Ясон Смагаржэўскі
Ясон Смагаржэўскі (3 сакавіка 1715 — 1 лютага 1788[1]) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Уніяцкі арцыбіскуп полацкі (1762—1780), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1780). Кавалер Ордэна Сьв. Станіслава (1767)[2].
![]() Ясон Смагаржэўскі | |
![]() Герб «Юноша» | |
XV мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1780 — 1788 | |
Папярэднік | Леў Шаптыцкі |
Наступнік | Тэадосі Растоцкі |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 3 сакавіка 1715 |
Памёр | 1 лютага 1788 |
Род | Смагаржэўскія |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Біяграфія Рэдагаваць
Прадстаўнік шляхецкага роду Смагаржэўскіх гербу «Юноша», што паходзілі з Ваўкавыскага павету. Сьпярша быў рыма-каталіком, аднак каля 1731 уступіў у ордэн базылянаў Сьв. Язафата.
Вывучаў тэалёгію і філязофію ў Грэцкім калегіюме ў Рыме (1734—1740). У 1740 зрабіўся сьвятаром. 3 1747 был генэральным афіцыялам і вікарыям Кіеўскай мітраполіі. Каля 1752—1758 на даручэньне мітрапаліта Ф. Грабніцкага знаходзіўся ў Рыме.
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай 16 верасьня 1772 мусіў прысягнуць на вернасьць Кацярыне II, у выніку чаго атрымаў 2 дэканаты мітрапаліцкай япархіі (Гомельскі і Рагачоўскі, 1773) і Смаленскую япархію (1778). Гэта паставіла пад ягоную ўладу ўсе парафіі ў землях, улучаных у склад Расейскай імпэрыі.
Абараняў пазыцыі Грэка-Каталіцкай Царквы як ад спробаў пераводу сваіх вернікаў у праваслаўе Сынода Расейскае Праваслаўнае Царквы, так і ў каталіцтва лацінскага абраду. Імкнуўся абмежаваць дзейнасьць праваслаўнага япіскапа Віктара Садкоўскага, вярнуць парафіі, якія прынялі праваслаўе, забараніць сьвятарам з Расеі працаваць у прыходах.
У 1774 дамогся ад рымскай курыі пацьвярджэньня даўняй пастановы (1624) пра забарону ўніятам пераходзіць у лацінскі абрад. Таго ж року падрыхтаваў праект епархіяльнай сэмінарыі ў вёсцы Струнь каля Полацку (адкрылася ў 1806). Заахвочваў разьвіцьцё базылянскіх школаў.
З прычыны супрацьстаяньня памкненьням уладаў Расейскай імпэрыі ў рэлігійнай сфэры 2 ліпеня 1780 Кацярына II пазбавіла Я. Смагаржэўскага расейскага падданства. Выехаў у Рэч Паспалітую, жыў у сваёй рэзыдэнцыі ў месьце Радамысьль (Кіеўскае ваяводзтва). Заснаваў сэмінарыі ў Радамысьлі і Жытоміры.
Намаганьні Я. Смагаржэўскага не спынілі агульнай тэндэнцыі паслабленьня Грэка-Каталіцкай Царквы[3].
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Сяргей Казуля. Смагаржэўскі Ясон // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 597.
- ^ Zbigniew Dunin-Wilczyński. Order Świętego Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 179.
- ^ Сяргей Казуля. Смагаржэўскі Ясон // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 598.
Літаратура Рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8