Раман Пентка
Раман Пентка (па-польску: Roman Piętka; 7 лістапада 1937, в. Новая Астралэнка, Мазавецкае ваяводзтва, Польшча — 26 сакавіка 2011, Люблін, Польшча) — польскі і беларускі грэка-каталіцкі дзяяч.
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіць з польскай рымска-каталіцкай сям’і. Імя пры нараджэньні — Рышард. У 1953 годзе паступіў у навіцыят марыянаў у Скужцы, затым вучыўся ў Рыме, Русікуме. Жыў у кляштары ў Гетжвалдзе. Вывучаў філязофію й тэалёгію. Пад уплывам беларускага сьвятара Тамаша Падзявы зацікавіўся ўніяцтвам. У 1964 ва Ўлацлавэку высьвячаны на сьвятара беларускім грэка-каталіцкім біскупам-марыянінам Чаславам Сіповічам. У 1965—1970 вывучаў клясычную філялёгію на Гуманістычным факультэце Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту.
У 1966 атрымаў дазвол на служэньне ў бізантыйскім абрадзе. Ад 1969 парах нэаўніяцкае парафіі сьвятога Мікіты ў Кастамлотах, адзінай на Падляшшы каталіцкай парафіі ўсходняга абраду, што ацалела пасьля Другой сусьветнай вайны. У 1982—1995 выкладчык грэцкай і лацінскай моваў у Духоўнай сэмінарыі марыянаў у Любліне й на Тэалягічным факультэце Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту. У 1998 узьведзены ў сан архімандрыта, тады ж узнагароджаны мэдалём Ecclesiae Populoque servitium praestanti.
За час свайго душпастырства ў Кастамлотах стварыў Санктуарыюм Падляскіх мучанікаў, адрамантаваў старую драўляную царкву, спрычыніўся да рэстаўрацыі старажытных абразоў (у т. л. абраз сьв. Мікіты з 1631 году). Пры парафіі быў створаны Міжнародны экумэнічны цэнтар Nicetianum. Ладзіў вялікія царкоўныя ўрачыстасьці з нагоды 400-х угодкаў Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 і ўстанавіў памятны знак. Папулярызатар гісторыі Уніі, усходняга каталіцтва і духоўнасьці хрысьціянскага Ўсходу ў Польшчы, шмат выступаў у друку і на тэлевізіі. З гэтымі мэтамі ў 2007 ўпершыню падрыхтаваў і выдаў па-польску «Menologion» (Месяцаслоў) — грэка-каталіцкі каляндар літургічнага ўспаміну сьвятых Усходняй Царквы.
У 1990-я прыяжджаў у Беларусь для душпастырскай апекі беларускіх католікаў бізантыйскага абраду, у прыватнасьці служыў для грэка-каталіцкай супольнасьці ў Берасьці. На працягу многіх гадоў гасьцінна прымаў у сваёй парафіі беларускіх грэка-каталіцкіх пілігрымаў і ўдзельнікаў летнікаў для моладзі. У яго парафіі праходзілі практыку многія сэмінарысты і маладыя сьвятары БГКЦ.
1 верасьня 2007 адышоў на пэнсію з пасады параха Кастамлоцкай парафіі. Жыў у Марыянскім доме навукі імя сьвятых Кірылы й Мятода ў Любліне. Памёр 26 сакавіка 2011 у Цэнтры анкалогіі ў Любліне.
Папярэднік Аляксандар Прылуцкі |
Парах каталіцкай парафіі бізантыйска-славянскага абраду ў Кастамлотах 1969-2007 |
Наступнік Зьбігнеў Ніканюк |
Літаратура
рэдагаваць- Menologion — каляндар літургічнага ўспаміну сьвятых Усходняй Царквы. // Царква. № 3 (54), 2007
- Новы дышпастыр у Кастамлотах. // Царква. № 3 (54), 2007