Эрэсундзкі рэгіён
Э́рэсундзкі рэгіён (па-дацку: Øresundsregionen, па-швэдзку: Öresundsregionen [œːrɛ²sɵnːdsrɛɡɪˌuːnɛn]), у маркетынгавых мэтах завецца таксама Рэгіён Капэнгаген-Мальмё[1] — аглямэрацыя, якая складаецца з усходняй Даніі і лэну Сконэ ў паўднёвай Швэцыі. У рэгіён уваходзяць два вялікія месты з розных канцоў Эрэсундзкай пратокі — Капэнгаген (Данія) і Мальмё (Швэцыя) — злучаныя Эрэсундзкім мостам і паромнай пераправай ад Гэльсынгёру да Гэльсынгборгу.
Дацкая частка ўваходзіць у Сталічную вобласьць ды Зэляндыю, швэдзкая — у лэн Сконэ[2]. 1 студзеня 2016 назва рэгіёну зьмененая на «Вялікі Капэнгаген-Сконэ»[3].
Дзьве мэтрапольныя тэрыторыі Эрэсундзкага рэгіёну — Капэнгагенская і Мальмёнская — зьяўляюцца аднымі з самых густанаселеных рэгіёнаў Скандынавіі; у той жа час пэрыфэрыйныя тэрыторыі рэгіёну маланаселеныя. Паводле стану на 2018 рок насельніцтва Вялікага Капэнгагену-Сконэ складала 4 млн чалавек.
Эрэсундзкі рэгіён — важны камунікацыйны вузел Скандынавіі. Паводле зьвестак 2007 року, праз Эрэсундзкі мост праяжджалі 14 000 чалавек штодня: шматлікія швэды з Мальмё працуюць у Капэнгагене, а датчане набываюць у Сконэ таньнейшую нерухомасьць. Акрамя таго, швэдаў прывабліваюць начныя забавы і шопінг у Даніі ды Капэнгагенскі аэрапорт, большы за аэрапорт Мальмё.
З адкрыцьцём мосту праз Эрэсунд у 2000 року павялічыўся і трансгранічны тавараабмен. Паводле стану на 2018 рок праз мост штодня праяжджалі 19 100 аўтамабіляў. У 2001 порты Капэнгагену і Мальмё аб’ядналіся ў адзіную кампанію.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Sydsvenskan
- ^ Geography. Tendens Øresund. Праверана 29 October 2010 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20161025143629/http://www.oresundskomiteen.org/2015/12/oresundskomiteen-omdannes-til-greater-copenhagen-skane-committee/
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьКаардынаты: 55°34′ пн. ш. 12°49′ у. д. / 55.567° пн. ш. 12.817° у. д.