Тальсынкі (часам таксама Хэльліна/Хэльлін) — размоўнае азначэньне вандровак між Хэльсынкамі (Фінляндыя) і Талінам (Эстонія) з мэтай танных закупак. Тэрмін упершыню выкарыстаў у 1992 року эстонскі пісьменьнік Яан Каплінскі, відавочна скампанаваўшы яго з назваў абодвух местаў. Аддзялае абедзьве сталіцы адлегласьць усяго 80 км.

Цеплаход «Viking XPRS» па дарозе з Хэльсынкаў у Талін

Штолета тысячы турыстаў з Хэльсынкаў накіроўваюцца ў Талін на адзін дзень, праводзячы ўвесь гэты час у разнастайных унівэрсамах і на рынках, дзе кошты на тавары ніжэйшыя, чым на іхняй радзіме. Падобныя вандроўкі ладзяць і талінцы, хоць і ў значна меншых маштабах. Іх вабяць ня столькі «танны» шопінг, але магчымасьць прыдбаць нейкія асаблівыя тавары, што адсутнічаюць у Эстоніі. Да таго ж кошты на некаторыя харчовыя прадукты і вопратку ў Хэльсынках нават ніжэйшыя за талінскія.

Пашырэньню падобнага зьяўленьня спрыялі далучэньне Эстоніі да Шэнгенскае прасторы ў 2004 року, скасаваньне памежнага кантролю ў 2007 і, урэшце, пераход Эстоніі на эўра ў 2011.

У пэрспэктыве эстонскія адмыслоўцы прапануюць злучыць Талін і Хэльсынкі чыгункай па дне Фінскае затокі замест цяперашняе паромнае пераправы. У якасьці падобнага праекту прыводзіцца прыклад мэтрапольнага абшару Капэнгагену і Мальмё (Эрэсундзкі рэгіён). У дадатак на паўдарозе між Талінам і Хэльсынкі прапанавана збудаваць штучную выспу з назвай Тальсынкі, матэрыял на якую можа быць узяты з рэштак гранітнага камяню ад будаўніцтва падводнага тунэлю[1]. Аднак гэтая ідэя пакуль не атрымала шырокае падтрымкі.

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
  1. ^ Между Эстонией и Финляндией планируется искусственный остров (рас.) Эканоміка. Delfi (6 красавіка 2009). Праверана 22 кастрычніка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць