Хрысьціна (каралева Швэцыі)

швэдзкая каралева (1632—1654)
(Перанакіравана з «Хрысьціна, каралева Швэцыі»)

Хрысьцíна, каралева Швэцыі (па-швэдзку: Kristina; 18 сьнежня 1626, Стакгольм, Швэдзкая імпэрыя — 19 красавіка 1689, Рым, Папская дзяржава) — швэдзкая каралева ў 1632—1654, дачка караля Густава II Адольфа з дынастыі Ваза. Ейны сапраўдны тытул - "кароль Швэцыі", а не "каралева", у адпаведнасьці з жаданьнем ейнага бацькі, што дазволіла ёй узысьці на сталец[1].

Хрысьціна Швэдзкая


Dei Gratia Suecorum Gothorum Vandalorumque Regina, Magna Princepe Finlandiae, Duce Esthoniae atque Carelia nec non Ingriae Domina etc.
Каралева Швэцыі (Drottning Kristina)
 
1632 — 1654
Каранацыя 1644
Папярэднік Густаў II Адольф
Наступнік Карл X Густаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 18 сьнежня 1626, Стакгольм, Швэцыя
Памерла 19 красавіка 1689, Рым, Папская дзяржава
Пахаваная Рым
Дынастыя Ваза
Каралеўскі дэвіз Visheten (är) rikets stöd (latin: Columna regni sapientia)
Бацька Густаў ІІ Адольф
Маці Марыя-Элеанора Брандэнбурская
Подпіс Выява аўтографу

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Адзінае дзіця Густава II Адольфа і Марыі-Элеаноры Брандэнбурскай (дачкі курфюрста Брандэнбурга Ёгана ІІІ Зыгмунда), яна выхоўвалася як хлопчык. Ейны бацька быў забіты ў бітве пры Лютцэне ў 1632 годзе, калі ёй было ўсяго шэсьць гадоў. Нэўратычная маці грэбавала ёй да такой ступені, што ў дзяцінстве яна перанесла некалькі падзеньняў, у выніку чаго ў яе было дэфармаванае плячо[4].

Густаў ІІ Адольф і ягоная жонка страцілі двух маленькіх дзяцей. Перад паходам кароль вызначыў новы парадак пераемнасьці стальцу. У 1627 годзе ён дабіўся ад дваранаў адмены выключнай пераемнасьці па мужчынскай лініі[5].

Адукацыяй каралевы займалася цётка, пфальц-графіня Кацярына і канцлер Аксэль Оксэншэрна. Хрысьціна была надзіва здольная, вывучыла сем моваў. Яна так добра ведала латынь, што магла вымавіць на ёй цэлую прамову. Была эрудыткай: шмат чытала, рана захапілася калекцыянаваньнем манэтаў. Яна пастаянна павышала адукацыю, аналізавала справы ў краіне. У 18 гадоў яе прызналі паўналетняй[6].

У 15 гадоў Хрысьціна зацікавілася жыцьцяпісам каралевы Ангельшчыны і Ірляндыі Лізаветы I, якая адмовілася выходзіць замуж. Шлюбы ў каралеўскіх сем'ях - гэта справа палітыкі, а не каханьня. Таму незалежная Хрысьціна адмовіла ўсім прэтэндэнтам. На пытаньне рыксдагу яна адказала, што сталец атрымае ў спадчыну ейны стрыечны брат Карл-Густаў Пфальц, што прадухіліць перадачу кароны іншай дынастыі[7].

Гады незалежнага кіраваньня каралевы Хрысьціны I — 1644-1654[8].

Стаўшы паўнапраўнай каралевай у 1644 годзе, Хрысьціна хутка выступіла супраць канцлера А. Оксэншэрны, які назаўсёды адышоў ад справаў пасьля Вэстфальскага міру. Спрыяючы міру, яна паклала канец узброеным канфліктам з Даніяй у 1645 годзе. Згодна Бромсэбрускаму міру Данія перадала Швэцыі выспы Эсэль і Готлянд. Вэстфальскі мір, падпісаны ў 1648 годзе, даў Швэцыі выспы Руген, Вісмар, Вердэн і Брэмэн, а таксама частку Памяраніі і вусьце Одры. Гэтыя набыткі зрабілі Швэцыю вядучай паўночнай дзяржавай[9].

Нягледзячы на пэўны эканамічны рост у выніку заканчэньня Трыццацігадовай вайны, паводзіны каралевы Хрысьціны, ейныя густы да замежнай моды, празьмерныя выдаткі на каранацыю, ейныя сьмеласьць і адкрытасьць у адносінах да сваіх фаварытаў і фаварытак, цяга да раскошы і ўзбагачэньня падарвалі каралеўскія фінансы. Прыгэтым каралева адмаўлялася выйсьці замуж, апраналася як мужчына і паліла люльку; тагачасныя памфлеты праўдзіва прыпісвалі ёй шматлікія повязі-прыгоды, як з жанчынамі, так і мужчынамі[10] . У час свайго праўленьня і пасьля адрачэньня Хрысьціна мела амурныя адносіны з мужчынамі і жанчынамі. Ейныя першыя вядомыя каханкі — граф Магнус Габрыэль Дэлагардзі (1622 — 1686), фройліна і сьвецкая львіца Эба Спарэ (1629 — 1662); ейнае найвялікшае каханьне — кардынал Дэчыа Ацаліна[11].

Чалавек вялікай культуры, яна ліставалася з многімі навукоўцамі і літаратарамі, такімі як Дэкарт, Паскаль, Гасэндзі, Ляйбніц і Сьпіноза. У рэлінійным пляне яна мела талерантнае, недагматычнае стаўленьне, супрацьлеглае пабожнаму. Яна таксама лічыцца пачынальніцай фэмінізму разам з сваімі сучасьніцамі Мадлен дэ Скюдэры і мадам дэ Мэнтэнон[12].

Зьнешні выгляд Хрысьціны I не ўхваляўся ейнымі сучасьнікамі. Яна была невялікага росту і непрывабнага целаскладу, але ейныя блакітныя вочы надавалі ёй выгляд, які некаторыя гісторыкі апісвалі як «мэталічны бляск, які спакушаў»[13].

11 лютага 1654 году каралева адраклася ад стальцу[14]. Рашэньне ўступіла ў сілу 6 чэрвеня 1654 году. Прычыны гэтага складаныя: стомленасьць і агіда да ўлады, фінансавыя цяжкасьці, блізкія да банкруцтва, духоўныя пошукі каралевы, якая пазьней пяройдзе ў каталіцтва. Хрысьціна дамовілася аб адрачэньні ў замен на ахвяраваньні: ёй прадастаўляліся каралеўскія даходы з гарадоў Нарчэпінг і Вольгаст, выспаў Готлянд, Элянд і Эзэль, а таксама за ёй заставаліся некаторымі землі і маёнткі ў Памяраніі[15].

Да сьмерці жыла ў Рыме ў палацы Фарнэзэ і сустракалася з кардыналам Дэчыа Ацаліна, зь якім яна падтрымлівала сэнтыментальныя адносіны да канца свайго жыцьця[16].

Хрысьціна памерла ў Рыме ва ўзросьце 63 гадоў ад рожы, ускладненай пнэўманіяй. Барочны Рым пахаваў незвычайную жанчыну ў саборы сьв. Пятра ўрачыста і з доўгімі цырымоніямі[17]. Гэта адзінае жаночае пахаваньне ў саборы[18]. Цяпер гэта кенатаф, бо пазьней прах Хрысьціны быў вывезены ў Швэдскую імпэрыю[19].

Творчасьць

рэдагаваць

Яна пакінула багатае ліставаньне і некалькі твораў, у тым ліку свае мэмуары «Маё жыцьцё, прысьвечанае богу», якія так і не скончыла[20].

Яна таксама пакінула максымы і думкі ў духу Лярошфуко. Большая частка ейных тэкстаў была сабраная ў «Mémoires de Johann Archenholz, Amsterdam, 1751-1759, 4 volumes in-4»[21].

  1. ^ Anne-Claire Préfol, «Secrets d'histoire: Christine de Suède, reine des scandales», Moustique, 7 août 2012.
  2. ^ а б в г Kristina (шв.) — 1917.
  3. ^ а б в г Deutsche Nationalbibliothek Record #118520652 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  4. ^ Bernard Quilliet, Christine de Suède, Fayard, 2003, p. 47.
  5. ^ Buckley, Veronica (2004). Christina; Queen of Sweden. London: Harper Perennial. ISBN 978-1-84115-736-8.
  6. ^ Stephan, Ruth: Christina, Queen of Sweden. Britannica, https://www.britannica.com/biography/Christina-queen-of-Sweden
  7. ^ Stephan, Ruth: Christina, Queen of Sweden. Britannica, https://www.britannica.com/biography/Christina-queen-of-Sweden
  8. ^ Françoise Kermina, Christine de Suède, Perrin 1995, p. 55.
  9. ^ Françoise Kermina, Christine de Suède, Perrin 1995, p. 55.
  10. ^ Aldrich, Robert; Wotherspoon, Garry, eds. (2002). Who's who in Gay and Lesbian History: From Antiquity to World War II. Psychology Press. p. 292.
  11. ^ Christian-Gottfried Franckenstein, Histoire des intrigues galantes de la reine Christine de Suède et de sa cour pendant son séjour à Rome, Jan Henri, 1697.
  12. ^ André Larané, Christine de Suède, Suédoise hors normes, 2018-11-27, herodote.net, https://www.herodote.net/Suedoise_hors_normes-article-112.php
  13. ^ Françoise Kermina, Christine de Suède, Perrin 1995, p. 30-31.
  14. ^ Erik Gustaf Geijer, Histoire de Suède, éditeur Desbarres, 1839.
  15. ^ Anne-Claire Préfol, «Secrets d'histoire: Christine de Suède, reine des scandales», Moustique, 7 août 2012.
  16. ^ Christian-Gottfried Franckenstein, Histoire des intrigues galantes de la reine Christine de Suède et de sa cour pendant son séjour à Rome, Jan Henri, 1697.
  17. ^ Herbermann, Charles, ed. (1913). "Christina Alexandra" . Catholic Encyclopedia, https://en.wikisource.org/wiki/Catholic_Encyclopedia_(1913)/Christina_Alexandra
  18. ^ Hofmann, Paul (8 October 2002). The Vatican's Women: Female Influence at the Holy See. St. Martin's Press. p. 42.
  19. ^ Stephan, Ruth. "Christina Queen of Sweden". Encyclopædia Britannica, https://www.britannica.com/biography/Christina-queen-of-Sweden
  20. ^ Henry Woodhead, Memoirs of Christina, Queen of Sweden, 2 vol., London: Hurst and Blackett, 1863, Vol. II, pp. 89.
  21. ^ Chisholm, Hugh, ed. (1911). "Christina of Sweden". Encyclopædia Britannica. Vol. 6 (11th ed.). Cambridge University Press. pp. 291–292.