Францэ Прэшэрэн
Фра́нцэ Прэ́шэрэн (па-славенску: France Prešeren, [fɾanˈtsɛ pɾɛˈʃeːɾən] ; 2 або 3 сьнежня 1800, Вэрба, Крайна, Габсбурская манархія — 8 лютага 1849, Крань, Аўстрыйская імпэрыя) — славенскі рамантычны паэт. Лічыцца найвялікшым клясычным славенскім паэтам, які аказаў уплыў на ўсю пазьнейшую славенскую літаратуру.
Францэ Прэшэрэн | |
France Prešeren | |
Партрэт Прэшэрэна (1850) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 3 сьнежня 1800 Вэрба, Крайна, Габсбурская манархія |
Памёр | 8 лютага 1849 (48 гадоў) Крань, Аўстрыйская імпэрыя |
Дзеці | Эрнэстына Елаўшэк[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, юрыст |
Кірунак | рамантызм |
Мовы | славенская, нямецкая |
Значныя творы |
|
Жыцьцяпіс
рэдагавацьФранцэ Прэшэрэн быў трэцім дзіцём з васьмі ў сям’і забясьпечанага фэрмэра; ягоным выхаваньнем займалася маці, а пасьля Францэ накіравалі ў каталіцкую школу. З 1812 навучаўся ў Люблянскай дзяржаўнай гімназіі. Ужо ў юным веку авалодаў лацінай, старагрэцкай і нямецкай мовамі. У Любляне паэт Валянцін Воднік параіў яму разьвіваць літаратурныя здольнасьці па-славенску.
У 1821 року Прэшэрэн паступіў у Венскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў права і пазнаёміўся з клясычнай эўрапейскай літаратурай. Атрымаўшы ў 1828 року юрыдычную адукацыю, вярнуўся ў Любляну і ўладкаваўся ў адвакацкую кантору.
У 1833 року Францэ Прэшэрэн сустрэў дачку багатага гандляра Юлію Прыміч. Яна стала ягоным неразьдзеленым каханьнем, якое ён пранёс праз усё жыцьцё, але не наважыўся адкрыць свае пачуцьці. У 1835 яна выйшла замуж за заможнага гандляра. У 1836 Францэ Прэшэрэн пазнаёміўся з Анай Елаўшэк, зь якой пасьля мелі трох дзяцей, аднак ня бралі шлюб. У 1846 року пасьля дазволу адкрыць уласную кантору пераехаў зь сям’ёй у Крань.
Апошнія два гады жыцьця займаўся толькі сямейным жыцьцём і адвакацкай практыкай. На глебе алькагалізму пачаліся праблемы зь печаньню. Рэвалюцыя 1848 року яго амаль абышла, хоць моладзь ужо разглядала Прэшэрэна як сымбаль барацьбы за дэмакратычныя і нацыянальныя ідэалы.
Творчасьць
рэдагавацьПершыя творчыя спробы адносяцца да студэнцкіх гадоў. У 1824 напісаў адныя зь ягоных найпапулярнейшых вершаў, на якія аказаў уплыў Валянцін Воднік і багатыя традыцыі славацкай народнай паэзіі.
У 1830—1835 Прэшэрэн напісаў свае самыя дасканалыя вершы, заснаваныя на ўласным жыцьцёвым досьведзе, асабліва на безадказным каханьні да Юліі Прыміц. Паслухаўшыся парады школьнага сябра Маціі Чопа, Францэ Прэшэрэн пасьпяхова пачаў складаць санэты. Ягоныя вершы былі высока адзначаныя чэскім пісьменьнікам Францішкам Чэлакаўскім, што вельмі паўплывала на самаацэнку паэта.
Самым значным вершам гэтага раньняга пэрыяду творчасьці Прэшэрэна стаў «Вянок санэтаў», які складаўся з 15 санэтаў. У ім Прэшэрэн спалучыў матывы свайго няшчаснага каханьня з тэмай паняволенай радзімы. Мація Чоп назваў твор шэдэўрам, аднак ягоная вядомасьць ня выйшла па-за вузкае кола чытачоў часопісу «Krajnska čbelica». Больш за тое, Юлію Прыміц ён ня ўразіў, таму Прэшэрэн перайшоў да складаньня больш горкіх вершаў.
Самымі пэсымістычнымі творамі Прэшэрэна сталі апублікаваныя ў часопісе Krajnska čbelica ў 1834 року «Санэты нядолі» (славен. Sonetje nesreče). У гэтых шасьці творах выказанае расчараваньне паэта жыцьцём. Дасьледчыкі лічаць гэтыя санэты аднымі з самых шчырых і глыбокіх твораў Прэшэрэна.
У 1835 року ўтапіўся найлепшы Францэў сябар Мація Чоп, а Юлія Прыміч выйшла замуж. Гэтыя падзеі аказалі значны ўплыў на стан паэта. Ён прысьвяціў Чопу эпічна-лірычную паэму «Хрост на Савіцы» (славен. Krst pri Savici). Апісваючы падзеі хрысьціянізацыі ў VIII стагодзьдзі прародзічаў славенцаў, карантанаў, паэма зьвяртаецца да праблемаў калектыўнай ідэнтычнасьці і адданасьці спадчыне продкаў, а таксама ўздымае пытаньні асобы, ягоных надзеяў і расчараваньняў. Філёзаф Славай Жыжак назваў паэму ўзорам зараджэньня сучаснага суб’ектывізму.
У 1837 року Прэшэрэн сустрэў Эміля Карытку, польскага палітычнага дзеяча з Галічыны, якога аўстрыйскія ўлады саслалі ў Любляну. Карытка пазнаёміў Прэшэрэна з творамі Адама Міцкевіча, якія аказалі значны ўплыў на ягоную пазьнейшую творчасьць. Удваёх яны нават пераклалі адзін зь Міцкевічавых вершаў «Rezygnacja» і пачалі зьбіраць славенскія народныя песьні. У 1839 року Карытка памёр.
Тае ж восені на радзіму вярнуўся адзін зь Прэшэрэнавых сяброў юнацтва Андрэй Смоле, малады заможны інтэлектуал, які апекаваўся разьвіцьцём славенскай культуры. Разам яны заплянавалі ўзімку 1839—1840 рокаў разнастайныя культурніцкія і літаратурныя праекты, сярод якіх заснаваньне славенскамоўнага штодзёньніку і выданьне забароненай у 1790 року камэдыі Антона Томажа Лінгарта Той шчасьлівы дзень, ці Вясельле Мацічка. Аднак выпуск газэты быў забаронены венскай цэнзурай, п’еса Лінгарта была пастаўленая толькі ў 1848 року без удзелу Францэ Прэшэрэна. А ў 1840 Андрэй Смоле раптоўна памёр неўзабаве пасьля 40-гадовага дня нараджэньня.
Пасьля гэтага Прэшэрэн застаўся зусім без паплечнікаў, але працягваў складаць вершы, хоць і радзей, чым у 1830-я. Паступова ён адышоў ад чыста рамантычнага жанру. У 1843 Янэз Блейвэйс запрасіў яго пісаць у штодзённую славенскую газэту. І, хоць абодва вельмі адрозьніваліся ў поглядах, між імі ўсталявалі прыязныя стасункі. У 1844 року Францэ Прэшэрэн напісаў патрыятычны верш «Тост(sl)» (бел. Тост), свой найлепшы твор гэтага пэрыяду. У 1847 року быў выдадзены ягоны зборнік пад назваю «Паэзія д-ра Францэ Прэшэрэна» (славен. Poezije dr. Franceta Prešerna).
Значэньне
рэдагавацьЦяпер Францэ Прэшэрэн лічыцца славенскім нацыянальным паэтам, а на эўрапейскім узроўні таксама і адным з найвялікшых рамантыстаў. Прызнаньне адбылося толькі па ягонай сьмерці, пасьля выданьня ў 1866 року зборніку вершаў паэта. У прадмове Ёсіп Стрытар прадставіў эстэтычную вартасьць твораў Прэшэрэна ў шырэйшым эўрапейскім кантэксьце. З тае пары ягоная рэпутацыя найвялікшага славенскамоўнага паэта не падвяргалася сумневам.
Памяць
рэдагавацьУ 1905 року на цэнтральным пляцы Любляны, які цяпер носіць імя Прэшэрэна, быў адкрыты ягоны помнік. У 1945 дзень сьмерці паэта быў абвешчаны нацыянальным сьвятам. У 1989 року верш Zdravljica стаў дзяржаўным гімнам Славеніі.
У 1992 року партрэт Прэшэрэна быў зьмешчаны на 1000-толаравую банкноту, а ў 2007 — на двухэўравую манэту. Ягонае імя носіць таксама найвышэйшая мастацкая прэмія краіны.
Беларускія пераклады
рэдагавацьНа беларускую мову вершы Прэшэрэна пераклалі Інэса Кур’ян, Янка Сіпакоў[1], Ніл Гілевіч, Алесь Зарыцкі, Васіль Зуёнак.
- Санеты смутку / Францэ Прэшарн. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 57, [2] с.
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Henry Ronald Cooper, Francè Prešeren (Boston, MA: Twayne, 1981).
- Janko Lavrin, Francè Prešeren: 1800—1849 (Bristol: Western Printing Services Ltd., 1955).
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьСлавенская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |