Ібліс
Іблі́с (араб. إبليس) — назва шатана ў ісламе — імя джына, які дзякуючы сваёй стараннасьці дасягнуў таго, што быў набліжаны Богам і знаходзіўся сярод анёлаў, але з-за сваёй ганарыстасьці быў зрынуты з нябёсаў. Пасьля свайго звяржэньня Ібліс стаў ворагам людзей, зьбіваючы вернікаў зь вернага шляху.
Ібліс мае шмат іншых імёнаў. Яго таксама называюць аш-Шайтан (الشيطان, як галаву усіх злых духаў — шайтанаў), Адуў Алаг (عدو الله «вораг Алага») або проста аль-Адуў (العدو «вораг»). Для абароны ад яго, мусульмане часта прамаўляюць малітву — істыазу : «А’уззу бі-л-Ляхі мінаш-Шайтані р-раджым» («Зьвяртаюся да Алага [за дапамогай] супраць Шайтана, які пабіваецца камянямі») або апошнія суры Карана (напрыклад: Аль-Фалак, Ан-Нас). Пастаянны эпітэт Ібліса — ар-раджым (الرجيم — «пабіты камянямі (грэшнік ці адступнік)»), які ўзыходзіць да 34 аяту суры Аль-Хіджар.
Гісторыя
рэдагавацьПаводле Карану, Алаг загадаў усім анёлам прыхіліцца сярод іх быў Ібліс (Джын), перад створаным ім першачалавекам Адамам, але Ібліс не паслухаўся яго. За сваё непаслушэнства ён быў зрынуты зь нябёсаў і асуджаны на пякельныя пакуты, але па просьбе Ібліса, Алаг адтэрмінаваў яму пакараньне да дню Страшнага суду. Ібліс пакляўся спакушаць і зьбіваць з прамога шляху людзей. Хадыс: Абу Са’ід аль-Худры (хай будзе задаволены ім Алаг) перадае: «Я чуў, як Пасланьнік Алага (мір яму і дабраславеньне Алага) казаў: „Сапраўды, шайтан сказаў: ‹Клянуся магутнасьцю Тваёй, Пане, я ня скончу зьбіваць рабоў Тваіх зь вернага шляху, пакуль душы іхнія знаходзяцца ў іхніх целах!“ Гасподзь Бог адказаў: ‹Клянуся Маёй магутнасьцю і веліччу, Я ня скончу прабачаць ім, пакуль яны просяць у Мяне прабачэньня!»".
Ібліс спакусіў першага чалавека — Адама, угаварыўшы яго і яго жонку не паслухацца Алага і спазнаць плёнаў забароненага дрэва. Рытуал кіданьня каменьчыкаў падчас хаджу зьвязаны з прарокам Ібрахімам, які адганяў Ібліса, які яго перасьледваў. У часы варожасьці прарока Мухамада і курайшытаў ён натхняў мекканцаў і медынскіх крывадушнікаў.
Паводле паданьня, Ібліс жыве на зямлі і ўзначальвае злых духаў — шайтанаў і джынаў. Упадабаным месцам яго знаходжаньня зьяўляюцца руіны, могілкі, лазьні і рынкі. Ён любіць сьпевы, танцы і вершы. Ібліс прымушае людзей забывацца на зьдзяйсьненьне малітвы, пастаянна перашкаджае ім зьдзяйсьняць богаўгодныя справы. Пасля Суднага дню, Ібліс і ўсе, хто паслухаўся яго, будуць падвергнуты пакутам пекла . Тыя, хто пасьпяхова йдуць па верным шляху, будуць узнагароджаны і адпраўлены ў рай.
Этымалёгія імёнаў
рэдагавацьІбліс (араб. إبليس , мн. л. ابالسة) можа быць вытворным ад арабскага вымаўленьня кораня баласа (بَلَسَ ), які азначае «ён безнадзейны»; таму лінгвістычным значэньнем слова «Ібліс» можа быць «той, хто прычыняе безвыходнасьць/роспач». Іншыя крыніцы сьцвярджаюць, што слова паходзіць ад ст.-грэц. διαβολος — «хітры», «паклёпнік» .
Ібліс часьцей згадваецца ў Каране як «шайтан» — агульны тэрмін, які выкарыстоўваецца ў адносінах да ўсіх духоўных сілаў, зьвязаных зь Іблісам. Слова «шайтан» (араб. شيطان šayṭān — «памылка», «аддаленьне», мн. л شياطين šayāṭīn «шаяцін») адбылося ад сэміцкага кораня *śṭn «сатан» літар. «быць варожым», «абвінавачваньне».
Ібліс згаданы ў Каране па імені 11 разоў, тады як Шайтан згаданы 88 разоў .
У Ібліса ёсьць і іншыя імёны-эпітэты. Адно зь імёнаў Ібліса — Азазіль (араб. عزازل , Азазэль عَزَازِيل ) не сустракаецца ў Каране і асноўных зборніках Хадысе, але яго можна сустрэць у некаторых ісламскіх крыніцах. У іх выказваецца меркаваньне аб тым, што Азазіль — гэта першае імя Ібліса. Паходжаньне гэтай вэрсіі зьвязваюць з ізраільскімі паданьнямі (ізраіліят). У некаторых паданьнях гаворыцца аб тым, што Ібліс быў таксама вядомы пад імёнамі аль-Харыс (الحارث), Абу-Кардус (أبو كردوس), Абу -Лабіні (أبو لبينى), Абу-аль-Карубіін (أبو الكروبيين) і іншымі.
Па адной з вэрсіяў імя Ібліс утворана ад грэцкага Ἀπόλλων (Апалён).
Заняпад
рэдагавацьКалі Бог загадаў усім анёлам, сярод якіх знаходзіўся і Ібліс, прыхіліцца перад Адамам, Ібліс, поўны ганарыстасьці, раўніва адмовіўся падпарадкоўвацца загаду Бога, з прычыны таго, што лічыў Адама найніжэйшым стварэньнем, бо той быў створаным са звонкай гліны, а Ібліс жа — зь пякучага бяздымнага полымя. Ібліс папрасіў Усявышняга Алага, каб Ён дазволіў яму жыць вольна да дня Суда. Усявышні Бог прыняў просьбу Ібліса і гарантаваў пакараньне Іблісу і яго пасьлядоўнікам у выглядзе пякельнага вагню. Бог, каб выпрабаваць чалавецтва і джынаў, дазволіў Іблісу блукаць па зямлі і спрабаваць спакушаць іншых.
Паходжаньне
рэдагавацьВобраз Ібліса быў вядомы ў асяродзьдзі язычнікаў, юдэяў і хрысьціян даісламскае Арабіі. Адтуль і прыйшлі ягоныя імёны: Ібліс і Шайтан. Гісторыя Ібліса лічыцца адным з тлумачэньняў прычынаў наяўнасьці зла ў сьвеце і няверы людзей.
У ісламе Ібліс зьяўляецца джынам, створаным зь бяздымнага вагню. Ён мае свабодную волю, як і людзі. Будучы калісьці набожным і сьціплым джынам, ён быў узьнесены да ўзроўню анёлаў і меў высокае становішча перад Алагам.
Паводле апокрыфа Кніга Эноха, Азазэль — дэман пустэльні, правадыр дапатопных гігантаў, якія паўсталі супраць Бога.
Уяўленьне
рэдагавацьКаран не паказвае Ібліса як ворага Бога, паколькі Бог зьяўляецца вышэйшым над усімі сваімі стварэньнямі, а Ібліс — толькі адно зь іх. Аднак, падобна хрысьціянству, і ў ісламе шырока распаўсюджана вера, што зло ў жыцьці людзей у выніку выклікана выхадкамі д’ябла.
Гісторыя зь Іблісам спарадзіла некалькі багаслоўскіх праблемаў, зьвязаных з канцэпцыямі прадвызначэньня і ўсемагутнасьці Алага. Мусульманскія багасловы абвясьцілі яго прыладай, якой Алаг адчувае людзей. Адным з тлумачэньняў адмовы Ібліса прыхіліцца (зьдзейсьніць суджуд) Адаму было тое, што Ібліс палічыў гэта пакланеньне парушэньнем сапраўднага адзінабожжа. Дадзенага пункту гледжаньня прытрымліваўся аль-Халадж і некаторыя суфіі. На думку Ібн Арабі, у рэшце рэшт Ібліс будзе дараваны Алагам.