8 сакавіка (кліп)

відэакліп коміка Вадзіма Галыгіна 2018 году

«8 сакавіка́» — музычны відэакліп коміка Вадзіма Галыгіна з удзелам расейскага гурту «Ленінград», створаны ў сакавіку 2018 году да Міжнароднага жаночага дня[1].

«8 сакавіка»
Жанр поп-музыка
Рэжысэр Зьміцер Сямёнаў-Алейнікаў
Прадусар Віктар Лабковіч
У ролях Ларыса Грыбалёва, Сяргей Шнураў, Анатоль Ярмоленка
Кампазытар Вадзім Галыгін
Апэратар Вадзім Пацееў
Мантаж Паліна Буцько
Вытворчасьць Радыё «Камэдыя» (Масква)
Дата выхаду 7 сакавіка 2018 (6 гадоў таму)
Працягласьць 5:53
Краіна Расея
Мова беларуская
Афіцыйны сайт

У кліпе зьняліся сьпявачка Ларыса Грыбалёва і кіраўнік ансамблю «Сябры» Анатоль Ярмоленка. На відэа таварна разьмясьцілі селядзец «Маціяс» і гарэлку «Бульбаш» беларускай вытворчасьці[2]. 9 сакавіка 2018 году за 2 дні відэакліп набраў звыш 4,2 млн праглядаў і звыш 6200 камэнтароў, а таксама атрымаў пазнаку «№ 1 у трэндавых» на Ютубе[3]. 11 сакавіка 2018 году за 4 дні кліп набраў звыш за 7 мільёнаў праглядаў[4]. 12 сакавіка 2018 году Вадзім Галыгін з нагоды свайго твору заявіў, што «тут у сатырычна-гумарыстычнай форме паказаныя ўсе магчымыя заганы, якія насьпяваюць у грамадзтве». У якасьці такіх заганаў ён згадаў: «шмат самотных жанчынаў, мужыкоў усё менш і менш застаецца... У тым ліку праз той лад жыцьця, які і паказаны ў кліпе». Галыгін адзначыў: «паказанае ў нашым творы — тэндэнцыя, якая можа стаць вялікай бядой на тэрыторыі ўсёй постсавецкай прасторы, Беларусі і Расеі ў прыватнасьці. Мы, на жаль, наперадзе ўсіх краін, што п’юць. І мы хочам паказаць, што мужчыны павінныя любіць жанчынаў, жанчыны — мужчынаў, аказваць адно аднаму знакі ўвагі, а не купляць у каляндарныя даты шкарпэткі ці яшчэ што. Ды яшчэ і не данесьці свой падарунак». Урэшце аўтар падкрэсьліў, што «ўся каманда працавала бясплатна» і «гэта было зроблена з патрыятычнага пункту гледжаньня, і я рады, што ўся каманда складалася зь беларусаў»[5]. На жнівень 2020 году відэакліп «8 сакавіка» налічваў 24 мільёны праглядаў і быў найбольш прагляданым відэазапісам на Ютубе па-беларуску.

Кліп пачынаецца з размовы мужчынаў на трасянцы з лаянкай. Потым жаночы хор сьпявае песьню па-беларуску. Відэа суправаджаецца расейскімі субтытрамі, якія разыходзяцца з гукам[1].

9 сакавіка 2018 году відэаблогерка Ганна Бонд тройчы заўважыла наконт відэакліпа «8 сакавіка»: 1) «Я шмат ежджу па рэгіёнах, сытуацыя там такая, як паказана ў кліпе — мужык п’е»; 2) «кліп паказвае жыцьцё рэгіёнаў, пасёлкаў, вёсак. Татальнае пʼянства ў рэгіёнах сапраўды ёсьць»; 3) «ў цэлым людзі ня ўмеюць піць, і ў кліпе гэта адлюстравана». Урэшце яна адзначыла: «У роліку паказана, што мужык жа бабе патрэбны. У любым выглядзе – аднавокі, калека, алькаголік. Хоць які, абы быў». Юрыстка Дар’я ​Альперн-Каткоўская пагадзілася, што «кліп выкрывае праблему п’янства». Мовазнавец Вінцук Вячорка падкрэсьліў наконт кліпа, што «тут прадʼявілі тыповую Расею» і «кпіны з жанчынаў». Ён абурыўся, што «беларуская мова ў кліпе — гэта адпаведнік найніжэйшага стылю». Культуроляг Максім Жбанкоў згадаў, што кліп зьнялі «ў фармаце народнай весялухі», а «гэта культура нізавая, вульгарная, карыкатурная, коміксавая». Ён дадаў, што праз гэты кліп «Санта Брэмар», «Савачкаў» і «Бульбаш» атрымалі «агрэсіўную правінцыйную рэкляму»[6].

11 сакавіка 2018 году дыетоляг Ірына Кабасакал заявіла, што беларускія жанчыны выстаўлены ў кліпе «8 сакавіка» у нявартым сьвятле. Сьпявачка Кацярына Воўкава прапанавала разглядаць кліп у якасьці нагоды «пасьмяяцца над сваімі заганамі і недахопамі»[4]. 12 сакавіка 2018 году журналіст Глеб Лабадзенка зрабіў кліп «8 сакавіка» прадметам абмеркаваньня на сталічных курсах «Мова нанова». Ён прывёў для параўнаньня прыпеўку Якуба Коласа і заявіў: «Я ўпэўнены, што Якуб Колас, як і Барадулін, дарэчы, да такіх рэчаў спакайней ставіліся. Бо ў вёсцы гэта такое жывое было. Вот такія ўсё жартачкі»[7]. 21 траўня 2018 году журналіст Севярын Квяткоўскі заявіў наконт кліпа, што «бізнэс павялічвае колькасьць беларускамоўнай рэклямы. З апошняга выразнага — кліп «8 сакавіка», які песьняй на літаратурнай беларускай мове рэклямуе тры вядомыя брэнды, у тым ліку той самы «Савачкаў»[8].

  1. ^ а б Вадзім Галыгін і гурт «Ленінград» зьнялі беларускамоўны кліп да 8 сакавіка // «Эўрарадыё», 7 сакавіка 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  2. ^ «Лезе ў трусы рука» // Тэлеканал «Белсат», 7 сакавіка 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  3. ^ Кліп «Ленінграда» па-беларуску ўжо набраў больш за 4 мільёны праглядаў // Партал «Наша ніва», 9 сакавіка 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  4. ^ а б Новы кліп Шнура і Галыгіна пасварыў сьвецкіх ільвіц // Радыё «Спадарожнік», 11 сакавіка 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  5. ^ Зьміцер Лукашук. Галыгін: Ведаю беларускую мову ня горш за тых, хто з гэтай нагоды рот раскрывае // «Эўрарадыё», 12 сакавіка 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  6. ^ Юры Дракахруст. «Мужыкоў не хапае» // Радыё «Свабода», 9 сакавіка 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  7. ^ Максім Каўняровіч. На «Мове Нанова» абмяркоўвалі нашумелы кліп «8 сакавіка» // Радыё «Рацыя», 12 сакавіка 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  8. ^ Севярын Квяткоўскі. Пяць варыянтаў разьвіцьця беларускай мовы // Радыё «Свабода», 21 траўня 2018 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць