Саят-Нава
Сая́т-Нава́ (па-армянску: Սայաթ-Նովա; па-пэрсыдзку: سایاتنووا; па-грузінску: საიათ-ნოვა), псэўданім Аруцюна Саядзяна (па-армянску: Հարություն Սայադյան; 1712—1795) — армянскі паэт, музыка, ашуг, майстар любоўнай лірыкі.
Саят-Нава | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 14 чэрвеня 1712[1][2][3] |
Памёр | 22 лістапада 1795[1][2] (83 гады) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, кампазытар, сьпявак, ашуг |
Мова | армянская мова, азэрбайджанская мова і грузінская мова |
http://www.sayat-nova.am/ |
Жыцьцё і творчасьць вядомага паэта зьяўляецца прадметам дыскусіяў у асяродзьдзі літаратараў, мовазнаўцаў, гісторыкаў і філёзафаў. Тым ня менш, мноства важных акалічнасьцяў і падрабязнасьцяў яго жыцьця дагэтуль не да канца высьветленыя і ня вывучаныя. Шмат у чым, гэта віна самога паэта — вялікага майстра літаратурных містыфікацыяў, аўтара сваёй непаўторнай закадаванай мовы. Пэўных зьвестак засталося трохі — гэта выпадковыя факты зь песень паэта, старонкі рукапісных збонікаў, складзеных ім і яго сынам Аганам, рукапісы, перапісаныя Саят-Навой, пісьмовыя грузінскія крыніцы, успаміны сучасьнікаў, якія зналі яго асабіста, і паданьні. Паэт пісаў вершы на некалькіх мовах — армянскай, грузінскай, цюрскай і пэрсыдзкай.
Біяграфія
рэдагавацьПаходжаньне
рэдагавацьДасьледнікі называюць розныя даты нараджэньня паэта — 1712, 1717, 1722 гг. Найбольш верагоднай лічыцца дата, прапанаваная Георгам Ахвердзянам, першым біёграфам Саят-Навы, — 1712 год.
Саят-Нава нарадзіўся ў беднай сям’і, пры хрышчэньні атрымаў імя Аруцюн Саядзян (на тыфліскім дыялекцее армянскай мовы — Аруцін). Яго бацька, Махцесі Карапэт Саадзян быў уцекачом з Алепо, а маці — Сара, родам з Санаіна (поўнач Армэніі), вядомага сваім сярэднявечным кляштарам. Сям’я паэта жыла на Аўлабары, тагачаснай армянскай ускраіне Тыфліса. Бацька быў глыбока веруючым чалавекам: прыстаўка Махцесі да яго імя азначала, што ён зьдзейсьніў паломніцтва ў Ерусалім. Адзінага меркаваньня аб месцы нараджэньня паэта няма, лічылася што Саят-Новая нарадзіўся і вырас у Тыфлісе.
З часам сталі вядомыя сьведчаньні грузынскага царэвіча, чальца Расейскай акадэміі навук, Тэймураза Баграціёні (1782—1846): Саят-Нава «быў родам з Санаіна — вёскі ўдзельнага маёнтка царэвіча Георгія, з армянаў, якія пражывалі ў Грузіі». З словаў Тэймураза, будучы паэт быў прыгонным бацькі Тэймураза, Георгія (пазьней — грузынскага цара Георгія XIII). Таму існуе вэрсія (М. Асрацян) пра Санаін, як месца нараджэньня паэта. На карысьць гэтай вэрсіі кажа і тое, што маці паэта, прыгонная царэвіча Георгія, была родам з Санаіна.
Дзяцінства і юнацтва
рэдагавацьЗь дзяцінства хлопчык выяўляў незвычайныя здольнасьці і цягу да музыкі і вершаскладаньня. У дзяцінстве ён пачаў пісаць свае першыя вершы, вучыўся гуляць на ўсходніх музычных інструмэнтах, складаў песьні на ўласныя вершы.
Невядома, ці меў Саят-Нава пачатковую адукацыю. Артаграфічныя і граматычныя памылкі, якія дасьледнікі знаходзілі ў рукапісных зборніках песень, перапісаных Саят-Навой, кажуць аб тым, што, хутчэй за ўсё, ён не атрымаў сыстэматычнай школьнай адукацыі (Г.Асатур, П.Севак). Па іншай вэрсіі (Налбандзян У. З.), лічыцца, што пачатковую адукацыю ён атрымаў у школе пры армянскім кляштары ў Санаіне. Саят-Новая валодаў каўкаскімі мовамі — армянскай, грузінскай, цюрскай (азэрбайджанскай), іх дыялектамі, а гэтаксама фарсі, і бэлуджскай.
Аднак яго адоранасьць не абяцала заробкаў, сям’я жыла бедна, і Аруцюна яшчэ ў дзяцінстве аддалі вучыцца рамяству ткача. На думку Георга Ахвердзяна, і ў гэтым Саят-Нава выявіў свой геній. Ён вынайшаў партатыўны ткацкі станок, дзякуючы якому мог займацца рамяством дома. У той час ткачы працавалі на вуліцы — грувасткія станкі займалі шмат месцы. У далейшым, на працягу ўсяго свайго сьвецкага жыцьця, ён карміў сям’ю менавіта ткацтвам.
Ашуг
рэдагавацьСаят-Нава пакінуў ткацкае рамяство і стаў ашугам, нягледзячы на тое, што заробак у прадстаўнікоў гэтай прафэсіі быў вельмі нестабільным. Усё больш часу ён прысьвячаў народнай асьвеце як сьпявак-паэт. У вершаванай форме на трох мовах ён апяваў пачаткі жыцьцёвай мудрасьці, маралі, асуджаў распушчанасьць і ганарлівасьць ўладароў сьвету. Цікава тое, што яго песьні на розных мовах ні сэнсам, ні формай ніколі не паўтаралі, а толькі дапаўнялі адна адну.
«Я — Саят-Нава!» — так ён назваў сам сябе. Значэньне гэтага імя стала падставай для спрэчак, дасьледнікамі было прапанавана мноства варыянтаў: «Знакаміты паляўнічы», «Новы настаўнік», «Цар сьпеваў», «Уладар музыкі», «Выкрадальнік сэрцаў песень». Усе яны былі адпрэчаныя, і найболей дакладным і прымальным стала лічыцца этымалёгія «Унук Саяда» або «Саядзян». Аднак народ і цяпер заве Саят-Нову «Цар сьпеваў».
Прыдворны сьпявак
рэдагавацьЧуткі аб таленце і папулярнасьці маладога ашуга дайшлі і да палаца грузынскага цара Іраклія II. У тыя часы Саят-Нава быў прыгонным у царэвіча Георгія і ўваходзіў у яго сьвіту. Існуюць вэрсіі знаёмства паэта і цара. Па адной зь іх, Саят-Нову выкралі лезгіны падчас набегу на Тыфліс, а Іраклій II змог яго выкупіць у Турэччыне, на традыцыйным рынку нявольнікаў, або на шляху туды. Тады Саят-Нава альбо быў ужо вядомым ашугам, альбо Іраклій II стаў першым, хто ацаніў яго талент належным чынам і ўвёў у свой двор. Па іншай вэрсіі, Саят-Нава мог удзельнічаць ва ўсходнім паходзе Надыр-шага ў сьвіце Іраклія II, бо ў вершах паэт кажа пра Аўганістан і Бэлуджыстан як відавочца (І. Сьцепанян).
Цар запрасіў Саят-Нову да сабе прыдворным паэтам і сазандарам. Менавіта зь яго пачалася традыцыя грузынскага ашугства, бо да гэтага часу пры двары было прынята сьпяваць на пэрсыдзкай мовае — найбольш распаўсюджанай мове пэрсыдзкай ашускай школы.
Спачатку цар Іраклій быў вельмі добразычлівы з Саят-Навой. Сам ашуг распавядаў, што перад ім ня толькі былі адчыненыя ўсе дзьверы, яго ня толькі запрашалі дзеля дасьціпнасьці, ён таксама прымаў удзел у сьвецкіх справах. У якіх сапраўды — дакладна не вядома, хоць ёсьць зьвесткі, што Іраклій II адпраўляў яго ў Турэччыну з дыпляматычнай місіяй (І. Сьцепанян). Па сьведчаньнях вядомага літаратуразнаўцы 2-ой паловы XIX і 1-ой чвэрці ХХ стагодзьдзі Мтацміндэлі (літаратурны псэўданім Захара Чычынадзэ), цар пакінуў без увагі скаргу князёў на зьедлівы верш Саят-Новыя пра прыгон і іх просьбу забараніць яму пісаць.
Але нягледзячы на розум і талент паэта, на добразычлівае стаўленьне цара, яго жыцьцё не былo бесклапотным. Зайздросьлівыя і напышлівыя прыдворныя, бяздарныя паэты, часта з шляхетных родаў, высьмейвалі паходжаньне Саят-Навы, імкнуліся прынізіць, абгаварыць яго, абы толькі пазбавіцца ад таленавітага, але дзёрзкага прыгоннага. Слова было яго рамяством, і справакаваць яго зьедлівай сатырай было вельмі лёгка. У выніку, зайздрасьць прыдворных і іх паклёпы дасягнулі сваёй мэты, і Саят-Наву выгналі з царскага двара.
Выгнаньне паэта таксама зьвязваюць з каханьнем да сястры Іраклія II Аньні Батонішвілі (Г.Асатур, П.Севак, Г.Бахчынян). Быццам бы аб гэтым сьведчыць багацьце любоўнай лірыкі, якая, як лічыцца, апявае каханьне паэта менавіта да гэтай жанчыны (сам паэт указвае на яе ў паэзіі). Але сьведчаньняў сучасьнікаў няма, бо ніхто зь іх ня ведаў аб гэтым рамане. Гэтая вэрсія здаецца некаторым навукоўцам сумнеўнай, падобнай на помсту прасталюдзіна арыстакрату. Па іншай вэрсіі(А. Асланян), гэтай жанчынай была дачка Іраклія II. Але ў любым разе, кім бы ні была гэтая таямнічая жанчына, большасьць дасьледнікаў схіляюцца да таго, што трагічнае каханьне наклала адбітак на яго лёс.
Вэрсія аб выгнаньні ашуга толькі з-за каханьня да жанчыны ня ўсім навукоўцам здаецца праўдзівай, бо праз 2—3 гады Іраклій ІІ зноў вярнуў яго да двара. Хутчэй за ўсё, гэтая гісторыя стала вядомая цару праз гады і, магчыма, стала галоўным чыньнікам канчатковага аддаленьня Саят-Навы ад двара і наступнага перасьледу. Пасьля выгнаньня душэўныя пакуты паэта ўзмацняюцца, ён драматычна хвалюецца з-за расстаньня з каханай.
Гады ў кляштары і сьмерць
рэдагавацьУ адносінах паміж прыдворнымі і Саят-Навой, які іх бязьлітасна крытыкаваў, нічога не зьмянілася і пасьля вяртаньня ашуга да двара. Але гэтым разам Іраклій II, паддаўшыся інтрыгам, ня даў паэту апраўдацца і канчаткова выгнаў яго. Ворагі Саят-Навы дамагліся большага — яны пераканалі Іраклія сілай пастрыгчы паэта ў манахі. Яго выслалі ў армянскую царкву Анзалі, у пэрсыдзкай правінцыі Гілян, дзе ён прыняў духоўнае імя Сьцепанос. Празь некаторы час яму дазволілі вярнуцца ў Грузію. Саят-Нава працягнуў службу прыхадзкім сьвятаром у паселішчы Кахі. Але на гэтым яго няшчасьці ня скончыліся. У 1768 годзе памерла жонка Мармар, якая нарадзіла яму двух сыноў, Агана і Мэліксэта, і дачок — Сару і Марыям. Яму быў падараваны сан вардапэта (навукоўца-манаха), пасьля чаго ён быў высланы ў Ахпацкі кляштар у Лоры, на тэрыторыі Паўночнай Армэніі. Паводле іншай вэрсіі, паэт сам адмовіўся ад сьвецкага жыцьця і пастрыгся ў манахі (І. Сьцепанян).
Нягледзячы на строгія правілы манаскага жыцьця Саят-Новая працягнуў сваю творчую дзейнасьць. Не спыніў ён і кантактаў з вонкавым сьветам і сваімі слухачамі, працягваючы спаборнічаць у ашускім майстэрстве.
У верасьні 1795 году, даведаўшыся аб наступе пэрсыдзкага шага Ага-Мухамада Каджара на Грузію і яго набліжэньне да Тыфліса, Саят-Нава сьпешна адправіўся з кляштара ў сталіцу, дзе знаходзіліся яго дзеці, і адправіў іх на Паўночны Каўказ, у Маздок, а сам застаўся ў Тыфлісе. Пэрсыдзкія войскі ўварваліся ў горад, рабуючы і забіваючы жыхароў. Разам з шматлікімі іншымі хрысьціянамі Саят-Нава шукаў прытулак у царкве сьвятога Геворга пад Мэц-Бэрдо. Пэрсыдзкія салдаты засьпелі яго тамака падчас малітвы, яны запатрабавалі выйсьці з царквы і зрачыся ад сваёй веры. Але Саят-Нава адмовіўся і загінуў.
Паэтычная і музычная спадчына
рэдагавацьТворчасьць Саят-Навы адкрыў прыхільнік армянскай літаратуры і зьбіральнік народных песень Георг Ахвердзян (Ю. Ф. Ахвердаў, 1818—1861), які выдаў першую складанку яго вершаў у Маскве ў 1852 годзе. Пазьней вышлі «Выбраныя вершы» (Баку, 1914), «Поўны збор вершаў» на армянскай мове (Ерэван, 1932).
З усёй літаратурнай спадчыны ў пісьмовым выглядзе захаваўся толькі Давтар («Сшытак»); да яго дадаюць запісы, зробленыя сынам Аганом (Янам Сэідавым) па замове грузынскага царэвіча Тэймураза (1782—1846), які асабіста ведаў Саят-Наву. Па дадзеных дасьледнікаў, да нашчадкаў дайшлі 230 твораў Саят-Навы (60 — на армянскай мове, 34 — на грузынскай, 115 — цюрскай; па дадзеных Е. Марцірасяна 1937 году).
Музыка захавалася дзякуючы вядомаму кампазытару і музыказнаўцу Мушэгу Агаяну (1888—1966) і сьпеваку Шары Таляну, якія зьбіралі ў вёсках ягоныя песьні. Вядома, пераходзячы ад сьпевака да сьпевака, песьні Саят-Навы зазналі зьмяненьні, але ў іх захавалася яго складаная музычная стылістыка.
Цэнтральнае месца ў творчасьці Саят-Навы займала сацыяльная і любоўная лірыка.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьУ памяць аб вялікім паэце, традыцыйнае сьвята Вардатон (з армянскага — сьвята ружаў), якое штогод праводзіцца ў траўні, у Тбілісі адзначаюць у магілы Саят-Навы. Пачатак гэтай традыцыі было пакладзена ў 1914 году паэтам Аванэсам Туманянам і мастаком Геворкам Башынджагянам (1857—1925). Прыхільнікі творчасьці Саят-Навы прыходзяць да яго магілы ў двары армянскай царквы Сурб Геворк зь ярка-чырвонымі ружамі на грудзі. Гэта сьвята высокай паэзіі і чарадзейнай музыкі.
У 1967—1968 гадах вядомы кінарэжысэр Сяргей Параджанаў стварыў свой вядомы шэдэўр — фільм «Саят-Нава», які выйшаў на экраны толькі ў 1970-ым годзе з значнымі купюрамі. Перароблены, па патрабаваньні Дзяржкіно СССР, рэжысэрам Сяргеем Юткевічам Юткевіч, ён стаў называцца «Цьвет граната».
На беларускую мову асобныя яго вершы пераклалі Хведар Жычка, Нэлі Тулупава.
Літаратура
рэдагаваць- Брюсов В. Поэзия Армении. — Москва, 1916, с. 59-64.
- Лавонян Г. Там ты — Саят-Нова, жизнь и литературная деятельность
- Леонидзе. Ашуг Саят-Нова, Тифлис, 1930. (груз.)
- Макинцян П. Статья-предисловие к «Полному собранию стихотворений» Саят-Новы, Эривань, 1932.
- Налбандян, В. Саят Нова. Ереван, 1987.
- Саркисян, Х. Саят Нова. Ереван, 1963.
- Севак, П. Слуга народа, певец любви // Литературная Армения, 1963, № 10, с. 51—65.
- Севак, П. Саят Нова. Ереван, 1969 (2-е изд. 1987).
- Сурхатян. Литературные перлы, т. I. — Тифлис, 1932.
- Сурхатян. Саят-Нова // Нор-Ашхар, 1922, № 1, с. 97-98.
- Dowsett, Ch. J. F. Sayat'-Nova: An 18th-century troubadour. A biographical and literary study. Leuven: Peeters Publishers, 1997.
- Mouradian Elisabeth et Venturini Serge, Sayat-Nova Odes arméniennes, Edition bilingue, L’Harmattan, Paris 2006.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Sayat-Nova // SNAC (анг.) — 2010.
- ^ а б Sayat Nova // Find a Grave (анг.) — 1996.
- ^ Sayat-Nova // International Music Score Library Project — 2006.
- ^ Мкрян М. М. Саят-Нова // Краткая литературная энциклопедия (рас.) — Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 6. — С. 694—695.