Тацяна Кабржыцкая

беларуская літаратуразнаўца, крытык, перакладніца

Тацяна Кабржыцкая (нар. 15 жніўня 1941, Кіеў, Украіна) — беларуская літаратуразнаўца, крытыца і перакладніца.

Тацяна Кабржыцкая
Дата нараджэньня 15 жніўня 1941(1941-08-15) (83 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, літаратурны крытык, перакладніца
Месца працы
Вядомая як Перакладніца на ўкраінскую / з украінскай мовы
Сябра ў Саюз пісьменьнікаў СССР, Нацыянальны саюз пісьменьнікаў Украіны[d] і Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Навуковая ступень Кандыдатка філялягічных навук
Вучні Мікола Хаўстовіч, Сяргей Кавалёў, Алесь Пісьмянкоў
Бацька Вячаслаў Апанасавіч Кабржыцкі[d]
Узнагароды

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Тацяна Кабржыцкая нарадзілася ў Кіеве ў 1941 годзе. Бацька, Вячаслаў Кабржыцкі, быў заслужаным артыстам УССР, прафэсарам Львоўскай кансэрваторыі. Маці, Клаўдзія Кабржыцкая, — лекарка[1].

У час Другой сусьветнай вайны была эвакуяваная ў Алма-Ату. У 1946 годзе сям’я пераехала ў Львоў. Скончыла філялягічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1964). Працавала завучам Вязаўскай сярэдняй школы на Львоўшчыне (1964—1966), рэдактаркай выдавецтва Львоўскага ўнівэрсытэту (1966—1967), вучылася ў асьпірантуры пры гэтым унівэрсытэце (1967—1971). У 1971 г. абараніла кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Украінска-беларускія літаратурныя сувязі пачатку ХХ ст.»[2].

У 1971—1980 гадах — навуковая супрацоўніца навукова-дасьледчага Інстытуту пэдагогікі Міністэрства асьветы БССР, з 1980 году — дацэнтка катэдры расейскай савецкай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Кандыдатка філялягічных навук. Сябра СП СССР з 1990 году[3].

Сярод яе выпускнікоў былі вядомыя літаратуразнаўцы С. Кавалёў і А. Бельскі, гісторык беларускай літаратуры М. Хаўстовіч, а таксама пісьменьнік А. Пісьмянкоў і інш. Шмат зрабіла Т. Кабржыцкая для агульнаадукацыйнай школы[4].

Творчасьць

рэдагаваць

Друкавацца Т. Кабржыцкая пачала ў студэнцкія гады. У 1963 г. у часопісе «Жовтень» была зьмешчаная ейная першая публікацыя. Потым зьявіліся артыкулы і рэцэнзіі па пытаньнях мэтодыкі выкладаньня, тэорыі, гісторыі літаратуры і літаратурных узаемасувязяў. Разам з В. Рагойшам Т. Кабржыцкая выдала кнігу «Карані дружбы: беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976). Асаблівую навуковую зацікаўленасьць дасьледніцы выклікалі тыпалёгія і ўзаемадзеяньне ўсходнеславянскіх літаратураў (М. Рыльскі і А. Блок, Я. Купала і М. Рыльскі, Цётка і І. Сьвянціцкі і інш). Адначасова яна займалася пытаньнямі гісторыі бларускай літаратуры. Вывучала творчасьць Я. Коласа, Я. Купалы, У. Дубоўкі, М. Багдановіча, Цёткі і іншых, выступала з рэцэнзіямі на творы Р. Барадуліна, В. Віткі, Н. Гілевіча, А. Петрашкевіча, С. Грахоўскага, У. Караткевіча, А. Макаёнка і інш. Склала з В. Рагойшам зборнік твораў С. Палуяна «Лісты ў будучыню» і падрыхтавала яго да публікацыі ў 1986 г. У 1990 г. у суаўтарстве з В. Рагойшам была напісаная кніга «Сьлядамі зьнічкі: пра Сяргея Палуяна». Разам з навуковай і выкладніцкай дзейнасьцю Т. Кабржыцкая актыўна займалася перакладамі[5].

На ўкраінскую мову пераклала творы М. Багдановіча, У. Караткевіча, асобным выданьнем выйшлі аповесьці В. Быкава «У тумане», «Аблава», раман «Мёртвым не баліць» (Кіеў, 1990). З украінскай мовы пераклала кнігу для настаўнікаў Д. Тхаржэўскага і У. Гекта «Праблемнае навучаньне…» (1986)[6].

Узнагароды

рэдагаваць

Ляўрэатка літаратурнай прэміі імя І. Франко (Украіна), узнагароджаная ордэнам сьвятой княгіні Вольгі 3-й ступені (Украіна)[7].

Выбраныя працы

рэдагаваць

• В. Рагойша і Т. Кабржыцкая, «Карані дружбы: беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976)

• В. Рагойша і Т. Кабржыцкая, «Слядамі знічкі: пра Сяргея Палуяна» (1990)

• Т. Кабржыцкая, «Дзве Радзімы — Украіна і Беларусь — пад міратворчымі крыламі буслоў» (2011)

• «Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі» (у 3 ч., 2012—2016) — у суаўтарстве з У. Рагойшам).

  1. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Філялягічнага факультэту БДУ
  2. ^ Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 3. — Мн., 1994. — С. 32-33.
  3. ^ Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 3. — Мн., 1994. — С. 32-33.
  4. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Філялягічнага факультэту БДУ
  5. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
  6. ^ Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 3. — Мн., 1994. — С. 32-33.
  7. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі