Шайтан
Шайтан (па-арабску: شيطان šayṭān — «памылка», «аддаленьне», мн. л. شياطين šayāṭīn ад сэміцкага кораня *śṭn «сатан» сб) «сатан» па-габрэйску: שָׂטָן śāṭān, па-арамэйску: סטנא soṭono, на геэзе: śayṭān — « сатан(а)») — у ісламе прадстаўнік катэгорыі злых духаў, варожых Алагу.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/dd/Shaitan-png.png/341px-Shaitan-png.png)
Шайтан здольны прыняць аблічча чалавека. Пасьля Суднага дню (кіямат) шайтаны разам са сваім гаспадаром — Іблісам — асуджаныя на пякельныя мукі. З дапамогай сваіх слугаў Ібліс спакушае людзей, адцягвае іх ад набожных спраў і падбівае на зьдзяйсьненьне грахоў . Шайтаны створаны з вагню ці дыму і могуць прымаць розныя зьнешнія формы. Яны могуць нараджацца Іблісам і жывуць гуртамі ў розных краінах.
Шайтаны могуць мець розныя імёны, носяць эпітэт раджым («які пабіваецца»). "Слова шайтан сінанімічна біблейскаму тэрміну шатан".
Паводле ісламскіх паданьняў, шайтаны падахвочвалі да грахоў і памылак набожных людзей і прарокаў, напрыклад прарока Юсуфа . Частка шайтанаў калісьці падпарадкоўвалася прароку Сулейману, але затым вярнулася да сваіх справаў. Дагэтуль яны перашкаджаюць людзям зьдзяйсьняць малітвы і вучаць людзей вядзьмарству і магіі . Яны прымушаюць чалавека забываць Алага і падбіваюць зьдзяйсьняць грахоўныя ўчынкі пад выглядам набожных. Прынята лічыць, што ў кожнага чалавека ёсьць свой шайтан, як і свой анёл, якія вядуць барацьбу за сэрца чалавека. Шайтан імкнецца зьбіць чалавека зь вернага шляху, выкарыстоўваючы яго цялесныя імкненьні і жаданьні задавальненьняў (нафс), а таксама такія якасьці, як гнеў, злосьць, зайздросьць і г. д.
Мусульмане вераць, што для таго, каб адагнаць шайтана, дастаткова заклікаць на дапамогу Алага. Яны часта прамаўляюць формулу: «А’узу бі-лахі міна ш-шайтані р-раджым», або аяты Карана. Некаторыя мусульманскія багасловы лічаць шайтанаў самай свавольнай і няверуючай часткай джынаў. Іншыя лічаць іх асаблівай катэгорыяй істотаў, якія, у адрозьненьні ад джынаў, першапачаткова асуджаныя на нявер’е і пакараньне ў пекле. У Каране і ў багаслоўскіх кнігах Ібліс і шайтаны часта ўзаемазаменныя, бо шайтаны выконваюць волю і загады Ібліса. У даісламскай Арабіі шайтаны лічыліся пасярэднікамі ў зносінах з тагасьветным сьветам прадракальнікаў (кахін) і паэтаў (ша’ір).