Гвадэлюпа

францускі заморскі дэпартамэнт
(Перанакіравана з «Ґвадэлюпа»)

Ґвадэлю́па — заморскі дэпартамэнт Францыі ў Цэнтральнай Амэрыцы, які разьмяшчаецца на некалькіх астравах на архіпэлягу Малыя Антылы. У дэпартамэнт уваходзяць наступныя астравы: Гвадэлюпа, Мары-Галянт, Ля-Дэзырад, Лё-Сэнт.

Гвадэлюпа
Région Guadeloupe
Сьцяг Гвадэлюпы Герб Гвадэлюпы
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Гвадэлюпы
Афіцыйная мова француская
Сталіца Бас-Тэр
Найбуйнейшы горад Бас-Тэр
Форма кіраваньня залежная тэрыторыя
Жазэт Барэль-Лінсэртэн
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады

1628 км²
0,26
Насельніцтва
 • агульнае (2008)
 • шчыльнасьць

405 500
249,1/км²
СУП
 • агульны (2006)
Сьпіс краінаў паводле СУП
€ 7,75 млрд
Валюта Эўра (EUR)
Часавы пас ECT (UTC-4)
Дамэн верхняга ўзроўню .gp
Тэлефонны код +590
Мапа Гвадэлюпы

Да 22 лютага 2007 году ў склад дэпартамэнту ўваходзілі востраў Сан-Бартэльмі і паўночная частка вострава Сан-Мартэн, якія цяпер зьяўляюцца асобнымі залежнымі тэрыторыямі Францыі.

Гісторыя

рэдагаваць

Астравы былі заселеныя ў 300 годзе да н. э. індзейцамі аравакі, крыху пазьней карыбамі, якія выцесьнілі аравакаў і назвалі востраў Карукера.

Сваю сучасную назву Гвадэлюпа атрымала ад Хрыстафора Калюмба, які адкрыў яе 14 лістапада 1493 году. Францыя захапіла востраў у 1635 годзе. Некалькі разоў Гвадэлюпай спрабавалі завалодаць брытанцы.

З 1946 году Гвадэлюпа і суседнія астравы атрымалі статус заморскага дэпартамэнту Францыі. У 1970-х і 1980-х гадах з дапамогай Кубы, якая знаходзіцца недалёка, тут пачаўся незалежніцкі рух камуністычнага кірунку, які меў падтрымку толькі некалькімі адсоткамі насельніцтва. Падчас рэфэрэндуму 2003 году пераважная большасьць насельніцтва выказалася за захаваньне статусу дэпартамэнту. На гэтым жа рэфэрэндуме большасьць жыхароў Сан-Мартэн і Сан-Бартэльмі выказаліся за стварэньне на сваіх астравах асобных адміністрацыйных адзінак з выхадам з Эўрапейскага Зьвязу. Гвадэлюпа, як частка Францыі, засталася ў складзе Эўрапейскага Зьвязу.

Геаграфія

рэдагаваць

Дэпартамэнт Гвадэлюпа знаходзіцца на 8 астравах каралавага і вульканічнага паходжаньня ў архіпэлягу Малыя Антылы. На востраве Гвадэлюпа знаходзіцца актыўны вулькан Ла Суфрыерэ (1467 м над узроўнем мора). Трапічныя лясы займаюць каля 39% паверхні дэпартамэнту.

Клімат экватарыяльны, вільготны. Штогадовыя ападкі складаюць каля 1800 мм. Сярэдняя тэмпэратура вагаецца ад +25 °C да +29 °C. Часта здараюцца трапічныя ўраганы.

Эканоміка

рэдагаваць

Асновай эканомікі Гвадэлюпы зьяўляецца турызм і сельская гаспадарка. Астравы наведвае каля 300 тыс. турыстаў штогод. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі зьяўляюцца цукровы трысьнёг, бананы, ананасы, кава.

Зьнешні гандаль сканцэнтраваны на гандлі з Францыяй і Мартынікай.

На астравах ёсьць некалькі прамысловых прадпрыемстваў.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Насельніцтва дэпартамэнту складаецца з мулатаў (65%), мурынаў (27%) і крэолаў (8%). Афіцыйнай мовай зьяўляецца француская, але значная колькасьць насельніцтва карыстаецца крэольскай. Асноўнай рэлігіяй зьяўляецца хрысьціянства, але распаўсюджана і вуду.