Інгушэтыя

суб‘ект Расейскай Фэдэрацыі

Інгушэ́тыя, Рэспу́бліка Інгушэ́тыя (па-расейску: Республика Ингушетия, па-інгуску: ГIалгIай Мохк) — суб’ект Расейскай Фэдэрацыі, разьмешчаны на Паўночным Каўказе. Мяжуе з Чачэніяй, Паўночнай Асэтыяй і Грузіяй.

Інгушэтыя
рас. Республика Ингушетия
інгуш. ГӀалгӀай Мохк

Сьцяг
Гімн Гімн Інгушэтыі
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Эканамічны раён Паўночна-Каўкаскі
Статус Рэспубліка
Уваходзіць у Прыволскую фэдэральную акругу
Адміністрацыйны цэнтар Магас
Улучае 4 муніцыпальныя раёны,
4 мескія акругі
Найбольшы горад Назрань
Іншыя буйныя гарады Назрань, Арджанікідзэўская
Дата ўтварэньня 4 чэрвеня 1992
Кіраўнік Юнус-Бек Яўкураў
Старшыня Ўраду Абубакар Мальсагаў
Афіцыйныя мовы расейская, інгуская[1]
Насельніцтва (2013)
442 255[2] (72-е месца)
Шчыльнасьць 114 чал./км²
Плошча 3685[3] км² (81-е месца)
Месцазнаходжаньне Інгушэтыі
Інгушэтыя на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас +4
Код ISO 3166-2 RU-IN
Код аўтам. нумароў 06
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы
Мапа Інгушэтыі

Інгушэтыя не мяжуе з Кабардзіна-Балкарыяй, нягледзячы на тое, што наяўнасьць такой мяжы адзначана на афіцыйных сайтах абедзьвюх рэспублік. Інгушэтыю ад КБР аддзяляе (сапраўды вельмі вузкі) клінок зямлі, на якой разьмешчанае паселішча з асэтынскім назовам Хурыкаў («Сонечная вёска»), пераважна населенае інгушамі. Хоць сытуацыя з гэтым пярэсмыкам няпростая, фармальна і юрыдычна ён адносіцца да Паўночнай Асэтыі.

Па тэрыторыі Інгушэтыя — самы маленькі рэгіён Расеі (ня ўлічваючы гарадоў фэдэральнага падпарадкаваньня Масквы і Санкт-Пецярбургу).

Назоў рэспублікі паходзіць ад расейскай назвы карэннага насельніцтва (інгушы — верагодна, ад назвы вёскі Ангушт). Саманазва народа — «галагай» (што значыць «будаўнікі»).

Геаграфія

рэдагаваць

Інгушэтыя разьмешчаная на паўночных схілах перадгор’я Вялікага Каўкаскага хрыбта, у цэнтральнай яго частцы. Гледзячы па расьсяленьні, Інгушэтыя — гэта адна вялікая вёска, якая раскінулася па шырокіх, спадзістых перадгор’ях. Па плошчы гэта невялікая рэспубліка — усяго ў два разы больш за Маскву. Насельніцтва — 350 тыс. чалавек, і амаль усё яно засяроджанае на поўначы, дзе паселішчы пераходзяць адно ў адно. На поўдні — лес і горы. Тамака раскіданыя старажытныя радавыя аўлы — радзіма ўсіх інгускіх тэйпаў. На поўдні насельніцтва вельмі малалікае.

Тэрытарыяльныя спрэчкі

рэдагаваць

Інгуская Рэспубліка дасюль ня мае вызначаных межаў. Канчаткова няясная мяжа Інгушэтыі з Чачэніяй і з Асэтыяй.

Паміж Паўночнай Асэтыяй і Інгушэтыяй існуе тэрытарыяльная спрэчка — Інгушэтыя аспрэчвае частку Прыгараднага раёну Паўночнай Асетыі на ўсход ад Уладзікаўказу. У 1990 годзе падчас актыўнай фазы канфлікту загінула больш чым 600 чалавек, больш за 900 былі параненыя, 30 000 інгушоў з Прыгараднага раёну ўцяклі з Паўночнай Асэтыі. На гэты канфлікт накладаецца бясланская трагедыя, што спарадзіла нянавісьць да інгушоў сярод асэтынаў, бо нібыта ўдзельнікі захопу школы прыехалі менавіта з Інгушэтыі.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Чачэніяй і Інгушэтыяй ідзе за Сунжанскі раён, які пасьля разьдзяленьня Чачэна-Інгускай АССР кожная з рэспублік палічыла сваім. У момант падзелу ў 1992 годзе ў Сунжанскім раёне паўстала двоеўладзьдзе, утварыліся асобныя інгуская і чачэнская адміністрацыі, якім падпарадкоўваліся тэрыторыі, населеныя, адпаведна, інгушамі і чачэнцамі. Зараз, на тле замірэньня Чачэніі, Крэмль пераконвае інгушоў і чачэнцаў зноў аб’яднацца ў адзіную вайнаскую рэспубліку. Але мясцовыя эліты скептычна глядзяць на такі праект[4].

Насельніцтва

рэдагаваць

Колькасьць насельніцтва 499 тыс. чал. (2008); інгушы (77,3 %), чачэнцы (20,4 %), расейцы (1,2 %). У Інгушэтыі беларусы складаюць 0,0049% насельніцтва, тут жывуць 23 беларусы (вынікі перапісу 2002 году).

Шчыльнасьць насельніцтва: 141,6 чал./км², удзельная вага гарадзкога насельніцтва: 42,6 % (2005).

Гісторыя

рэдагаваць

Інгушэтыя захопленая Расейскай Імпэрыяй у 1810 годзе. У 1860 году па ўказе імпэратара Аляксандра II ва ўсходняй частцы Паўночнага Каўказу была створана Церская вобласьць, у склад якой увайшлі Чачэнская, Ічкерыйская, Інгуская і Нагорная акругі.

Пасьля ўсталяваньня Савецкай улады, у сакавіку 1920, Церская вобласьць была расфармаваная, а Чачэнская (аб’яднаная з Ічкерыйскай) і Інгуская (аб’яднаная з Нагорнай) акругі сталі самастойнымі тэрытарыяльнымі ўтварэньнямі. Праз год, 20 студзеня 1921 году, Чачэнія і Інгушэтыя разам з Карачаева-Чаркесіяй, Кабардына-Балкарыяй і Паўночнай Асэтыяй увайшлі ў Горскую АССР. 7 лістапада 1924 году Горская АССР была ліквідаваная, у зьвязку з чым была створаная Інгуская АВ у складзе РСФСР.

 
Будынак Адміністрацыі прэзыдэнта ў Магасе

15 студзеня 1934 была створаная Чачэна-Інгуская аўтаномная вобласьць, якая 5 сьнежня 1936 году стала Чачэна-Інгускай АССР (ЧІАССР). У лютым 1944 году ў зьвязку з дэпартацыяй чачэнцаў і інгушоў аўтаномія была расфармаваная, пры гэтым Інгушэтыя ўвайшла ў Паўночна-Асэтынскую АССР у якасьці Назранскага раёну.

9 студзеня 1957 у зьвязку зь вяртаньнем дэпартаваных жыхароў Чачэна-Інгуская АССР была адноўленая (пры гэтым Прыгарадны раён, які датуль ужо засялілі асэтыны, быў уключаны ў склад Паўночнай Асэтыі). 15 траўня 1991 году ЧІАССР пераназваная ў Чачэна-Інгускую Рэспубліку. 1 кастрычніка 1991 году рашэньнем Вярхоўнага Савету РСФСР Чачэна-Інгуская Рэспубліка была падзеленая на Чачэнскую і Інгускую Рэспублікі. У склад рэспублікі ўвайшлі тры адміністрацыйныя раёны былой Чачэна-Інгушэтыі: Сунжанскі, Малгабэцкі і Назранскі. Сталіцай быў абраны былы раённы цэнтар Назрань. У канцы 2002 сталіцай стала места Магас у 4 кілямэтрах ад Назрані. Рашэньне аб пераносе сталіцы было прынятае ў 2000 годзе.

Адміністратыўны падзел

рэдагаваць

Рэспубліка падзяляецца на 4 раёны:

У Інгушэтыі 4 месты: Магас (сталіца рэспублікі), Назрань, Малгабэк, Карабулак. На тэрыторыі рэспублікі знаходзіцца самае вялікае ў Расеі па колькасьці жыхароў сельскае паселішча — станіца Арджанікідзаўская (65,5 тысячаў чалавек), а таксама самы маленькі ў Расеі горад — Магас (300 чалавек, па стане на 2007 год).

Забойствы мірнага насельніцтва

рэдагаваць

У дакладзе Камісіі Народнага Сходу Рэспублікі Інгушэтыя, падрыхтаваным 21 лютага 2008 году, прыведзеныя факты бясьсьледных зьнікненьняў грамадзянаў, забойстваў і выкраданьняў людзей на тэрыторыі рэспублікі за пэрыяд з 2002 году па цяперашні час[5].

Дзеля шматлікіх выпадкаў з парушэньнем правоў чалавека ў рэспубліцы ў 2005 родныя выкрадзеных на яе тэрыторыі людзей правялі агульны сход і запачаткавалі Аўтаномную некамэрцыйную арганізацыю «МАШР». За пэрыяд з 2002 па 2006 гады праваабаронцамі арганізацыі зафіксавана 150 выпадкаў выкраданьняў мірных людзей[6]. Кіраўнік праваабарончага руху «МАШР» Магамед Муцольгаў сьцьвярджае:

«Дзень, калі прэзыдэнтам Рэспублікі Інгушэтыя стаў Мурат Магамэтавіч Зязікаў, я прыроўніваю да такіх трагічных дат, як дэпартацыя інгушаў у 1944 годзе і генацыд над інгушамі у 1992 годзе.»

14 студзеня

рэдагаваць

У сяленьні Верхнія Ачалукі невядомымі з аўтамабілю ВАЗ-21012 серабрыстага колеру былі абстраляныя жыхары сяленьня Кантышава члены сям’і Кадзоевых, адзін з прадстаўнікоў якой зьяўляецца дэпутатам Дзярждумы. У выніку Адам Кадзоеў 1981 г.н. сканаў, Шаміль Кадзоеў 1979 г.н. атрымаў лёгкае раненьне ў плячо.

Раненьні таксама атрымалі двое невядомых, якія распачалі страляніну зь пісталетаў па Кадзоевым. Крыніца ў МУС Інгушэтыі паведаміла, што параненыя мужчыны зьяўляюцца ўдзельнікамі незаконных узброеных фармаваньняў.

28 лютага

рэдагаваць

У ходзе апэрацыі УФСБ РФ па Інгушэтыі ў муніцыпальнай акрузе Альтыева Назрані забітыя тры чалавекі: 22-гадовы жыхар сяленьня Дышні Вядзенскага раёну Чачэніі Акрамат Гянаеў, жыхарка пасёлку Карца Паўночнай Асэтыі 38-гадовая Мадзіна Аўшава, якую лічылі зьніклай бязь зьвестак, і жыхар станіцы Траецкай Сунжанскага раёну Інгушэтыі 28-гадовы Ібрагім Яўлоеў.

Па афіцыйнай вэрсіі, яны распачалі страляніну з аўтаматычнае зброі і гранатамётаў і былі забітыя стрэламі ў адказ. Падчас агляду месца здарэньня выяўлена і вынята вялікая колькасьць зброі і боепрыпасаў.

Вынікі балістычнай экспэртызы пацьвердзілі, што зброя ўжывалася пры абстрэле будынку ААТ «Інгушэлектрасувязь» у Назрані 20 студзеня 2008, працаўнікоў ТАА «Энігма» ля базавай станцыі «Мэгафону» ў муніцыпальнай акрузе Насыр-Корцкі 12 лістапада 2007, супрацоўнікаў МУС у муніцыпальнай акрузе Насыр-Корцкі 3 лютага 2007, супрацоўнікаў апэратыўнага палку МУС Інгушэтыі 14 лютага 2008. Групоўку І. Яўлоева вінавацяць таксама ў спрычыннасьці да выкраданьняў дэпутата Народнага Сабраньня Інгушэтыі М. Чахкіева і дзядзі кіраўніка рэспублікі У. Зязікава, а таксама да тэракту супраць старшыні ГАУС Назрані Джабраіла Кастоева ў 2006, падчас якога загінулі 8 чалавек. Забітая Мадзіна Аўшава лічыцца шахідкай-сьмяротніцай.

Па вэрсіі сайту «Інгушэтыя.Ру», супрацоўнікі ФСБ расстралялі выкрадзеных раней двух мужчынаў і жанчыну, зарганізаваўшы імітацыю бою і падкінуўшы зброю.

Па словах суседзяў, узброенага супраціву з хаты, якую забітыя здымалі ў арэнду, аказана не было, і яго проста абстралялі супрацоўнікі УФСБ.

Родныя забітых сьцьвярджаюць, што атрымалі іхнія целы бяз унутраных органаў. Родныя падкрэсьліваюць, што М. Аўшава была цяжарная, а гэта ставіць пад сумнеў афіцыйную вэрсію пра тое, што забітая зьяўлялася сьмяротніцай.

12 сакавіка

рэдагаваць

Падчас правядзеньня супрацоўнікамі сілавых органаў апэрацыі ў Траецкай быў забіты Рустам Муцольгаў. Па афіцыйнай вэрсіі, ён аказаў узброены супраціў, распачаўшы страляніну па групе захопу, і паспрабаваў прывесьці ў баявы стан гранату, якая ўзарвалася ў ягоных руках. Па вэрсіі Ўправы ФСБ Расеі па Інгушэтыі, Муцольгаў намерваўся ў якасьці тэрарыста-сьмяротніка зьдзейсьніць тэракт у месцах скапленьня людзей.

Па сьведках відавочцаў, Рустам і ягоная сястра Зарэма, якая знаходзілася ў гэты час у хаце і хавалася ў суседзяў, не аказвалі супраціву, аднак спрабавалі ўцячы.

Па вэрсіі маці забітага Эсэт Муцольгавай, сілавікі не спрабавалі затрымаць Рустама, і ад пачатку занялі зручныя для страляніны пазыцыі. Па ейных словах, Р. Муцольгава расстралялі ў сьпіну, калі той паспрабаваў уцячы. Граната была прыведзеная сілавікамі ў дзеяньне пасьля сьмерці Муцольгава.

25 красавіка

рэдагаваць

У Назрані абстраляная машына дэпутата Народнага сабраньня Інгушэтыі Руслана Гагіева. У момант абстрэлу за стырном аўтамашыны знаходзіўся ягоны брат Іслам, які атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненьні і памёр у рэанімацыйным аддзяленьні гарадзкой бальніцы.

У населеным пункце Кантышава забіты Іса Арсаеў, 1985 г. н., які, па афіцыйнай вэрсіі, быў удзельнікам незаконных узброеных фарміраваньняў. Арсаеў аказаў супраціў байцам спэцназу і быў зьнішчаны.

Аднак, па словах мясцовых жыхароў, І.Арсаеў быў забіты без аніякага папярэджаньня ў 200-300 м ад сваёй хаты па дарозе на працу. За 10-15 хвілінаў да здарэньня на месца прыбылі 30-40 супрацоўнікаў сілавых структураў на двух БТРах, двух "Газэлях" і некалькіх УАЗах. Арсаеў не аказваў сілавікам супраціву і ня меў пры сабе зброі.

10 траўня

рэдагаваць

У станіцы Траецкай Сунжанскага раёну прайшла спэцапэрацыя праваахоўных органаў, у выніку якой забітыя жыхар сяленьня Барсукі Тымур Ужахаў і жыхар Малгабеку Маўсар Азіеў. Па афіцыйнай вэрсіі, яны былі баявікамі, якім было прапанавана здацца, аднак яны распачалі страляніну па супрацоўніках праваахоўных органаў.

Аднак, паводле жыхароў Траецкай, Ужахава і Азіева расстралялі падчас выхаду з саўны, і яны ўзброенага супраціву не аказвалі. У кампаніі з загінулымі знаходзіўся яшчэ адзін чалавек, якога зьвезьлі ў невядомым кірунку. Раней сястра М. Азіева зьвярнулася ў ПЦ «Мэмарыял» з заяваю, што ў яе ёсьць інфармацыя пра падрыхтоўку да забойства брата сілавымі структурамі.

13 траўня

рэдагаваць

У прыватнай хаце ў Назрані былі блякаваныя і забітыя баявік і ягоная жонка. Пры аглядзе пасьля спэцапэрацыі на целе жанчыны быў выяўлены "пояс шахіда". Загінула таксама гаспадыня домаўладаньня Мадзіна Борава. Па афіцыйнай вэрсіі, забітая сямейная пара здымала ў Боравай домаўладаньне. Са словаў суседзяў, яны заўважылі пастароньніх людзей у падвале хаты і патэлефанавалі Боравай на працу. Калі жанчына адчыніла брамку ва двор, яна была забітая.

11 чэрвеня

рэдагаваць

Сілавікі правялі штурм хаты ў Карабулаку. Спачатку быў забіты адзін мужчына, які выбег на вуліцу. Затым супрацоўнікі правахоўных органаў абстралялі хату з гранатамётаў і подпалілі яе. Па інфармацыі МУС, было ліквідавана пяць баявікоў, якія мелі адносіны да забойства 8 чэрвеня 2008 супрацоўніка УБАЗ МУС Інгушэтыі Дэмбулата Баголава. Сярод загінулых — гаспадыня хаты Лідзія Албакава, ейны сын, а таксама нехта Аўшаў і Пугоеў.

29 чэрвеня

рэдагаваць

У Назрані побач з уласнай хатай невядомымі з машыны быў расстраляны мясцовы жыхар Іса Тунгоеў.

31 жніўня

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Магамэд Яўлоеў

Забіты нефармальны лідэр інгускай апазыцыі Магамэд Яўлоеў. Па вэрсіі сьледчага камітэту пры пракуратуры, ён «выпадкова» загінуў у машыне, калі супрацоўнікі ўнутраных справаў везьлі яго ў пастарунак. Заведзеная крымінальная справа па артыкуле «забойства па неасьцярожнасьці». Родныя загінулага сьцьвярджаюць, што Яўлоеў пры выхадзе з самалёту, якім ён прыляцеў у сталіцу Інгушэтыі Магас, быў схоплены невядомымі людзьмі, пасьля чаго яго кінулі ў машыну маркі УАЗ і павезьлі ў невядомым кірунку. Родныя Яўлоева адразу ж зладзілі пагоню за гэтым аўтамабілем, аднак выкрадальнікі па дарозе стрэлілі Яўлоеву ў галаву і выкінулі ягонае цела ля брамы інгускай рэспубліканскае клінічнае бальніцы[7]. Інгушы склікаюць агульнанацыянальны сход старэйшынаў, на якім маюць абмеркаваць свае далейшыя дзеяньні[8]. Тым самым рэйсам у Магас прыляцеў і генэрал ФСБ Мурат Зязікаў, кіраўнік рэспублікі Інгушэтыя.

Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» распаўсюдзіў заяву, у якой расцаніў забойства Магамэда Яўлоева як акт дзяржаўнага тэрору[9].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Інгушэтыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў