Рассказы на белорусском наречии (1863)

«Рассказы на белорусском наречии» (бел. Апавяданьні на беларускай гаворцы) — выдадзеная ў 1863 годзе ўладамі Расейскай імпэрыі кніга да чытаньня ў расейскіх народных вучэльнях на тэрыторыі анэксаванага Вялікага Княства Літоўскага, у якой гістарычным ліцьвінам навязваўся ідэалягічны штамп расейскага імпэрыялізму дзеля абгрунтаваньня прынцыпаў іх русіфікацыі і асыміляцыі[1].

«Рассказы на белорусском наречии»

Гісторыя

рэдагаваць
Асноўныя артыкулы: Летувізацыя і Русіфікацыя Беларусі

Кнігу надрукавалі ў 1863 годзе на загад папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Аляксандра Шырынскага-Шыхматава(ru) вялікім накладам[2]. Тым часам у прадстаўленьні Шырынскага-Шыхматава да кіраўніка Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі Аляксандра Галаўніна(ru) (1862 год) адзначалася, што адной з мэтаў адкрыцьця школаў на Жамойці (пад якой найперш разумелася этнічна летувіская Ковенская губэрня) мусіць быць умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці зь бесьперапынным пераконваньнем тамтэйшых сялянаў, што яны жамойты і літоўцы (ліцьвіны) і што ўлады Расейскай імпэрыі жадаюць не русіфікаваць іх, а наблізіць іхныя інтарэсы да інтарэсаў Расеі[3]:

  На Жамойці — умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці, зусім не варожай Расеі і ўраду ў ніжэйшых пластах насельніцтва, і бесьперапыннае ўнушэньне сялянам, што яны не палякі, а жамойты і літоўцы, і што Расея не жадае зусім русіфікаваць іх, а хоча толькі зблізіць іх інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы.  

—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 22.

Выдавалася за зборнік ананімных «народных» твораў. У першым творы «Кто булы наши найдавнійшіи диды и якая их була доля до уніи?» аўтар (відаць, Міхаіл Каяловіч[4]) апавядае пра «літоўскую заваёву Беларусі»[a], называючы «ліцьвінамі» летувісаў[5], у другім творы праводзіцца думка, што «нашы дзяды былі рускімі, але сталі над імі панаваць літоўцы (то бок літоўцы і жмудзіны[b]) і палякі ды прымусілі прыняць унію, каб ператварыць нас у палякаў і католікаў»[4], трэці твор «Великая помылка наших белорусов» заканчваецца заклікам, што «Русскими, а не Поляками мы повинны называтца»[6], у чацьвертым творы прапагандуецца навучаньне дзяцей у расейскіх школах[1].

  1. ^ Хоць супольнае жыцьцё беларусаў з «заваёўнікамі» ў гэтым творы падаецца досыць станоўча[5]
  2. ^ Наши отцы и дзяды были Русскиe; тольки не завсегды над ими пановали свои родные Русские князя. Упярод над ими пановали Русские князи, потом стали пановаць над ими князя Литовцев т. е. князя, тых самых Литовцев и Жмудзинов, што живуць з нами
  1. ^ а б Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 11.
  2. ^ Латышонак А. Гутарка «царкоўнага старасты Янкі» з «Яськам гаспадаром з-пад Вільні» // Дзеяслоў. № 9 (2), 2004. С. 196—212.
  3. ^ Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 22.
  4. ^ а б Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 9.
  5. ^ а б Токць С. Абуджэнне заходнерусізму ў інтэграцыйным канструктывізме А. Бендзіна // Беларускі гістарычны агляд. Т. 13, сш. 2 (снежань 2006). С. 388—419.
  6. ^ Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 10.