Чо́рны сту́дзень — увод ноччу 19 студзеня 1990 году ў Баку (Азэрбайджанская ССР) 35 тысячаў савецкіх вайскоўцаў на танках і бронетранспартэрах, што прывяло да забойства 137, раненьня каля 700 і арышту звыш 800 чалавек[1]. 22 студзеня Вярхоўны Савет Азэрбайджанскай ССР (ВС АзССР) пастанавіў лічыць агрэсіяй неканстытуцыйнае ўвядзеньне Прэзыдыюмам ВС СССР надзвычайнага становішча ў горадзе, што адбылося без узгадненьня з уладамі рэспублікі. 40-дзённая жалоба па забітых суправаджалася агульнаазэрбайджанскай стачкай заводаў. Міністар абароны СССР Дзьмітры Язаў зазначыў аб кіраваным ім нападзе: «Мы ўвайшлі ў Азэрбайджан, каб зьнішчыць палітычныя структуры Народнага фронту і не дапусьціць іх перамогі на выбарах, заплянаваных на 19 сакавіка 1990 году»[2].

Савецкія дэсантнікі ў Баку, 1990 год

Перадумовы

рэдагаваць

9 студзеня 1990 году ВС Армянскай ССР пастанавіў улучыць у дзяржаўны плян разьвіцьця адпаведны плян Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці (НКАВ) АзССР, населенай пераважна армянамі. 12 студзеня Народны фронт Азэрбайджану (НФА) утварыў у Баку камітэт абароны. 13 студзеня ў горадзе пачаўся пагром, у якім забілі 90 армянаў. 18 студзеня прыхільнікі НФА забарыкадавалі ўезды ў Баку некалькімі сотнямі легкавікоў, грузавікоў і аўтобусаў. 19 студзеня Прэзыдыюм ВС СССР пашырыў Указам № 1092 на горад надзвычайнае становішча, што з 15 студзеня ўвёў у НКАВ[3].

  1. ^ Леанід Тугарын. «Чорны студзень» — 21-я гадавіна // Зьвязда : газэта. — 22 студзеня 2011. — № 13 (26877). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Дваццаць гадоў таму савецкія войскі штурмавалі Баку // Радыё «Свабода», 20 студзеня 2010 г. Праверана 4 траўня 2014 г.
  3. ^ Міхаіл Гарбачоў. Указ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету ССР ад 19 студзеня 1991 г. № 1092 (рас.) // Валер Леванеўскі, 12 кастрычніка 2006 г. Праверана 4 траўня 2014 г.