Цеплавы ўдар

востры перагрэў арганізма чалавека і жывёлы, абумоўлены парушэньнем тэрмарэгуляцыі праз абязводжваньне ў сьпёку

Цеплавы́ ўдар — востры перагрэў арганізма чалавека і жывёлы, абумоўлены парушэньнем тэрмарэгуляцыі праз абязводжваньне ў сьпёку.

Цеплавы ўдар
Астуджэньне ад цеплавога ўдару халоднай вадой (ліпень 2011 году)
Астуджэньне ад цеплавога ўдару халоднай вадой (ліпень 2011 году)
Сынонімы пераграваньне
Спэцыяльнасьць траўматалёгія
Сымптомы галаўны боль, ірвота, страта прытомнасьці
Ускладненьні арытмія сэрца, трызьненьне
Звычайна праяўляецца абязводжваньне
Працягласьць 6—8 гадзінаў
Віды сонечны ўдар
Прычыны узьдзеяньне высокай тэмпэратуры і сонечных прамянёў
Фактары рызыкі шматслойная сынтэтычная вопратка і адсутнасьць галаўнога ўбору, душныя памяшканьні і бязьветранасьць у сьпёку
Мэтад дыягностыкі замер тэмпэратуры цела
Прафіляктыка сьветлая вопратка і галаўны ўбор з натуральнай тканіны, піцьцё кожныя паўгадзіны і пазьбяганьне вуліцы ў дзённую сьпёку
Лячэньне змочваньне твару і грудзей халоднай вадой і намочанай тканінай
Лекі нашатырны сьпірт

Бывае пры працяглым узьдзеяньні высокай тэмпэратуры навакольнага асяродзьдзя і пры непасрэдным узьдзеяньні сонечных прамянёў (сонечны ўдар). У чалавека выяўляецца галаўным болем, ірвотай і стратай прытомнасьці[1].

Папярэджаньне

рэдагаваць

Для прадухіленьня цеплавога ўдару варта апранаць сьветлую вопратку і галаўны ўбор з натуральнай тканіны (бавоўна і лён), піць на літар больш вады чым у халодную пару і пазьбягаць выхаду на вуліцу ў сьпёку[2]. У падарожжы карысна захінаць шыбы сьветлаадбівальнымі экранамі падчас стаянкі самахода. Перад паездкай варта праветрыць аўтамабіль. Месца для стаянкі мае знаходзіцца ў цяні. Прахалоднае паветра з кандыцыянэра ў самаходзе варта падаваць уніз на ногі. Таксама варта пазьбягаць кіраваньня самаходам у сьпякотныя дні з 12-й да 15-й гадзіны[3]. У сьпёку карысна зьняць вопратку і астудзіць цела з дапамогай прахалоднай вады, мокрага ручніка і сурвэткі, кампрэсу на галаву[4].

У сьпёку варта аддаваць перавагу замкнёным памяшканьням, якія праветрываюцца і захоўваюць прахалоду. Каб пазьбегнуць абязводжваньня, варта піць памалу кожныя паўгадзіны мінэральную ваду для хутчэйшага засвойваньня. Таксама ў сьпёку пажадана пазьбягаць доўгіх паездак. Для прагулак варта абіраць ранак да 11-й гадзіны і вечар пасьля 18-й гадзіны. Пры гэтым, карысна трымацца крытых пляцовак і зацененых алеяў[5]. Сярод іншага, карысна спатольваць смагу астуджаным адварам і сокам з гародніны і садавіны, прахалодным квасам і кісламалочным напоем[6]. Урэшце, у сьпёку пры звыш +28°С варта прымаць прахалодны душ і ванну, пазьбягаць ужываньня кафэінавых і сьпіртовых напояў, а таксама цяжкай цялеснай працы і знаходжаньня ў самаходзе без кандыцыянэру звыш 10 хвілінаў[7].

Чыньнікі

рэдагаваць

Цеплавому ўдару спрыяе нашэньне ў сьпёку шматслойнай цёплай вопраткі і сынтэтычнага адзеньня, адсутнасьць галаўнога ўбору і абязводжваньне, знаходжаньне ў душным памяшканьні і шматгадзіннае знаходжаньне пад адкрытымі сонечнымі прамянямі на вуліцы[5]. Пагрозу можа несьці цяжкая цялесная праца ў сьпякотнае бязьветранае надвор'е і цёмная вопратка, якая затрымлівае выпарэньні цела[6].

Цеплавы ўдар выяўляецца праз сутаргі канцавінаў і твару, тэмпэратуру цела звыш +38°С, значнае халоднае потавыдзяленьне і млосьць. Працяглае знаходжаньне на сонцы без увагі да немачы можа прывесьці да сьмерці, найперш пры наяўнасьці хваробаў сэрца[2]. Пры цеплавым удары адзначаецца сухасьць у роце і смага, галаўны боль і запамарока[4]. Іншымі прыкметамі немачы служаць перасохлыя вусны, сухая і гарачая скура твару і пры гэтым халодныя рукі і ногі, санлівасьць і брулеспусканьне цёмна-жоўтага і сьветла-карычневага адценьня больш як праз 12 гадзінаў, а таксама ірвота. Пры далейшым знаходжаньні пад пякучым сонцам могуць дадацца арытмія сэрца, трызьненьне і сінюшнасьць скуры[5].

Першая дапамога

рэдагаваць

Падчас аказаньня першай дапамогі пры цеплавым удары варта:

  • перамясьціць цярпельца ў цень або прахалоднае, прасторнае памяшканьне без скапленьня людзей;
  • пакласьці ў ляжачы стан пацярпелага;
  • прыўзьняць ногі і падкласьці пад шчыкалаткі сумку;
  • зьняць сынтэтычнае і шчыльнае адзеньне ды расшпіліць астатняе адзеньне на грудзях і шыі, а таксама рэмень;
  • напаіць прахалоднай мінэральнай, падсалоджанай або прэснай пітной вадой;
  • змачыць твар халоднай вадой;
  • папляскаць па грудзях тканінай, намочанай у халоднай вадзе;
  • прыкласьці пляшку з халоднай вадой і лёд на лоб і пад патыліцу;
  • абмахваць цярпельца вэерам або газэтай;
  • ачысьціць дыхальныя шляхі ад ірвоты;
  • абгарнуць цела мокрай прасьцінай і апырскаць халоднай вадой
  • даць пры страце прытомнасьці панюхаць з ваткі нашатырнага сьпірту або 10 % рашчыны аміяку;
  • зрабіць штучнае дыханьне і масаж сэрца пры спыненьні сэрцабіцьця і страце прытомнасьці[8].
  1. ^ Цеплавы ўдар // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 102. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  2. ^ а б Зьміцер Лукашук. Як беларусам перажыць анамальную сьпёку // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 12 ліпеня 2010 г. Праверана 26 кастрычніка 2021 г.
  3. ^ М. Шамёнак. Сьмяротная сьпёка або калі ў салёне за +35 // Газэта «Мёрскія навіны», 20 ліпеня 2010 г. Праверана 26 кастрычніка 2021 г.
  4. ^ а б «Хартыя'97». Міністэрства аховы здароўя дае парады, як выжыць у сьпякоту // Газэта «Новы час», 26 чэрвеня 2016 г. Праверана 26 кастрычніка 2021 г.
  5. ^ а б в Кацярына Пытлева. Хуткая дапамога дзіцяці: сонечны і цеплавы ўдар // Партал «Слушна», 19 ліпеня 2017 г. Праверана 26 кастрычніка 2021 г.
  6. ^ а б Рэкамэндацыі ў сьпякоту // Бярэзінскі раённы выканаўчы камітэт, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 26 кастрычніка 2021 г.
  7. ^ Цеплавы ўдар: прыкметы і першая дапамога // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 ліпеня 2021 г. Праверана 26 кастрычніка 2021 г.
  8. ^ Валянціна Цярэшка. Ня трэба трымаць сонечны ўдар // «Настаўніцкая газэта», 1 жніўня 2016 г. Праверана 26 кастрычніка 2021 г.