Эдзі Агняцьвет
Э́дзі Агняцьве́т, сапр. Эдзі Кага́н, (11 кастрычніка 1913, Менск — 17 ліпеня 2000) — беларуская дзіцячая паэтка, перакладчыца.
Эдзі Агняцьвет лац. Edzi Ahniaćviet | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Эдзі Каган |
Нарадзілася | 28 верасьня (11 кастрычніка) 1913 |
Памерла | 17 ліпеня 2000 (86 гадоў) |
Пахаваная | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, перакладніца, паэтка, дзіцячая пісьменьніца, пісьменьніца |
Гады творчасьці | 1929—2000 |
Жанр | дзіцячая літаратура[d] |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | 1929 |
Узнагароды |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзілася ў сям’і служачых. Скончыла 7-годку, працавала на менскім заводзе «Камунар» (1930), год вучылася ў менскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленьне літаратурнага факультэта Менскага вышэйшага пэдагагічнага інстытуту (1934). Завочна вучылася на пэдагагічным аддзяленьні літфака пэдінстытуту (1934—1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934—1938), кансультантам у кабінэце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940—1941). Падчас Нямецка-савецкай вайны жыла ва Ўзбэкістане. У 1945—1946 працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1937).
Творчасьць
рэдагавацьДэбютавала вершамі ў 1929 годзе. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленьне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданьне» (1971), «Спадзяваньне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянэрскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госьць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянэрская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Сьмех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песьня пра піянэрскі сьцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданьне ў 1979), кніга для чытаньня ў 4 клясе «Роднае слова» (зь Я. Івашуціч, 1989). У 1976 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Аўтарка лібрэта опэраў для дзяцей «Джанат» (1962), «Марынка» (1956).
Пераклала на беларускую творы Пушкіна, Някрасава, Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, В. Шэфнера, А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана, Я. Судрабкална, С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Г. Сулейманавай «Сорак косак» (1982), М. Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985).
У яе перакладзе з францускай выйшлі кнігі П.-Ж. Бэранжэ «Выбраныя песьні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталёгія францускай паэзіі для дзяцей, 1962), А. Экзюпэры «Маленькі прынц» (1969), Г. Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П. Элюара «З табою» (1980).
Кантравэрсіі
рэдагавацьЭдзі Каган пісала даносы на беларускага пісьменьніка Станіслава Шушкевіча, сасланага ў высылку. Гэтая гісторыя апісваецца сынам пісьменьніка, Станіславам Шушкевічам, у кнізе «Маё жыцьцё, крах і ўваскрошаньне СССР»:
«У вэстыбюлі гасьцініцы „Расея“ была ў мяне яшчэ адна няпростая сустрэча зь беларускай дзіцячай паэткай Эдзі Агняцьвет… Мая маці, бацька і Эдзі былі аднакурсьнікамі і закончылі літаратурны факультэт Вышэйшага пэдагагічнага інстытуту ў Менску. Маці неаднойчы мне казала, што Эдзі Сямёнаўна — адзіная яе сяброўка, якая засталася зь ёю ў самых добрых адносінах пасьля зьняволеньня бацькі. Некаторыя іншыя адвярнуліся ад жонкі „ворага народа“ або проста перасталі заўважаць. А вось Эдзі не зьмяніла свайго стаўленьня: сустракалася, прыходзіла да нас, маці — да яе і г. д. „Эдзі — прыстойны, вельмі вартасны чалавек“, — гаварыла маці.
Потым з высылкі вярнуўся бацька і расказаў наступнае. У турме ад яго патрабавалі напісаць даносы на некалькіх чалавек. Абяцалі за гэта вызваліць. Бацька катэгарычна адмовіўся. Яго пачалі пераконваць: ня будзь сьвятым, усе так робяць. Маўляў, такі крок — узаемавыгодны. Усіх пастрашаць і адпусьцяць на свабоду. Бацька не паверыў і працягваў адмаўляцца. Тады сьледчы паказаў даносы на яго, напісаныя Эдзі Каган (Агняцьвет) і Алесем (Айзікам) Кучарам. Сьледчы сказаў: напішаш на ўсіх, выйдзеш на волю, усе разам зьберыцёся і пасьмяецеся ўволю. Мы ўсіх адпусьцім і справы вашыя закрыем. Бацька адмовіўся.»
Літаратура
рэдагаваць- Агняцьвет Эдзі // Беларускія пісьменьнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Агняцьвет Эдзі // Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Маргарыта Яфімава. Літаратурныя сувязі. Эдзі Агняцвет — першая перакладчыца паэзіі Марыса Карэма на беларускую мову. / Рэдактар: Станіслаў Дубянецкі // Беларусь — Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне : Матэрыялы Міжнароднага «круглага стала». Мінск, 18—19 мая 2001 г.. — Мінск: Беларускі Кнігазбор, 2002. — Т. Сэрыя: Беларусіка-Albaruthenica; Кніга 23. — С. 87—99. — ISBN 985-6638-68-2.