«Эстудыя́нтэс» (па-гішпанску: Estudiantes) — аргентынскі футбольны клюб з гораду Ля-Плята, які належыць да аглямэрацыі Вялікага Буэнас-Айрэсу. Клюб гуляе ў Прафэсійнай футбольнай лізе, дзе праводзіць большую частку сваёй гісторыі. Клюб зьяўляецца адным з самых пасьпяховых у Аргентыне, менавіта ён у 1967 годзе стаў першым чэмпіёнам краіны зь ліку камандаў, якія не адносяцца да гэтак званай «Вялікай пяцёркі». Асноўным супернікам клюбу ёсьць каманда «Хімнасія і Эсгрыма», менавіта зь якой выйшлі незадаволеныя гульцы і заўзятары і стварылі клюб «Эстудыянтэс». Матчы паміж гэтымі супраціўнікамі носяць назву Дэрбі Ля-Пляты.
Акрамя футбольнай каманды клюб мае каманды па баскетболе, гандболе, хакеі на траве, гольфе, валейболе, дзюдо і плаваньні.