Супольны парад Вэрмахту і Чырвонай арміі ў Берасьці (1939)

Супольны парад Вэрмахту і Чырвонай арміі ў Берасьці — праходжаньне ўрачыстым маршам па цэнтральнай вуліцы гораду падразьдзяленьняў XIX матарызаванага корпусу вэрмахту (камандуючы корпусам — генэрал танкавых войскаў Гайнц Гудэрыян) і 4-га батальёну 29-й асобнай танкавай брыгады РСЧА (камбрыг — Сямён Крывашэін), якое адбылося 22 верасьня 1939 году ў час афіцыйнай працэдуры перадачы Берасьця і Берасьцейскай крэпасьці савецкаму боку ў час уварваньня ў Польшчу войскаў Нямеччыны і СССР. Працэдура завяршылася ўрачыстым спускам нямецкага і ўзьняцьцем савецкага сьцягоў[1][2][3][4].

Прывітальная арка ў Берасьці з нацысцкай і савецкай сымболікай
Прывітальная арка ў Высокім з усхваленьнем Сталіна і нацысцкай сымболікай[5]

Перадача гораду адбывалася паводле савецка-нямецкага пратаколу аб усталяваньні дэмаркацыйнай лініі на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы, падпісанага 21 верасьня 1939 году прадстаўнікамі савецкага і нямецкага камандаваньняў[6].

22 верасьня 1939 году. На трыбуне — нямецкі генэрал Гайнц Гудэрыян і савецкі камандзір брыгады Сямён Крывашэін.

Падзея была засьнята нямецкай прапагандысцкай службай «Die Deutsche Wochenschau». Гісторык Міхаіл Мельцюхоў адзначае, што ў гэты час Нямеччына ўсяляк імкнулася паказаць Ангельшчыне і Францыі, што СССР — яе саюзьнік, у той самы час і ў самім СССР усяляк імкнуліся падкрэсліць сваю «нэўтральнасьць»[7].

Падзеі ў Берасьці

рэдагаваць
 
Гудэрыян і Крывашэін пад нацысцкім сьцягам з свастыкай

Падчас вайсковых дзеяньняў 14 верасьня горад Берасьце17 верасьня — крэпасьць) былі занятыя XIX-м матарызаваным корпусам вэрмахту пад камандаваньнем генэрала Гудэрыяна. Паводле ўзгодненай 20 верасьня часовай дэмаркацыйнай лініі паміж войскамі СССР і Нямеччыны гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў савецкую зону[7].

Згадкі ўдзельнікаў

рэдагаваць
 
Фрагмэнт параду

Паводле ўспамінаў камандзіра 29-й асобнай танкавай брыгады Сямёна Крывашэіна, яго падразьдзяленьне атрымала ўвечары 20 верасьня загад камандаючага 4-й арміі Васіля Чуйкова аб заняцьці гораду і крэпасьці Берасьце. З гэтай мэтай брыгада мусіла зьдзейсьніць 120 км начны марш з Пружанаў (наяўныя ў брыгадзе танкі Т-26 мелі практычную далячыню на адной запраўцы 90 км і рэкамэндаваную хуткасьць маршу 18-22 км/г). Да раніцы 21 перадавыя падразьдзяленьні 29-й брыгады наблізіліся да Берасьця з паўночнага боку. Крывашэін асабіста накіраваўся на перамовы зь нямецкім камандаваньнем наконт перадачы гораду і крэпасьці, аддаўшы загад пра пачатак рушаньня брыгады ў Берасьце ў 14:00. Перамовы з Гудэрыянам, якія вяліся на зразумелай абодвум францускай мове, зацягнуліся да вечара[1].

 
Савецкая танкавая калёна праходзіць уздоўж групы нямецкіх матацыклістаў. На пярэднія пляне «камандзірскі» Т-26 узору 1933 году с паручнявой антэнай

Крывашэін піша, што Гудэрыян настойваў на правядзеньні параду з папярэдняй пабудовай частак абедзьвюх бакоў на пляцы. Крывашэін паспрабаваў адмовіцца ад правядзеньня параду, спасылаючыся на стомленасьць і непадрыхтаванасьць сваіх войскаў. Але Гудэрыян настойваў, паказваючы на пункт дамовы паміж вышэйстаячымі камандаваньнямі, у якім абумоўліваўся сумесны парад. Крывашэін быў вымушаны пагадзіцца, аднак ён прапанаваў наступную працэдуру:

У 16 гадзін часткі корпусу Гудэрыяна ў паходнай калёне, з штандарамі наперадзе, пакідаюць горад, а часткі Крывашэіна, таксама ў паходнай калёне, уступаюць у горад, спыняюцца на вуліцах, дзе праходзяць нямецкія палкі, і сваімі сьцягамі салютуюць надыходзячым часткам. Аркестры выконваюць вайсковыя маршы[1].

Гудэрыян пагадзіўся на прапанаваны варыянт, але асобна абгаварыў, што будзе прысутнічаць на трыбуне разам з Крывашэіным і вітаць часткі, якія праходзяць:[1]

Скончыўшы ўвечары перамовы, Крывашэін аддаў брыгадзе, якая ўжо ўступіла ў горад, указаньне падрыхтаваць да параду 4-й батальён і брыгадны аркестар, а таксама блякаваць чыгуначны рух[1].

 
Удзельнікі параду на фоне партрэта Сталіна

Праходжаньне падразьдзяленьняў, якое адбылося на наступны дзень, Крывашэін апісаў так:

  У 16.00 я і генэрал Гудэрыян падняліся на невысокую трыбуну. За пяхотай пайшла матарызаваная артылерыя, потым танкі. На брыючым палёце пранеслася над трыбунай дзясятка два самалётаў. Гудэрыян, паказваючы на іх, спрабаваў перакрычаць шум матораў:

— Нямецкія асы! Каласаль! — крычаў ён. Я не ўтрымаўся і таксама крыкнуў у адказ:
— У нас ёсьць лепш!
— О, так! — адказаў Гудэрыян без адмысловай радасьці.
Потым ізноў пайшла пяхота на машынах. Некаторыя зь іх, як мне падалося, я ўжо бачыў. Відавочна, Гудэрыян, выкарыстоўваючы замкнёнае кола бліжэйшых кварталаў, загадаў мотапалкам дэманстраваць сваю моц некалькі разоў…
Нарэшце парад скончыўся.

 

—Кривошеин. Междубурье, с. 261[1]

Генэрал Гудэрыян апісвае падзеі ў сваіх мэмуарах наступным чынам:

  У якасьці весьніка набліжэньня расейцаў прыбыў малады расейскі афіцэр на бронеаўтамабілі, які паведаміў нам пры падыход іх танкавай брыгады. Затым мы атрымалі вестку аб дэмаркацыйнай лініі, усталяванай міністэрствам замежных справаў, якая, праходзячы па Бузе, пакідала за расейцамі крэпасьць Берасьце; такое рашэньне міністэрства мы лічылі невыгодным. Затым было ўстаноўлена, што раён усходняй дэмаркацыйнай лініі мусіць быць пакінуты намі да 22 верасьня. Гэты тэрмін быў настолькі кароткім, што мы нават не маглі эвакуяваць нашых параненых і падабраць пашкоджаныя танкі. Відаць, да перамоваў пра устанаўленьне дэмаркацыйнай лініі і пра спыненьне вайсковых дзеяньняў наогул ня быў прыцягнуты ніводны вайсковец.

У дзень перадачы Берасьця расейцам у горад прыбыў камбрыг Крывашэін, танкіст, які валодаў францускай мовай; таму я змог лёгка зь ім высьветліцца. Усе пытаньні, пакінутыя нявырашанымі ў палажэньнях міністэрства замежных справаў, былі здавальняюча для абодвух бакоў вырашаныя непасрэдна з расейцамі. Мы змаглі забраць усё, акрамя захопленых у палякаў запасаў, якія заставаліся расейцам, паколькі іх немагчыма было эвакуяваць за гэткі кароткі час. Наша знаходжаньне ў Берасьці скончылася разьвітальным парадам і цырымоніяй з абменам сьцягамі ў прысутнасьці камбрыга Крывашэіна.

 

—Гудериан. Воспоминания солдата[8]

У нямецкіх дакумэнтах

рэдагаваць

У экспазыцыі музэю Берасьцейскай крэпасьці прыводзіцца інфармацыя наступнага зьместу.

У Берасьці, як мае быць з данясеньня камандаваньня групы войскаў «Поўнач» 22 верасьня 1939 , «…адбыўся ўрачысты марш аднаго расейскага і аднаго нямецкага палкоў… Горад і Цытадэль перададзеныя ў сьвяточнай форме расейцам».

У фэдэральным вайсковым архіве ў Нямеччыне, у дакумэнтах вышэйшага кіраўніцтва другой танкавай групы знаходзіцца дакумэнт «Vereinbarung mit sowjetischen Offizieren über die Überlassung von Brest-Litowsk» («Дамоўленасьць з савецкімі афіцэрамі аб перадачы Брэст-Літоўска») датаваны 21.09.1939. У ім, у прыватнасьці, паказваецца:

14:00: Пачатак праходжаньня ўрачыстым маршам (Vorbeimarsch) расейских і нямецкіх войскаў перад камандуючымі абодвух бакоў з наступнай зьменай сьцягоў. У час зьмены сьцягоў музыка выконвае нацыянальныя гімны.

Сьцьверджаньні пра сумесныя парады ў іншых гарадах

рэдагаваць

У 80-х — 90-х гадах ХХ стагодзьдзя ў шэрагу працаў[9] прыводзілася інфармацыя пра тое, што сумесныя парады ПСЧА і вэрмахту праходзілі і ў іншых гарадах колішняй міжваеннай Польскай Рэспублікі.

Так, паводле працы расейскага гісторыка Міхіла Семірагі 1992 году выданьня, у Горадні, Берасьці, Пінску і ў шэрагу іншых гарадоў яшчэ да капітуляцыі Варшавы адбыліся сумесныя парады (немцы іх звалі «парадамі перамогі») з удзелам войскаў абедзьвюх краінаў. Парад у Горадні, пры гэтым, прымаў камандуючы вайсковай групай Васіль Чуйкоў[4].

Гісторык Аляксандр Некрыч піша:

Завяршэньне вайсковых апэрацыяў супраць Польшчы было адзначана потым сумеснымі парадамі ўзброеных сілаў Нямеччыны і Савецкага Саюзу ў Берасьці і ў Львове ў першых лічбах кастрычніка [1939][10].

Паводле інфармацыі нямецкага камандаваньня гэтыя гарады нямецкія часткі пакінулі 22 і 21 верасьня адпаведна[11].

Расейскія гісторыкі Алег Вішлёў і Міхаіл Мельцюхоў завуць парады ў іншых гарадах «мітам»[7][12]. Вішлёў таксама сьцьвярджае, што працэдура ўрачыстай перадачы Берасьця не была парадам, як яго апісвае шараговы статут ПСЧА 1938 году, а была «цырыманіяльным вывадам нямецкіх войскаў пад назіранньем савецкіх прадстаўнікоў»[12]. Такое ж меркаваньне выказвае іншы расейскі гісторык Аляксандар Дзюкаў[13].

  1. ^ а б в г д е Кривошеин С. М. Междубурье. — Воронеж: Центрально-Черноземное книжное издательство, 1964. — С. 250−262. — 15 000 ас.
  2. ^ Martin Kitchen A World in Flames: A Short History of the Second World War (анг.). — 1990. — С. 74. — ISBN 0582034086
  3. ^ first Raack Stalin's Drive to the West, 1938-1945. — 1995. — С. 58. — ISBN 0804724156
  4. ^ а б М. И. Семиряга. Тайны сталинской дипломатии. 1939—1941. — М.: Высшая школа, 1992. — 303 с.
  5. ^ Равяка Р. Як у Высокім немцаў у 1939 годзе сустракалі, Наша Ніва, 3 студзеня 2015 г.
  6. ^ (стр 1), (стр 2)  (ням.)
  7. ^ а б в Мельтюхов М. И. Советско-польские войны. Военно-политическое противостояние 1918—1939 гг. Часть третья. Сентябрь 1939 года. Война с запада — М., 2001.  (рас.)
  8. ^ Гудериан Г. Воспоминания солдата. Глава IV. Начало катастрофы. — Смоленск.: Русич, 1999.  (рас.)
  9. ^ Гл напр. Heller M., Nekrich A. Geschichte der Sowjetunion. Bd. 2. Königstein, 1982. S. 29-30; Pietrow B. Stalinismus. Sicherheit. Offensive: Das «Dritte Reich» in der Konzeption der sowjetischen Außenpolitik. Melsungen, 1983. Бережков В. М. Просчет Сталина, Международная жизнь. 1989. № 8. С. 19; Семиряга М. И. Тайны сталинской дипломатии. 1939—1941 гг. М., 1992. С. 101; Лебедева Н. С. Катынь: преступление против человечества. С. 34.; Некрич А. М. 1941, 22 июня. — М.: Памятники исторической мысли, 1995.
  10. ^ Некрич А. М. 1941, 22 июня. Советско-германское сотрудничество, 1939—1941. — М.: Памятники исторической мысли, 1995.
  11. ^ Gen Hubert Lanz, Gebirgsjaeger (Bad Nauheim, 1954). pp. 55-56. Kriegstagebuch des Generalkommandos XIX A. K. Der Feldzug in Polen, 1.9.39-25.9.39. P-250a. CRS cited in The German Campaign In Poland (1939) By Robert M. Kennedy Major, Infantry United States Army DEPARTMENT OF THE ARMY
    The Polish garrison of Lwow abruptly and unexpectedly surrendered to the 1st Mountain Division as it made ready to withdraw from its siege lines on 21 September. The occupation of the city was left to the Russians and the 1st Mountain Division moved westward toward the San with the rest of the XVIII Corps. The XIX Corps turned Brzesc over to the Red Army on 22 September in a formal ceremony in which both German and Russian units paraded. The corps then began its return to East Prussia.
  12. ^ а б Вишлёв О. В. Накануне 22 июня 1941 года. Документальные очерки. — М., 2001. — С. 108—109.  (рас.)
  13. ^ BBC: «Самый спорный парад Второй мировой войны», 24 августа 2009.  (рас.)

Фотаматэрыялы

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць