Ядвіга Машынская-Гельтман
Ядвіга Ўладзіславаўна Машынская-Гельтман (1886, Глуск, Бабруйскі павет, Менская губэрня — травень 1946) — беларуская паэтка, перакладчык, пэдагог. Жонка Стэфана Гельтмана, дзяржаўнага дзеяча БССР.
Ядвіга Машынская-Гельтман | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 1886[1] |
Памерла | травень 1946 |
Сужэнец | Стэфан Гельтман[d] |
Дзеці | Віктар Гельтман[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладніца, паэтка, пісьменьніца |
Мова | польская мова |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзілася ў 1886 годзе ў мястэчку Глуск Бабруйскага павету Менскай губэрні ў сям’і беларускага шляхціча Машынскага, аптэкара. Вучылася ў Пецярбургу ў закрытай каталіцкай школе, дзе прыкіпела да польскасьці[2]
Вучылася ў Ягелонскім ўнівэрсытэце ў Кракаве (1904—1907), дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Стэфанам Гельтманам. Студэнткай прымала ўдзел у маладзёжным рэвалюцыйна-дэмакратычным руху. Да гэтага часу адносяцца і яе першыя вершы, прысьвечаныя рэвалюцыйнай барацьбе моладзі («Адозва», 1906).
У 1915 годзе працавала настаўніцай вышэйшай пачатковай вучэльні ў Глуску. З 1917 году працавала ў Менску, выкладала ў гімназіі ў Менску, стала сябрам Польскага сацыялістычнага аб’яднаньня. У 1921—1931 гадох выкладала ў Менскім пэдагагічным інстытуце і польскім пэдагагічным тэхнікуме імя Людвіка Варынскага, прымала ўдзел у рабоце польскага сэктару Акадэміі навук БССР. У 1932—1937 гадох выкладала польскую мову ў Ваеннай Акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве. Сябра польскай сэкцыі Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР.
Пасьля арышту 5 красавіка 1937 году мужа Стэфана Гельтмана, яна таксама была арыштаваная. Ёй прапаноўвалі асудзіць мужа, але яна гэтага не зрабіла. Была асуджана на 5 гадоў лягераў як «член сям’і здрадніка Радзімы» і выслана ў Казаскую ССР[3]. Вызваленая ў канцы 1942 году. У 1956 годзе рэабілітаваная.
Памерла ў траўні 1946 году.
Творчасьць
рэдагавацьУ 1920-я гады стала першым складальнікам падручнікаў і буквара для польскіх школ у Беларусі, часта выступала ў пэрыядычным друку з апавяданьнямі, нарысамі — «Першая кніга для чытаньня», «Другая частка лемантара» (1926), «Другая кніга для чытаньня» (1928)[4]. Супрацоўнічала з часопісам «Orka»? польскамоўным прэсавым арганам Камуністычнай партыі Беларусі.
Пераклала на польскую мову асобныя вершы і паэму Я. Купалы «Над ракою Арэсай», «Выбраныя апавяданьні» Ц. Гартнага (1929), «Выбраныя вершы» А. Александровіча (1932), аповесьці «Салавей» З. Бядулі (1931), «Дрыгва» Я. Коласа (1936), урыўкі з паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка».
Сям’я
рэдагавацьМуж — Стэфан Гельтман, беларускі дзяржаўны дзяяч. Мела сына Віктара (1926—1985), беларускага геабатаніка, і дачку Хрысьціну.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Jadwiga Moszyńska-Heltmanowa // MAK (пол.)
- ^ Абвяшчэнне БССР
- ^ Виктор Степанович ГЕЛЬТМАН. Воспоминания современников
- ^ Машынская-Гельтман Ядвіга Уладзіславаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глускага р-на. — Менск, 1999. — С. 570