Тану-Ўранхай

гістарычная вобласьць Мангольскай імпэрыі

Тану́-Ўранха́й (па-тувінску: Таңды Урянхай, кіт. трад. 唐努烏梁海, спр. 唐努乌梁海, піньінь: Tángnǔ Wūliánghǎi, па-расейску: Танну-Урянхай, Урянхайский край) — гістарычны рэгіён Мангольскай імпэрыі, затым — дынастыі Цын, які займаў у асноўным тэрыторыю сучаснае рэспублікі Тыва (Расея), а таксама некаторыя сумежныя зь ёй тэрыторыі Манголіі ды Расеі.

Тану-Ўранхай
тув. Таңды Урянхай
XIX ст. — 1921
Месцазнаходжаньне Тану-Ўранхаю
Сталіца Белацарск
Этнічны склад тувінцы
Канфэсійны склад будызм, шаманізм

Назва ўтвораная ад горнага хрыбта Тану-Ала ў паўднёвай Сыбіры і мангольскага слова урианхай, якім манголы пазначалі тувінцаў і, адпаведна, рэгіён іх пражываньня.

Па абвяшчэньні Зьнешняй Манголіяй сваёй незалежнасьці ад імпэрыі Цын (Тану-Ўранхай уваходзіў у склад гэтага рэгіёну падчас панаваньня Цын) Тану-Ўранхай трапіў пад расейскі ўплыў, стаўшыся спачатку ейным пратэктаратам, пазьней — незалежнай дзяржавай Тану-Тува (пасьля пераназваная ў Тувінскую Народную Рэспубліку), якая ў 1944 годзе была далучаная да СССР у якасьці Тувінскай аўтаномнай вобласьці РСФСР.

Рэгіён лічыць сваёй часткай Кітайская Рэспубліка, якая, аднак, на цяперашні момант кантралюе толькі востраў Тайвань і некаторыя навакольныя тэрыторыі (гл. мапу).

Гісторыя

рэдагаваць

З падзеньнем дынастыі Юань (1368) у Кітаі Тану-Ўранхай стаў кантралявацца заходнемангольскім этнасам айратаў да пачатку XVII ст.[1][2]. Пасьля гэтых падзеяў гісторыя захаду Манголіі, а таксама Тану-Ўранхаю, перайшла ў этап складаных ваенных адносінаў паміж Алтайскім ханствам і айратамі, якія змагаліся за кантроль над заходняй Манголіяй[3].

Кантроль цынскага Кітаю над рэгіёнам усталяваўся пасьля яго ўмяшаньня ў канфлікт паміж айратамі і халха (мангольскія плямёны ва ўсходняй частцы Манголіі). У 1691 годзе імпэратар Кансі прызнаў прыхільніцтва халхасцаў перад Кітаем у Долан-Норы (Унутраная Манголія), а затым узначаліў войска ў Манголіі, разьбіўшы айратаў у 1696 годзе пад Улан-Батарам. Ад гэтага часу Манголія, у тым ліку й Тану-Ўранхай знаходзіліся пад уладай Кітаю. Між тым, існавала вызначаная пагроза гэтаму панаваньню: так, напрыклад, існуюць зьвесткі пра паведамленьне жыхарам Уранхаю з боку цынскіх чыноўнікаў пра сталае існаваньне небясьпекі[4].

Цынскае кіраваньне

рэдагаваць
 
Тану-Ўранхай у адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сыстэме Цынскай імпэрыі на 1820 г.

Пад цынскім кіраваньнем Тану-Ўранхай быў падзелены на пяць хашунаў, якія ў сваю чаргу падзяляліся на 46 або 47 самонаў[a]. Кожны хашун кіраваўся спадчынным князём, які прызначаўся цынскім вайсковым губэрнатарам ва Ўліястаі (паўднёвы захад Манголіі). У другой палове XVIII ст. князь аднаго з хашунаў быў падвышаны да губэрнатара (амбань-наён) у знак прызнаньня ягонай вайсковай службы дынастыі.

Тану-Ўранхай займаў унікальнае месца ў адміністрацыйнай сыстэме імпэрыі Цын. У прыватнасьці, нічога не вядома пра ўдзел арыстакратыі Тану-Ўранхаю ў абавязковых адміністрацыйных працэдурах, вядомых для арыстакратыі Манголіі, Цынхаю і Джунгарыі[5]. Пасьля дэмаркацыі мяжы паміж Кітаем і Расеяй паводле Кяхцінскае дамовы 1727 году, Цынскае кіраўніцтва разьмясьціла памежную ахову не каля Саянаў, якія аддзялялі Тану-Ўранхай ад Расеі, а на поўдзень ад гораў Тану-Ала, якія аддзяляюць Тыву ад Манголіі, што пазьней было выкарыстана расейскімі палемістамі як аргумэнт на карысьць апраўданьня тэзісаў пра гістарычна спрэчны характар гэтага рэгіёну паміж Кітаем і Расеяй. Уліястайскі губэрнатар ніколі не перасякаў гораў Тану-Ала і не наведваў Тану-Ўранхай, а пры ўзьнікненьні праблем у рэгіёне ваенны губэрнатар не займаўся асабістым іх вырашэньнем, пасылаючы ў Тану-Ўранхай сваіх мангольскіх пасланьнікаў[5].

Не існуе дакумэнтальна занатаваных выпадкаў (апрача 1726 году) наведваньня рэгіёну будзь-якім цынскім чыноўнікам, а да ХХ ст. кітайскім гандлярам было забаронена перасякаць мяжу Тану-Ўранхаю.

Расейскае засваеньне

рэдагаваць

Расейская калянізацыя рэгіёну пачалася ў 1839 годзе з адкрыцьцём двух залатых руднікоў у Саянах, пазьней, збольшага на поўначы Тану-Ўранхаю, пачалася здабыча й іншых выкапняў. У 1883 годзе агульная колькасьць расейскіх пасяленцаў дасягнула 485 чалавек[6]. У наступным, асабліва пасьля адкрыцьця Кітаю замежным гандлярам у 1860 годзе, у рэгіён пачалі пранікаць купцы зь Мінусінску. Купцоў прываблівалі, паводле словаў аднаго з сучасьнікаў, «дзікія кошты», якімі тувінцы былі гатовыя расплочвацца за расейскія тавары; на канец 1860-х гг. у Тану-Ўранхаі ўжо існавала шаснаццаць камэрцыйных установаў[7]. Між тым, перацінаньне Саянаў было небясьпечным, таму гандаль вёўся вельмі малой колькасьцю чалавек і быў актыўным толькі ўлетку[5].

Засваеньне рэгіёну з боку расейскіх перасяленцаў пачалося ў 1856 годзе са спробы старавераў пасяліцца ў Тану-Ўранхаі як у месцы, якое адпавядала іхным рэлігійным цікаўнасьцям[8], пасяляліся таксама і ўцекачы з катаргаў. Аднак фармальная калянізацыя пачалася ў 1885 годзе, калі іркуцкі генэрал-губэрнатар даў дазвол на заснаваньне фэрмы ў раёне сучаснага мястэчка Туран. Урэшце, на першае дзесяцігодзьдзе ХХ ст. у Тану-Ўранхаі налічвалася прыкладна 2000 расейскіх перасяленцаў і купцоў[9].

У 1870-х і 1880-х гадох расейская прысутнасьць у рэгіёне набыла палітычную афарбоўку. У 1878 годзе расейцамі было знойдзенае золата ва ўсходняй частцы Тану-Ўранхаю. Пачалося распаўсюджваньне чутак пра вялікія запасы карысных выкапняў у краі, а расейскія правінцыйныя ўлады памежных губэрняў пачалі атрымоўваць шмат запытаў на дазвол здабычы ў рэгіёне. Дазвол быў атрыманы, купцы і шахцёры зьвярнуліся па расейскіх уладаў з просьбаю пра прадастаўленьне аховы[6]. У 1886 годзе была створаная асаблівая ўстанова па прасоўваньні расейскіх інтарэсаў ва Ўранхаі. Зь цягам некаторага часу сталі высоўвацца патрабаваньні па атрыманьні некаторых уладавых функцыяў у рэгіёне, такіх як падаткаабкладаньне, кіраваньне паліцыяй і адміністрацыйнымі справамі[8], у прыватнасьці, сталі гучаць прагнозы пра будучае далучэньне Тану-Ўранхаю да Расеі[6]. Між тым, царскі ўрад неахвотна павялічваў актыўнасьць у рэгіёне, асьцерагаючыся нэгатыўнае рэакцыі з боку цынскіх уладаў. Расейскае кіраўніцтва аддало перавагу мірным захадам па засваеньні, напрыклад, правядзеньні палітыкі мірнае калянізацыі.

Рэакцыя Цын

рэдагаваць

Кітай не зьвяртаў увагі на расейскую прысутнасьць у Тану-Ўранхаі. У 1860—1870 гг. губэрнатар Уліястаю паведамляў цэнтральным уладам пра дзеяньні расейцаў у рэгіёне[10], аднак гэтыя перасьцярогі ня выклікалі выніку. На перамовах паміж Кітаем і Расеяй, у выніку якіх у 1864 годзе была падпісаная Тарбагатайская дамова, прадстаўнік Расеі настойваў на варыянце расейска-кітайскае мяжы ўздоўж гораў Тану-Ала, ваенны губэрнатар Уліястаю атрымоўваў ад расейскіх прадстаўнікоў мапу з адлюстраваньнем гэтага варыянту мяжы[11]. Аднак у другой палове ХІХ ст. цынскі ўрад быў вымушаны вырашаць праблемы ў цэнтральнай частцы краіны, у выніку чаго ўвесь лёс кітайскага кіраваньня Тану-Ўранхаем быў ускладзены на губэрнатара Ўліястаю, дзеяньні якога маглі абмяжоўвацца толькі пратэстамі супраць расейскай дзейнасьці.

Канец цынскага кіраваньня

рэдагаваць

На пачатак ХХ ст. сур’ёзна пагоршыўся эканамічны стан Тану-Ўранхаю, што прывяло да зьніжэньня ўзроўню жыцьця яго жыхароў. На гэта паўплывала, напрыклад, скарачэньне папуляцыі карысных зьвяроў з прычыны празьмернага паляваньня на іх і пэрыядычныя стыхійныя бедзтвы (засухі і эпідэміі). Крызісу ў мясцовай эканоміцы спрыяла таксама асаблівая сыстэма грашовых зносінаў паміж тувінцамі і расейцамі, у выніку чаго тувінцы часта станавіліся ахвярамі забраньня быдла або нават сваякоў на карысьць згашэньня доўгу. У адказ на гэта жыхары Тану-Ўранхаю сталі практыкаваць набегі.

Сытуацыя пагоршылася з прыходам кітайцаў. У 1902 цынскае кіраўніцтва дазволіла прыход кітайскіх гандляроў з мэтай нэўтралізацыі расейскага эканамічнага ўплыву, напрыклад, на 1910 год налічвалася прыкладна трыццаць кітайскіх крамаў. Па цэлым шэрагу прычынаў кітайскі гандаль апынуўся больш канкурэнтназдольным за расейскі, у выніку чаго тувінцы назапасілі пазыкі і ў кітайцаў[12].

10 кастрычніка 1911 годзе ў Кітаі адбылася рэвалюцыя і зрынаньне дынастыі Цын, неўзабаве пасьля гэтага не-кітайскія правінцыі пачалі абвяшчаць аб сваёй незалежнасьці ад Кітаю. 1 сьнежня абвесьціла пра сваю незалежнасьць Зьнешняя Манголія[13], у другой палове сьнежня ўранхайскія банды сталі рабаваць кітайскія крамы.

У сваю чаргу адбыўся палітычны раскол у тувінскай арыстакратыі. Тану-Ўранхайскі амбань-наён Гамбо-Даржу выступаў за пераўтварэньне краю ў пратэктарат Расеі, спадзеючыся на атрыманьне пасады губэрнатара рэгіёну, але князі двух хашунаў выступілі за далучэньне да ўсталяванай на той момант тэакратычнай мангольскай дзяржавы[14].

Не спалохаўшыся імкненьняў па далучэньні да Манголіі, Гамбу-Даржу накіраваў зварот да расейцаў, заявіўшы пра сябе як пра кіраўніка незалежнага Тану-Ўранхаю. Ён падаў просьбу аб ахове і прапанаваў увесьці расейскія войскі з мэтаю прадухіленьня аднаўленьня кітайскае ўлады ў рэгіёне. На гэтую просьбу не пасьледавала адказу, аднак расейская рада міністраў ужо тры месяцы раней вырашыла пра паступовую інкарпарацыю Тану-Ўранхаю шляхам заахвочваньня расейскае калянізацыі; між тым, рада асьцерагалася правакаваньня Кітаю[15]. Гэтыя перасьцярогі, аднак, былі адрынутыя празь імкненьне захаваньня расейскае маёмасьці, ціск расейскіх камэрцыйных колаў і хадайніцтва ў восені 1913 году двух хашунаў Уранхаю з просьбай аб уваходжаньні ў склад Расеі. Іншыя хашуны неўзабаве палічылі патрэбным паступіць на ўзор першых двух хашунаў і ў 17 красавіка 1914 року Тану-Ўранхай быў прыняты ў якасьці пратэктарату Расеі[16] — Мікалай ІІ адказаў згодай на даклад міністра замежных справаў Расеі Сяргея Сазонава[17], у адміністрацыйным пляне рэгіён быў падпарадкаваны Енісейскай губэрні, палітычныя і дыпляматычныя паўнамоцтвы былі перададзеныя Іркуцкаму генэрал-губэрнатару.

Новая і найноўшая гісторыя

рэдагаваць

У 1921 годзе ў Тану-Ўранхаі была абвешчаная незалежная дзяржава пад назваю Народная Рэспубліка Тану-Тува, пераназваная ў 1926 годзе ў Тувінскую Народную Рэспубліку.

У 1944 годзе рэспубліка ўвайшла ў склад СССР, стаўшыся пры гэтым не асобнай саюзнай рэспублікай, а ўвайшоўшы ў склад непасрэдна РСФСР у якасьці Тувінскай аўтаномнай вобласьці, падвышаная ў 1961 годзе да статусу АССР. З 1991 году — суб’ект фэдэрацыі незалежнае Расеі як Рэспубліка Тува, у 1993 годзе — як Рэспубліка Тыва.

  1. ^ Пры гэтым, кітайскія і расейскія крыніцы падаюць розную колькасьць гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
  1. ^ Iakinf (Bichurin) 1 // Собрание сведений о народах оюитгавских в Средней Азии в древние времена. — СпБ: 1851. — С. 439.
  2. ^ M.G. Levin, L.P. Potapov The Peoples of Siberia. — Chicago, London: 1961. — С. 382-383.
  3. ^ Пра гісторыю гэтага пэрыяду гл. Ewing, The Forgotten Frontier, pp. 176—184.
  4. ^ Chi Yunshi, comp., Huangchao fanbu yaolue [Essential Information Regarding the Imperial Dependencies on the Frontier], (1845; rpr. Taipei 1966), v. 1, p. 213.
  5. ^ а б в Thomas E. Ewing XXV // The Forgotten Frontier: South Siberia (Tuva) in Chinese and Russian History, 1600-1920. — Central Asiatic Journal, 1981. — С. 176.
  6. ^ а б в В. И. Дулов. 2 // Русско-тувинские экономические связи в ХІХ столетии. — Кызыл: Учёные записки тувинского научно-исследовательского института языка, литературы и истории, 1954. — С. 104.
  7. ^ В. М. Родевич. Очерки Урянхайского края. — СпБ: 1910. — С. 104.
  8. ^ а б F.Ya. Kon. Усинский край. — Красноярск: 1914. — С. 29-38.
  9. ^ В. Л. Попов. Второе путешествие в Монголию. — Иркутск: 1910. — С. 12.
  10. ^ Qingdai chouban iwu shimo [Complete Records of the Management of Barbarian Affairs] (Peiping, 1930), Xienfeng 5:30b.
  11. ^ Liu Jinzao, ed., Qingchao xu wenxien tongkao [Encyclopedia of the Historical Records of the Qing Dynasty, Continued] (Shanghai, 1935; repr. Taipei, 1966), pp. 10, 828-30.
  12. ^ М. И. Боголепов, М. Н. Соболев. Очерки русско-монгольской торговли. — Томск: 1911. — С. 42.
  13. ^ Thomas E. Ewing 12 // Revolution on the Chinese Frontier: Outer Mongolia in 1911. — Journal of Asian History, 1978. — С. 101-119.
  14. ^ L. Dendev, Mongolyn tovch tüükh [Brief History of Mongolia] (Ulan Bator, 1934), p. 55.
  15. ^ N.P. Leonov, Tannu Tuva (Moscow, 1927), p. 42.
  16. ^ История Тувы, ч. 1, ст. 354-55.
  17. ^ Т. А. Бондаренко 95-летию Белоцарска — Урянхайска — Красного — Кызыла (рас.) Новые исследования Тувы Праверана 6 сьнежня 2013 г.