісоўскі Іраклій // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 200.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2