Човен
Чо́вен (праслав. *čьlnъ — «пень») — вёславая, радзей — са здымнай мачтай лодка, выдзяўбаная з адзінага камля дрэва. Звычайна ня мае кіля. Вядома з часоў нэаліту.[1] Чоўнам у больш шырокім сэнсе таксама можа называцца любая невялікая лодка.
Форма й памер
рэдагавацьФормы чаўноў і іх памер прыкметна адрозьніваліся ў залежнасьці ад умоваў выкарыстаньня, зыходнага матэрыялу й мясцовай (тутэйшай) традыцыі.
Тыпы чаўноў
рэдагаваць- Дубы — выдзеўбаныя з камля дуба вялікія чаўны
- Камельнікі — розых памераў (у асноўным невялікія) выдзеўбаныя з камля розных пародаў дрэваў чаўны
- Шугалеі — часткова абшытыя дошкамі выдзеўбаныя чаўны
Асабовыя
рэдагавацьЛёгкія й рухавыя чаўны, выдзеўбаныя з асіны, ліпы, вярбы мелі адпаведную назву: асінаўка, асоўка, ліпаўка, вярбоўка, чайка. Таксама невялікія чаўны, разьлічаныя на 1—2 чалавекі, мелі такія назвы: чаўнок, поавіца, душагубка, камяга.
Для ўстойлівасьці на плаву такія чаўны часта мелі па баках крылы — прыбітыя да бартоў на ўзроўні вады драўляныя пласьціны ці брускі. Такія чаўны рухаліся пры дапамозе аднаго кароткага вясла. Шырока выкарыстоўваліся ў рыбалоўстве. Такія чаўны лічацца найболей архаічнымі.[1]
Грузавыя
рэдагавацьТаксама для перамяшчэньня грузаў і людзей (вялікай колькасьці) па рэках і вазёрах выкарыстоўвалі чаўны вялікіх памераў і дасканалай канструкцыі, устойлівыя на плаву, з адцягнутымі бартамі (дзеля гэтага барты папярэдне распарвалі й забівалі між імі распоркі).
Дняпроўскія рыбакі выраблялі чаўны з вострым носам і кармой, паверху іх уладкоўвалі круглы дах — какору, крытую лубам (да бартоў мацавалася пры дапамозе гнутых драўляных дуг). Такія чаўны былі зручныя для рыбацтва, перавозу грузаў і людзей.
Па Дняпры й Прыпяці хадзілі чаўны-дубы даўжынёй да 10 мэтраў і болей, разьлічаныя на 300—500 пудоў грузу. На іх перавозілі разнастайныя гаспадарчыя рэчы, выкарыстоўваліся таксама і ў якасьці парома.[1]
Пераходны тып
рэдагавацьПераходным варыянтам ад выдзеўбаных чаўноў да дашчатых лодак была шугалея (абшыванка, абіянік), асновай якой быў човен, абшыты па баках у верхняй частцы дошкамі — што павялічвала вышыню й ёмістасьць судна (у больш раньні час чаўны абшывалі лазовымі віцамі замест аббіваньня дошкамі).
Тыповая для Палесься шугалея здольная перавозіць 100—300 пудоў грузу (сустракаліся шугалеі ёмістасьцю 400—500 пудоў).
Нярэдка шугалея мела ў сярэдняй частцы стрэшку — нацягнутую паверх паўдужжаў трысьняговую рагожу. Такія шугалеі, ці паклаты выкарыстоўваліся для выездаў у бліжэйшае мястэчка альбо ў павятовыя месты (Пінск). На іх везьлі па Прыпяці хлеб, мёд, воск, рамесныя вырабы й іншыя тавары для продажу на кірмашы ў местах (Давыд-Гарадок, Пінск, Столін).
Рачныя судны тыпа шугалей-абшыванак сустракаліся таксама ў басейнах Дняпра, Нёмана й Дзьвіны — аднак тут яны вызначаліся меншымі памерамі й рабіліся часьцей з паддатлівых пародаў дрэў — асіны, ліпы, сасны.
Гэты тып рачных суднаў бытаваў да канца 19 стагодзьдзя — пачатку 20 стагодзьдзя, калі быў выцесьнены дашчатымі лодкамі.[1]
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Пацюпа, Юры. Сякера пад лаваю, або Беларускія вадаплавы ў Фёдара Буслаева і яшчэ сёе-тое. // ARCHE : электронная газэта. — 31 траўня 2020.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьЧовен — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў