Пінскае гарадзішча
Пінскае гарадзішча — помнік археалёгіі XI—XIII стагодзьдзяў у Пінску, у межах вуліцаў Горкага, Першамайскай, усходняй мяжы пл. Леніна, на левым беразе ракі Піна
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 113В000532 |
Гарадзішча старажытнага Пінска месьцілася на левым узвышаным беразе Піны пры ўпадзеньні яе ў Прыпяць, складалася зь дзяцінца і вакольнага гораду.
Паводле пляну гораду 1794 году, дзяцінец плошчай каля 1,75 га меў авальную форму, па пэрымэтры быў умацаваны абарончымі валамі, у паўночнай яго частцы разьмяшчалася, верагодна, абарончая вежа, якая прыкрывала ўезд. З паўднёвага боку лінія валоў перарывалася; магчыма, схілы дзяцінца, што спускаліся да ракі, былі дастаткова абаронены прыроднымі перашкодамі.
Дзяцінец быў абкружаны дугападобным шырокім ровам, які ўпіраўся абодвума канцамі ў раку. У 1926—1928 гадах у рове месьціўся гарадзкі рынак, для пашырэньня рынкавай плошчы ўсходнія і паўночныя схілы дзяцінца былі зрэзаны. На ўсходнім і паўночным участках рову схілы былі тэрасаваны, дно прысыпана і зьнівэліравана. Заходні і частка паўночнага ўчасткаў рову забудаваны, разараны і сёньня ўяўляюць сабой шырокую нізіну глыбінёй да 4-6 м, па дне якой пракладзена вуліца. Пры пашырэньні гарадзкой плошчы паўночны ўчастак рову быў засыпаны, усходні схіл пашкоджаны, на дзяцінцы пабудаваны шматпавярховы дом.
Абарончы вал у 1962 годзе прарэзаны раскопам (дасьледаваў Баян Міралюбаў). Яго шырыня ў аснове перавышае 20 м, вышыня часткі, што захавалася, 2,5 м. Са зьнешняга боку валу выяўлены некалькі пасьлядоўных падсыпак, каля ўнутранага боку на пляцоўцы гарадзішча ёсьць паглыбленьне шырынёй каля 10 м, глыбінёй да 1 м. На мацерыку сабраны фрагмэнты керамікі XI стагодзьдзя.
У 1954 годзе, у час земляных работ ускрыты канструкцыі з паралельных драўляных сьцен, злучаных папярочнымі пярэчкамі так, што ўтвараліся квадратныя клеткі памерам 1,5 х 1,5 або 2 х 2 м. Верагодна, яны прызначаліся для ўмацаваньня землянога валу ад апаўзаньня. Глыбіня рову ў паўночнай частцы дзяцінца дасягала 9 м (на такую глыбіню ў 1962 годзе быў закладзены фундамэнт дому на месцы рову).
У 1961 годзе Якаў Бібікаў і Баян Міралюбаў праводзілі раскопкі дзяцінца. Сярод знаходак — шмат фрагмэнтаў шкляных бранзалетаў, амфар, шыфэрных прасьліц, тачыльных брускоў, а таксама жалезныя нажы, замкі, сярпы, шпоры, крэсіва, пісала, цёслы, дужкі ад вядра, драўляныя донцы і клёпкі ад бочак, дзьвярныя засаўкі, рыдлёўкі, фрагмэнт ільнамялкі, матыка, малаток, кавалкі скуранога абутку і іншае.
У XIV—XVIII стагодзьдзях на тэрыторыі гарадзішча існаваў замак.
Літаратура
рэдагаваць- Археалогія Беларусі: Энцыкл. У 2 т. Т. 2: К — Я. — Мн.: БелЭн,