Хо́рхэ Рафаэ́ль Відэля Рэдо́нда (па-гішпанску: Jorge Rafael Videla Redondo, [ˈxorxe rafaˈel βiˈðela]; 21 жніўня 1925, Мэрсэдэс, прадмесьце Буэнас-Айрэсу, Аргентына17 траўня 2013, Маркас-Пас, правінцыя Буэнас-Айрэс, Аргентына) — прафэсійны вайсковец, дыктатар («прэзыдэнт дэ факта») Аргентыны з 1976 па 1981 гады.

Хорхэ Рафаэль Відэля
па-гішпанску: Jorge Rafael Videla
43-і прэзыдэнт Аргентыны
29 сакавіка 1976 — 29 сакавіка 1981
Папярэднік: Ізабэль Пэрон
Наступнік: Рабэрта Віёла
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 21 жніўня 1925
Мэрсэдэс, Аргентына
Памёр: 17 траўня 2013 (87 гадоў)
Маркас-Пас, Аргентына
Партыя:
Сужэнец: Alicia Hartridge[d][1]
Адукацыя:
Узнагароды:
Выява аўтографу

Вайсковая кар’ера

рэдагаваць

21 сьнежня 1944 году скончыў Нацыянальны вайсковы коледж(es) у чыне другога лейтэнанта. У 1952—1954 гадох вучыўся ў Ваенным каледжы, атрымаў званьне штабс-афіцэру. У 1958—1960 — міністар абароны, у 1960—1962 кіраваў Вайсковай акадэміяй.

У лістападзе 1970 году кіраваў здушэньнем забурэньняў у Тукумане. У 1971 годзе атрымаў званьне брыгаднага генэралу і прызначаны дырэктарам Нацыянальнага вайсковага коледжу. У канцы 1973 году галоўнакамандуючы Леандра Аная прызначыў Відэлу начальнікам Генэральнага штабу Узброеных сілаў. У жніўні 1975 году прэзыдэнт Ізабэль Пэрон прызначыла Відэлю галоўнакамандуючым сухапутнымі войскамі.

Прыход да ўлады

рэдагаваць
 
Відэля (зьлева) на ўрачыстым адкрыцьці выставы сельскагаспадарчай прадукцыі. 1976 год

Ізабэль падчас прэзыдэнцтва свайго мужа Х. Пэрона была віцэ-прэзыдэнтам і заняла пост прэзыдэнта пасьля ягонай сьмерці. Яе аўтарытарнае кіраваньне было непапулярным і малаэфэктыўным. Краіну напаткаў жорсткі эканамічны крызіс: за некалькі год гіпэрінфляцыя дасягнула 800%, траціна насельніцтва страціла працу[2].

У гэтых умовах Хорхэ Відэля ўзначаліў ваенны пераварот 24 сакавіка 1976 году. Разам зь ім у склад хунты ўвайшлі адмірал флёту Эміліё Масэра і брыгадны генэрал Арлянда Рамон Агосьці ад паветраных войскаў. Праз два дні Відэля быў абвешчаны прэзыдэнтам.

Унутраная палітыка

рэдагаваць

Уся заканадаўчая ўлада была сканцэнтраваная ў руках 9 чалавек — чальцоў хунты, а на ўсе міністэрскія пасады былі пастаўленыя ляяльныя афіцэры. Хунта забараніла прафзьвязы і страйкі, скасавала суды і прыпыніла фактычна ўсе грамадзянскія свабоды. Нягледзячы на парушэньні, рэжым займеў падтрымку аргентынскае каталіцкае царквы і лякальнае прэсы.

Хунта атрымала ўладу ў вельмі неспакойны час, калі тэрарыстычныя атакі ладзілі адна супраць другой марксысцкія і антыкамуністычныя групоўкі. Удзельнікі перавароту скарысталіся гэтым, каб апраўдаць захоп улады ў краіне, назваўшы сваё кіраваньне «Працэсам нацыянальнага пераўтварэньня». У краіне быў усталяваны рэжым тэрору; ад 8960 (афіцыйная статыстыка хунты) да 30 000 (ацэнкі праваабарончых арганізацыяў) чалавек прапала бязь вестак. «Эскадроны сьмерці» па начох выкрадалі дысідэнтаў ці людзей, падазраваных у апазыцыйнай дзейнасьці, і адвозілі іх у нявызначаным кірунку, дзе пасьля катавалі і забівалі. Жаўнеры жыўцом скідалі людзей з шрубалётаў ці залівалі бэтонам, не шкадуючы ані жанчын, ані падлеткаў[2][3]. Іншыя апанэнты ўлады вымушаныя былі зьехаць з краіны.

Эканамічная палітыка

рэдагаваць

Адной з ключавых фігураў у мілітарысцкім урадзе быў Хазэ Альфрэда Марцінэз дэ Хоз. Падчас ягонага знаходжаньня на пасадзе міністра эканомікі зьнешні доўг Аргентыны вырас у чатыры разы, а разрыў між багацейшым і бяднейшым слаямі грамадзтва пашырыўся яшчэ больш, чым у пару папулісцкага кіраваньня Ізабэль Пэрон.

Зьнешняя палітыка

рэдагаваць

Імідж за мяжой

рэдагаваць

30 красавіка 1977 году Асусэна Вільляфлёр (па-гішпанску: Azucena Villaflor) разам з 13-цю іншымі жанчынамі (вядомыя як «жанчыны з Пляца дэ Мая») распачалі акцыю пратэсту на Пляца дэ Мая, насупраць прэзыдэнцкага палацу, з патрабаваньнем высьветліць месцазнаходжаньне іхніх дзяцей, што прапалі бязь зьвестак. Падчас расьледваньня парушэньняў правоў чалавека Міжамэрыканская камісія па правох чалавека абвінаваціла ўрад Відэлы ў шматлікіх выпадках зьнікненьняў і правапарушэньняў.

Усе абвінавачаньні ў парушэньнях правоў чалавека Відэля трактаваў як антыаргентынскую кампанію.

Канфлікт з Чылі

рэдагаваць

У 1977—1978 гады Аргентына апынулася на мяжы вайны з Чылі з-за некалькіх выспаў: Відэля адмовіўся выконваць рэзалюцыю Арбітражнага Суду ААН[4] датычна канфлікту ў праліве Бігля і распачаў апэрацыю «Сабэранія» з мэтай захапіць выспы.

Канфлікт быў урэгуляваны ў 1978 годзе пры пасярэдніцтве Папы Рымскага. У 1984 годзе афіцыйна была заключаная дамова пра мір і сяброўства, і з тае пары прыналежнасьць выспаў не падлягае спрэчкам.

Адносіны з ЗША

рэдагаваць

Сьпярша амэрыканскі ўрад намагаўся наладзіць з Аргентынай мірныя дыпляматычныя адносіны на грунце антыкамуністычных інтарэсаў, не зважаючы на парушэньні правоў чалавека. Аднак новаабраны прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр падверг Відэлу рэзкай крытыцы ў рамках сваёй дактрыны асуджэньня парушэньняў правоў чалавека.

Стасункі між дзяржавамі заставаліся халоднымі, пакуль чарговым амэрыканскім прэзыдэнтам ня стаў Рональд Рэйган. Ягоная адміністрацыя ўзаемадзейнічала з аргентынскай выведкай ў падрыхтоўцы контрас для партызанскае вайны з сардынісцкім урадам у Нікарагуа.

Адстаўка

рэдагаваць

Згубіўшы апірышча сярод хунты, 29 сакавіка 1981 году Хорхэ Відэля перадаў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы генэралу Рабэрта Эдуарда Віёле. Пазьней, пасьля аднаўленьня дэмакратыі, у 1983 годзе быў прыцягнуты да адказнасьці і ў 1985 годзе вайсковым трыбуналам звольнены з пасады і прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня. Суд даказаў дачыненьне экс-прэзыдэнта да 66 забойстваў, 306 незаконных арыштаў, 26 выкраданьняў, 93 катаваньняў і іншых злачынстваў[3].

Судовыя працэсы

рэдагаваць

У 1990 годзе прэзыдэнт Карлас Менэм памілаваў яго і іншых удзельнікаў хунты ў сувязі з кепскім здароўем. У 1998 годзе Відэля ізноў быў асуджаны за выкраданьні дзяцей у часе «бруднай вайны»[5], а таксама за зьнікненьні камандзіраў Народнай Рэвалюцыйнай Арміі (па-гішпанску: Ejército Revolucionario del Pueblo) Марыё Рабэрта Сантучы і Бэніта Уртэагі. Правёўшы ў вязьніцы 38 дзён, Хорхэ Відэля быў зьмешчаны пад хатні арышт з прычыны благога здароўя.

Пасьля абраньня ў 2003 годзе прэзыдэнтам Нэстара Кіршнэра Відэлю болей не ўважаюць за законнага прэзыдэнта Аргентыны; ягоныя партрэты былі зьнятыя з усіх публічных месцаў. У 2005 годзе Вярхоўны Суд Аргентыны ануляваў два законы аб амністыі, якія гарантавалі мілітарысцкім афіцэрам абарону ад судовага перасьледу[6]. 6 верасьня 2006 году памілаваньне, дадзенае Відэлю і яшчэ двум чальцам ягонага ўраду (экс-міністру эканомікі Хазэ Альфрэда Марцінэзу і экс-міністру ўнутраных справаў Альбане Харгіндэгую) Менэмам, было абвешчанае неканстытуцыйным[7]; 25 красавіка 2007 году фэдэральны суд скасаваў дзеяньне прэзыдэнцкага памілаваньня для Хорхэ Відэлі і былога адмірала Эміліё Масэры і аднавіў разгляд справы па выстаўленых абвінавачаньнях[6]. 30 кастрычніка 2008 году Хорхэ ізноў быў арыштаваны і зьмешчаны ў ваенную турму.

2 ліпеня 2010 году распачаты судовы працэс за катаваньні й забойствы ў 1976 годзе 31 зьняволенага, якія загінулі ў часе кіраваньня Відэлы[8][9]. 22 сьнежня 2010 году прызнаны вінаватым, асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня[10].

У ліпені 2012 году аргентынскі суд вынес яшчэ адзін прысуд: 50 гадоў турмы за сыстэматычнае выкраданьне малалетніх дзяцей сваіх палітычных апанэнтаў[11].

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ https://tn.com.ar/politica/2021/11/05/murio-alicia-hartridge-la-esposa-de-jorge-rafael-videla/
  2. ^ а б Военно-исторический календарь (рас.) World. Bigler.ru (24 сакавіка 2008). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  3. ^ а б Хорхе Видела (рас.). Avalia perubique (24 сакавіка 2008). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  4. ^ https://web.archive.org/web/20130319190055/http://untreaty.un.org/cod/riaa/cases/vol_XXI/53-264.pdf
  5. ^ Americas 'Dirty war' arrest (анг.) World. BBC News (10 чэрвеня 1998). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  6. ^ а б Argentine court overturns "Dirty War" pardon (анг.) World. Reuters (25 красавіка 2007). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  7. ^ Argentine junta pardons revoked (анг.) Americas. BBC News (6 верасьня 2006). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  8. ^ Аргентына судзіць свайго былога лідэра Навіны. Радыё «Свабода» (2 ліпеня 2010). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  9. ^ Trial of former Argentine president Jorge Videla begins (анг.) Americas. WikiNews (3 ліпеня 2010). Праверана 10 ліпеня 2010 г.
  10. ^ Аргентынскага экс-дыктатара асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне Навіны. Радыё «Свабода» (22 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  11. ^ Былы дыктатар атрымаў 50 гадоў турмы Сьвет. Наша Ніва (6 ліпеня 2012). Праверана 6 ліпеня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
Папярэднік
Ізабэль Пэрон
Прэзыдэнт Аргентыны
1976—1981
Наступнік
Рабэрта Віёла